https://www.traditionrolex.com/8
<p>У панядзелак, 9 красавіка 2012 года, пайшла з жыцця Арына Вячорка, ініцыятарка адраджэння рыцарскага руху і гістарычнай музыкі на Беларусі</p>

У панядзелак, 9 красавіка 2012 года, пайшла з жыцця Арына Вячорка, ініцыятарка адраджэння рыцарскага руху і гістарычнай музыкі на Беларусі.

Арына Вячорка

Арына Вячорка (Ірына Паладзеўна Ползік) – беларускі педагог, грамадская і культурная дзяячка, ініцыятарка адраджэння рыцарскага руху і гістарычнай музыкі на Беларусі. Нарадзілася 14 красавіка 1961 года ў Мінску. Атрымала адукацыю па матэматычнай спецыяльнасці, скончыла аспірантуру БДУ са спецыялізацыяй «гісторыя педагогікі» і Вышэйшую школу грамадскіх прафесій у Познані са спецыялізацыяй «менеджэр культуры».

Арына Вячорка з’яўлялася сузаснавальніцай першага беларускага нефармальнага згуртавання новага часу «Беларуская спеўна-драматычная майстроўня», а таксама маладзёжнага адраджэнцкага згуртавання «Талака», была сярод арганізатараў дзіцячага летніку «Грунвальд» у 1992 годзе.

З 1993 года Арына Вячорка ўзначаліла адраджэнне рыцарскага руху Беларусі. Дзякуючы яе намаганням быў утвораны Беларускі рыцарскі клуб, пазней – клуб «Вялікае княства», якім яна кіравала да 2007 года. Арына Вячорка была арганізатарам першага рыцарскага турніру ў Лошыцкім парку, маладзёжнага этнагістарычнага свята «Лошыцкі фэст», а таксама арганізавала шматлікія выезды на замежныя фэсты, у тым ліку першую паездку дэлегацыі беларускіх рыцарскіх клубаў на Грунвальдскую бітву ў Ольштын у 1998 годзе.

Арына Вячорка стварыла першы праект гістарычнай музыкі «Легенды Bялікага княства» і арганізавала больш за 100 канцэртаў старадаўняй і фальклёрнай музыкі, выступала ў ролі прадусара гурта «Стары Ольса» і музычнага праекта «Вір». Акрамя таго, Арына Вячорка стаяла ля вытокаў Беларускага клуба лютністаў, з’яўлялася адным з кіраўнікоў этнагістарычнага цэнтру «Явар», супрацоўнічала з Белдзяржфілармоніяй, у тым ліку як аўтар праекта «Ноч музыкі» ў Белдзяржфілармоніі ў 2010 годзе.

5 красавіка 2012 года ў аэрапорце Вільнюса ў 50-гадовай Арыны Вячоркі здарыўся інсульт, ад таго часу яна заставалася ў коме. У Арыны Вячоркі засталіся трое дзяцей: Радаслава, Францішак і Ружана, а таксама ўнук Даніла.

Рэдакцыя газеты «Туризм и отдых» выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Арыны Вячоркі.

https://www.traditionrolex.com/8