https://www.traditionrolex.com/8
<p>У «доме-музеі» тры пакоі, і ўсё размеркавана па сваіх месцах. Праўда, цесна там: калі прывесці вялікую колькасць людзей на экскурсію, то трэба заходзіць па чарзе</p>

Як паведамляе «Клiч Радзiмы»:

Кожны чалавек, які жыве на зямлі, павінен пакінуць пасля сябе след, каб яго ведалі і памяталі яшчэ доўга. Людзі адыходзяць у свет іншы, пасля іх застаюцца рэчы, якімі яны карысталіся ў паўсядзённым жыцці, а для нас яны ўяўляюць вялікую каштоўнасць. Бо па іх можна даведацца, як жылі раней, калі не было ніякай цывілізацыі, калі ўсё рабілася ўручную, а каб аблегчыць сваю працу, людзі прымянялі кемлівасць і знаходлівасць, праяўлялі высокі ўзровень творчасці. Скажам, калі хадзілі ў лес, трапляліся ім прыродныя драўляныя падручныя матэрыялы, якія дома дараблялі, падпільвалі, абрамлялі, і яны знаходзілі прымяненне. Некаторыя старэйшыя жыхары вёсак і да сённяшняга дня захоўваюць на гарышчах рэчы, якія засталіся ад бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Зараз яны ў доме не патрэбны, а вось развітацца з імі не спяшаюцца. Гэта і ёсць кладоўка для тых, каго яны цікавяць. Дзякуючы такім дзівакам-збіральнікам папаўняюцца музеі або захоўваюцца рэчы ў фондах. Дарэчы, кожны музейны экспанат уносіцца ў адзіную інфармацыйную базу Беларусі і становіцца дзяржаўнай каштоўнасцю.

А ёсць людзі, якія самастойна займаюцца зборам скарбаў, проста для сябе, і нідзе яны не адзначаны на дзяржаўным узроўні. Для іх гэта свайго роду хобі.

З адным з такіх дзівакоў, энтузіястам сваёй справы, апантаным чалавекам мне давялося сустрэцца. І гэта знаёмства з Іосіфам Леанідавічам Квачом з вёскі Жукоўшчына адклала незабыўны след.

Сам ён родам з вёскі Квачы Глыбоцкага раёна. Але даўно тут прыжыўся і лепшага месца сабе  не шукае. Ды і не можа быць іначай! Ён ва ўсім бачыць прыгажосць жыцця.

— Гэта нам выдзеліла гаспадарка тры гектары зямлі, — паказвае ў напрамку поля Іосіф Леанідавіч. — Трымаем трох дойных кароў. Большасць надоенага малака здаем дзяржаве. У хлявах яшчэ жыўнасці шмат.

Побач з домам вялізная цяпліца. «Яна праслужыла нам шэсць гадоў, — заўважыўшы нашу цікаўнасць, патлумачыў гаспадар. — Бывала, пакуль давязуць на рынак заморскіх агуркоў, а мы ўжо з вяскоўцамі імі сілкуемся».

— Здаецца, калі працаваў, і часу на ўсё хапала, а цяпер, як асноўнай працы не маю, то з уласнай гаспадаркай ледзьве спраўляюся, — усміхаецца расказчык.

Іосіф Леанідавіч скончыў у свой час Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Па размеркаванні трапіў у калгас імя Гагарына (цяпер ААТ «Агратэхсэрвіс»). Давялося толькі пару дзён папрацаваць на пасадзе галоўнага інжынера, як кіраўніцтва раёна распарадзілася іначай — больш пільная патрэба ў спецыялісце была ў калгаса  «Шлях Леніна» (цяпер ААТ «Васюкі»).

3

Некалькі музейных экспанатаў

— Прыйшлі кіраваць механізатарскай сям’ёй практычна аднолькавага ўзросту і ў адзін час я і загадчык майстэрні. Маладыя, нявопытныя, а дапамагчы, падказаць не было каму. Так цяжка, так складана было працаваць са сталымі механізатарамі. Часам здавалася, што не вытрымаю, — дзеліцца ўспамінамі субяседнік. — Праз колькі год працы ў гаспадарцы галоўным інжынерам дазнаўся, што ў мясцовую школу патрэбен настаўнік фізкультуры. Фізічна я, як кажуць, быў загартаваны, удзельнічаў у розных спаборніцтвах, будучы яшчэ студэнтам. Работа ў школе вельмі падабалася, але адукацыя не падыходзіла. Тады паступіў і паспяхова завочна скончыў факультэт фізкультуры Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Аднойчы папрасіла старэнькая жанчына з суседняй вёскі вучняў старэйшых класаў Слабадской сярэдняй школы разам з настаўнікам фізкультуры дапамагчы разабраць трухлявую пабудову. Як паглядзелі на гарышча, а там столькі цікавых рэчаў! Загарэліся вочы ў Іосіфа Леанідавіча. З дазволу гаспадыні ён сабраў іх і прынёс дадому. Глядзець жонцы на рэчы, якія для яе не прадстаўляюць ніякай каштоўнасці, было не вельмі прыемна. Тады муж знайшоў выйсце. Непадалёк стаіць невялікая хатка, дзе ён, будучы хлопцам, кватэраваўся ў добрай бабулі. Яна адыйшла ў свет іншы і адпісала яму гэтую будыніну.

