<p><strong>Лета ўсё бліжэй, і калі вы яшчэ не задумваліся аб планах на жнівень, то цяпер самы час. Ад 12 да 14 жніўня на зялёным лузе ля Мірскага замка пройдзе самы атмасферны музычны фэст Беларусі – Mirum Music Festival.</strong></p>

Mirum Music Festival заўсёды цешыў сваіх гасцей складам музыкаў, і гэты год не выключэнне.

Хэдлайнерамі стануць украінскія гурты The HARDKISS і ONUKA, а таксама піянеры брытанскай acid-jazz сцэны Red Snapper.

Гурт ONUKA ўжо выступаў на фестывалі летась, аднак паўтор аднаго з хэдлайнраў стаў своеасаблівай традыцыяй, якая пачалася з Ніно Катамадзэ ў 2014 і 2015 гадах.

«Мы былі прыемна здзіўлены рэакцыяй нашых гасцей на выступленне ONUKA, ды і самі атрымалі неверагоднае задавальненне, якое хацелася перажыць яшчэ раз. Гэта надзвычайная музыка, якой хочацца дзяліцца зноў і зноў», – каментуе Ягор Захарка, галоўны арганізатар фестывалю.

Украінская група The HARDKISS выступіць у Беларусі ўпершыню. На радзіме калектыў называюць адной з найяскравейшых з'яў музычнай сцэны.

Якаснае гучанне, стыльныя і запамінальныя сцэнічныя вобразы і надзвычайны сваёй магутнасцю і прыгажосцю голас салісткі робяць сваю справу.

Red Snapper – гэта легенда. Тут мала што можна сказаць, трэба прыязджаць і слухаць. Таксама аб’яўлены цікавы ўкраінскі гурт «Вагонаважатыя».

З беларускіх гуртоў анансаваны шматабяцальны NAVI.

Яны выконваюць неверагодна шчырую і цёплую музыку. Арганізатары ўпэўнены, што мелодыі, тэксты, галасы ўдзельнікаў гурту наўрад ці кагосьці пакінуць абыякавымі.

Як і ў мінулыя гады, госці фестывалю змогуць спыніцца ў адной з гасцініц Міра (браніраваць раім загадзя, бо месцаў мала, а ахвочых шмат) ці ў аграсядзібе. Таксама можна прывезці з сабой намёт або на месцы ўзяць намётавае абсталяванне ў арэнду.

Арганізатары абяцаюць вялікі і разнастайны фудкорт, мноства забаў як для дзяцей, так і для дарослых.

Квіткі на першы, другі ці абодва дні можна набыць на kvitki.by, а таксама без камісіі ў распаўсюджвальнікаў у Мінску (+375-29-636-56-35), Гродне (+375-33-681-04-41) і Брэсце (+375-29-606-50-56).

Цэны на квіткі: за адзін фестывальны дзень 12-е або 13-е жніўня  200 тысяч рублёў. Квіток на два гэтыя дні разам — 390 тысяч. Увага: гэта цэны толькі на першыя 700 квіткоў. Трэці фестывальны дзень, 14 жніўня, Mirum afterparty, — бясплатны. На ім змогуць прысутнічаць госці з любым квітком на папярэднія дні.

Больш падрабязная інфармацыя ў афіцыйных суполках ва vkontakte і facebook, а таксама на сайце фестывалю.


nn.by