<p><span style="font-size: small;">Аб гэтым пад час наведвання Слуцка паведаміў міністр культуры Беларусі Павел Латушка<strong></strong></span></p>

Як паведамляе «Мінская праўда»:

Аб гэтым пад час наведвання Слуцка паведаміў міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

— Зразумела, што сімвалам Слуцка па праву з’яўляюцца слуцкія паясы, але разам з тым яны сімвал і ўсёй Беларусі. Некалькі дзён таму ў Савеце Міністраў адбылася нарада, на якой абмяркоўваліся падыходы да адраджэння вырабу слуцкіх паясоў. Нагадаю, што гэта даручэнне прэзідэнта нашай краіны. Вынікам нарады стала рашэнне аб распрацоўцы Міністэрствам культуры Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця народных промыслаў «Слуцкія паясы». Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, якому належыць фабрыка «Слуцкія паясы», агучыла інфармацыю, што першыя слуцкія паясы павінны з’явіцца да канца сёлетняга года — да гэтага часу будзе адноўлены іх выраб. Для беларускай культуры такі крок асабліва значны, бо фактычна слуцкі пояс з’яўляецца нашым нацыянальным брэндам, — адзначыў пад час сустрэчы з вучнямі Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Павел Латушка.

Акрамя таго, міністр падкрэсліў асаблівую значнасць самога горада не толькі для Беларусі:

— Слуцк займае выключнае месца ў культуры і гісторыі Беларусі. Мы па праву можам паставіць яго ў шэраг такіх славутых гарадоў, як Полацк, Навагрудак, Брэст. Яшчэ ў 1441 годзе горад атрымаў магдэбургскае права, фактычна еўрапейскую сістэму самакіравання, якая прадастаўлялася толькі ў выключных выпадках. Шмат выбітных постацей для нашай гісторыі і культуры нарадзілася менавіта на Слуцкай зямлі — Сафія Слуцкая, Ілья Капіевіч, стваральнік графічнага малюнка кірылічнага алфавіта, якім мы карыстаемся да гэтага часу. Узгадайце і ўладальніка горада Януша Радзівіла, які адкрыў гімназію, што выхавала дзясяткі высокаадукаваных асоб, якія плённа працавалі на карысць нашай радзімы.

Дарэчы, гімназію гэтую называлі «Слуцкімі Афінамі», і шэраг еўрапейскіх універсітэтаў падтрымліваў з ёю зносіны. Пісьменнік XIX стагоддзя, адзін з пачынальнікаў новай нацыянальнай беларускай літаратуры Альгерд Абуховіч – са Слуцка. Распрацоўшчык касмічнай тэхнікі ў часы Савецкага Саюза Сямён Косберг – таксама, і гэта далёка не ўсе! Мне падаецца вельмі важным, каб людзі, што жывуць на гэтай зямлі, разумелі і ганарыліся сваёй Айчынай, гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны, сённяшнім днём сваёй краіны і працавалі дзеля яе будучыні.

Міністр засяродзіў увагу і на прыярытэтах развіцця культуры Беларусі, сярод найбольш значных кірункаў выдзеліў выхаванне нацыянальнай свядомасці грамадзян і развіццё рэгіянальнай культуры.

— Нам не трэба ствараць легенды. Беларусам не варта гэтага рабіць, выдатная гісторыя ў нас ёсць, яе трэба проста ведаць, ганарыцца і карыстацца ёю. Нацыянальны Алімп культуры любой краіны свету немагчыма ўявіць без падтрымкі развіцця рэгіянальнай культуры. Грамадзянін нашай краіны, незалежна ад таго, жыве ён у раёне, вёсцы, абласным цэнтры ці сталіцы, павінен мець магчымасць атрымліваць культурныя даброты, паслугі, — падкрэсліў Павел Латушка. — Міністэрства і надалей будзе працаваць над тым, каб кожны беларус меў магчымасць наведаць тэатр, схадзіць у кіно, музей, на канцэрт, чытаць добрыя кнігі.