<p><span style="font-size: small;">Чаму першая газета ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім выйшла менавіта ў Гродне? Калі ў нашым горадзе з’явілася абавязковая падпіска? Дзе знаходзіліся падпольныя рэдакцыі і друкарні? Пра што пісаў Васіль Быкаў у «Гродзенскай праўдзе»? Пра гэта і іншае вы даведаецеся пад час экскурсіі па журналісцкім Гродне</span></p>

Як паведамляе «Трэці сектар»:

Чаму першая газета ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім выйшла менавіта ў Гродне? Калі ў нашым горадзе з’явілася абавязковая падпіска? Дзе знаходзіліся падпольныя рэдакцыі і друкарні? Пра што пісаў Васіль Быкаў у «Гродзенскай праўдзе»? Пра гэта і іншае вы даведаецеся пад час экскурсіі па журналісцкім Гродне.

Яе аўтар – краязнавец і экскурсавод з вопытам Віктар Кірэеў.

Спадар Віктар, у нас папулярныя экскурсіі «Храмы Гродна», «Замкі Гродна». Самае незвычанае, што я бачыла, – «Нефармальны Гродна» – пра першыя андэграўдныя рухі і асяродкі. «Гродна журналісцкі» – ці не прыцягнута гэта тэма «за вушы»?

– Абсалютна не прыцягнута. Першая газета, якая выйшла на землях Беларусі і ўсяго Вялікага княства Літоўскага, называлася Awizy Grodzie?skie – 70-я гады XVII стагоддзя. Авіза – гэта слова і цяпер ужываецца, але ў вузкай банкаўскай сферы. Сёння гэта значыць банкаўскае паведамленне. Звесткі пра гэту газету ёсць нават у энцыклапедыі «Гісторыя Беларусі». Але не шукайце ў першым томе на літару «А», бо гэта ў дапаўненні. Трэба шукаць у шостым томе: там ёсць фатаграфія экзэмпляра гэтай газеты, зробленая з асобніка 90-х гадоў XVII стагоддзя. Чаму ў гэтыя часы пачынаюцца перыядычныя выданні менавіта ў Гродне? Як вядома, тут з 1673 года праводзіліся соймы Рэчы Паспалітай. Паслы, шляхта павінны былі ведаць апошнія падзеі ў краі і за мяжой.

Awizy Grodzie?skie выходзілі рэгулярна ці толькі да соймаў?

– Цяпер гэта цяжка сказаць. Здаецца, захаваўся толькі адзін асобнік выдання ў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта. Там адзін з нашых беларускіх даследчыкаў яго адшукаў (Яўген Скрабоцкі. – Заўв. аўт.) Awizy выглядалі як газеты таго часу: лісток паперы, набліжаны да сучаснага А4, друкаваны тэкст з абодвух бакоў без ілюстрацый, без падзагалоўкаў.

Калі рухацца храналагічна, як развіваліся медыі ў Гродне далей?

– Вядома, гэта праца мела перапынкі. У перыяд Паўночнай вайны, я думаю, у нас ніякіх выданняў не было. Пасля ўсё прыйшлося аднаўляць з нуля. І гэты час прыйшоўся на рэформы знакамітага Антонія Тызенгаўза. Яго актыўная дзейнасць не магла абысціся без газеты. У 1776 годзе пачынаецца выданне Gazety Grodzie?skiej. Доўгі час яна лічылася старэйшай на беларускіх землях. Але цяпер вы ведаеце, што было яшчэ больш старое выданне. Таксама быў Kurier Litewski. Былі і іншыя польскамоўныя выданні. Калі горад далучылі да Расійскай імперыі, яны паступова закрываліся. Часам з-за эканамічных прычын, часам па рашэнні царскай ўлады.

І тады ж засноўваюць так званыя «Гродненскія губернскія въдомости»?

– Так. Ва ўсіх губернях акдрылі па сваёй газеце. Спачатку гэты было чыста афіцыйнае выданне. З сярэдзінны ХІХ стагоддзя выходзіць дадатак з рознымі статыстычнымі, навуковымі, краязнаўчымі звесткамі, аб’явамі. Так было да рэвалюцыі 1905 года. Яна была падаўлена, але стала магчыма выдаваць не толькі афіцыйныя газеты. У нас выходзіла газета «Голос Гродно» на рускай мове. Пад час нямецкай акупацыі ў І Сусветную ўсе рускамоўныя выданні былі альбо эвакуяваны ў глыб Расіі, як «Губернскія ведамасці», альбо проста перасталі выходзіць. У той час з’явілася нямецкая газета Grodno Zeitung («Гродзенская газета». – Заўв. аўт.). Што цікава, калі выбухнула рэвалюцыя (не тая 1917 года ў Петраградзе) 1918 года ў Берліне, дайшлі пэўныя вольнасці і сюды. Вядома, што ў 1919 годзе было 5-6 беларускіх выданняў: «Беларус», «Бацькаўшчына», «Беларускі народ». Рускамоўны «Голос Гродно» аднавіўся. На мове ідыш выходзіла прэса. На жаль, гэтая гісторыя добра не даследавана. Затым была і польскамоўная прэса, былі і падпольныя газеты КПЗБ. Усё скончылася ў 1939 годзе. Разам з прыходам Чырвонай Арміі сталі выдаваць газету, якая мела цікавую назву – «Свабодная Беларусь». А ў Беластоку пачалі выдаваць «Беластоцкую праўду». Менавіта ад яе пачалася гісторыя сённяшняй «Гродзенскай праўды». Калі ў 1944 годзе выйшаў першы нумар «ГП», то нумар па парадку быў пастаўлены 580, здаецца, бо палічылі нумары «Беластоцкай праўды».

Яшчэ пра пачатак ХХ стагоддзя. Уздым нацыянальнага адраджэння, росквіт беларускага друку, вядомая «Наша Ніва», у якой было багата інфармацыі менавіта з Гродна. Хто туды пісаў? Ці былі тады такія з’явы як уласныя карэспандэнты?

– Тагачасная «НН» не мела такіх магчымасцяў, каб усюды трымаць сваіх карэспандэнтаў, як зараз кажуць штатных. Людзі – адукаваныя, неабыякаваыя, якія цікавіліся навакольным светам, самі туды пісалі. З большага мы ведаем, хто былі тыя людзі. Пазней яны ў той ці іншай якасці прымалі ўдзел у нацыянальным руху.

Падыходзячы да найноўшага часу, хачу спытаць пра так званыя самвыды. Гродзенскі журналіст Валер Задаля меў ідэю цэлую выставу з такіх газет зладзіць. Якое месца вы аддалі б гэтым «самаробным» газетам у гісторыі нашай перыёдыкі?

– Гэта ідэя паважанага Валера Задалі не была ажыццёўлена ў свой час, а шкада. Напэўна, гісторыкі ва ўніверсітэце сказалі б: «гэта тэма не дысертабельна», але я лічу, што самвыды – каштоўная крыніца ведаў пра наш час.

Пра якія эпізоды з сучаснасці яшчэ будзеце расказваць на экскурсіі?

– У пачатку 90-х тут было многа цікавага. Славутыя газеты «Пагоня», «Біржа інфармацыі». Прыгода з Шараметам (у 1997 годзе журналіст Павел Шарамет трапіў у гродзенскую турму пад час здымак рэпартажа каля беларуска-літоўскай мяжы. – Заўв. аўт.). Адным словам, запрашаю!