<p>Старшыня Мінгарвыканкама пацвердзіў факт перамоваў пра магчымасць зносу вакзала</p>

Старшыня Мінгарвыканкама пацвердзіў факт перамоваў пра магчымасць зносу вакзала, паведамляе "Наша ніва".

На мінулым тыдні з’явілася інфармацыя пра магчымы знос аўтавакзала «Маскоўскага». Сёння старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька фактычна пацвердзіў наяўнасць такіх планаў.

«Такія прапановы ёсць. Зараз мы знаходзімся на стадыі перамоваў. Адкідваць іх цалкам не трэба. Аўтавакзал «Маскоўскі» сёння загружаны менш чым на 60%. Гэта — не ключавое транспартнае ядро. Міжгароднія маршруты ў стане прыняць аўтавакзалы «Усходні» і «Цэнтральны». Што тычыцца прыгарадных напрамкаў, то каб не ўшчаміць інтарэсы пасажыраў, трэба толькі даабсталяваць аўтобусныя станцыі на вуліцах Карбышава і Русіянава. Гэта не так дорага. З пункту гледжання помніка архітэктуры — вакзал такім не з'яўляецца. Таму казаць пра тое, што знос «Маскоўскага» стане для горада вялікай стратай, нельга. Хай лепш там з'явяцца фешэнэбельныя адміністрацыйныя будынкі сучаснага выгляду, арэнднае жыллё, спартыўныя аб'екты, гандлёвыя комплексы, транспартная развязка. Гэта створыць новы стымул для адкрыцця прадстаўніцтваў буйных замежных кампаній, банкаў, прыцягне дадатковыя фінансавыя патокі. Мы павінны прапаноўваць новыя магчымасці, каб Мінск стаў буйным фінансавым, транспартным, культурным, забаўляльных, адукацыйным цэнтрам».

Нагадаем, што пасля таго як «Белтрансгаз» быў прададзены «Газпраму», з’явілася інфармацыя пра цікавасць да ўчастку з боку расійскай кампаніі. Кіраўнік «Газпрома» Мілер заявіў, што ў Мінску будзе пабудаваны новы камфартабельны офіс са спарткомплексам. Грошай на гэта расейцы шкадаваць не збіраліся. Верагодна, Мінгарвыканкам ўсё ж пойдзе насустрач багатаму інвестару.

Копію пратаколу «нарады па пытанні заключэння інвестыцыйнага дагавора з ААТ „Белтрансгаз“ па забудове тэрыторыі ў раёне перасячэння праспекта Незалежнасці — вуліцы Філімонава» размясцілі карыстальнікі форуму Оnliner.by. З дакумента вынікае, што працэс перамоваў ідзе поўным ходам. Так, на нарадзе было прынята рашэнне пагадзіцца з прапановамі ААТ «Белтрансгаз» па правядзенні разліку стратаў кампаній, якія арандуюць памяшканні на аўтавакзале. «Мінскпраект» павінен будзе распрацаваць канцэпцыю забудовы тэрыторыі. Яшчэ адно даручэнне — вызначыць арыентыровачны кошт будаўніцтва новага аўтавакзала, а таксама транспартнай развязкі на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава. Акрамя таго, спецыялістам неабходна разлічыць кошт і характарыстыкі2-3-павярховыхдамоў для шматдзетных сем’яў у раёне праспекта Пераможцаў — вуліцы Вяснянка. Па папярэдняй інфармацыі новыя дамы размесцяцца непадалёк ад Драздоў - вядомага ў Мінску раёна, дзе жывуць прадстаўнікі беларускай улады, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка. Пераносіць аўтавакзал на новае месца, мяркуючы па ўсім, таксама будуць за кошт «Белтрансгаза». Згодна з пратаколам нарады, для рэалізацыі маштабнага праекта ў бліжэйшы час падрыхтуюць ўказ прэзідэнта.

Аўтавакзал «Маскоўскі» адкрыўся 19 жніўня 1999 года. На 7-м рэспубліканскім архітэктурным форуме «Брэст 99» будынак атрымаў Гран-пры за лепшую пабудову года. У 2002 годзе аўтавакзал прызнана лепшым архітэктурным будынкам года.