— Там ў мяне будзе свой музей, — вырашыў гаспадар і паведаміў  аб гэтым сям’і. — Усё будзе як напамін аб нашай даўніне, пра нашы карані, гэта будуць сведкі непарыўнасці пакаленняў.
Шмат рэчаў сталі прыносіць жыхары навакольных вёсак, прывозіў з бацькоўскага дома, ад радні. А было і так, як расказваў Іосіф Леанідавіч:

— Папрасіла старэнькая нямоглая жанчына агарод узараць. Паглядзеў — кавалак ладны, папрацаваць давядзецца. Падыходжу да яе і кажу: «Калі дазволіце ў вас на  гарышчы пакапацца, узару ўсё бясплатна». Так і атрымалася, затое колькі рэчаў патрэбных для сябе знайшоў!

Зайшлі мы ў будынак, дзе захоўваюцца экспанаты, і вочы разбегліся. Сапраўды, яны  ўяўляюць гістарычна-культурную і мастацкую каштоўнасць. У многіх музеях мне даводзілася пабываць, але такой колькасці экспанатаў не бачыла нідзе. Што характэрна, кожная рэч акуратна захоўваецца, падпісана яе назва, кім і адкуль яна дастаўлена сюды, а ўжо пра яе каштоўнасць можна гадзінамі слухаць захапляючы расказ гаспадара.

У «доме-музеі» тры пакоі, і ўсё размеркавана па сваіх месцах. Праўда, цесна там: калі прывесці вялікую колькасць людзей на экскурсію, то трэба заходзіць па чарзе. Вось пакой, дзе займаліся ручной працай мужчыны. Далей жаночы пакой, дзе ўсе прылады працы па апрацоўцы лёну і многае іншае, далей — як гадавалі дзетак — іх дзіцячыя прыстасаванні, у наступным пакоі стаяць кросны.

— Каб на іх можна было ткаць, наняў майстра, і той два дні іх  наводзіў, — прызнаецца І. Л. Квач, — пакуль не запрацавалі. Тут жа прылады па тэхніцы ткацтва на бердзячку, дошчачках. Калекцыя прасаў — цэльналітых чугунных (награвалі на печы), вугальных, качалкі для прасавання бялізны. Ёсць такія рэчы, што і не здагадаешся, да чаго яны былі прадназначаны, пакуль збіральнік не растлумачыць.

Словам, аб усім, што там захоўваецца, расказаць немагчыма. Трэба пабачыць сваімі вачамі. Каб раскласці ўсё, як патрабуецца і па паліцах, патрэбен вялікі, прасторны будынак. А такіх у вёсцы Жукоўшчына дастаткова. Тут ужо трэба нашым культработнікам патурбавацца, бо сам Іосіф Леанідавіч лічыць, што яго ўсё тут задавальняе.

— А хто ў вас бачыў усё гэта? — пытаюся ў гаспадара.

— Як працаваў у школе, то вучні прыходзілі. Цяпер школу закрылі, і няма каму заходзіць да мяне. Вось вы напішаце, прачытаюць і, магчыма, нехта зацікавіцца, — быў адказ.

На гэтым, так скажам, наша экскурсія не закончылася. Зайшлі ў дом, дзе жыве Іосіф Леанідавіч з жонкай Таццянай Міхайлаўнай і дачкой — шасцікласніцай Насцяй. Два іх сыны, Іван і Пётр, заканчваюць вышэйшыя навучальныя ўстановы.

1

Вышыўка Таццяны Квач


Таццяна Міхайлаўна па волі лёсу трапіла сюды з Ровенскай вобласці  Украіны. Сваё нацыянальнае рамяство — вышыўка яркімі каляровымі ніткамі навалачак і ручнікоў — прывезла і ў Беларусь. Ну, столькі ўсяго вышытага, залюбуешся! І як толькі часу хапае ў жанчыны! А працуе яна ўжо шмат гадоў сацыяльным работнікам, абслугоўвае пажылых людзей з навакольных вёсак.

— Паглядзіце, што мы з сынам Пятром вышылі, — дастаў з шафы Іосіф Леанідавіч акуратна складзены кавалак тканіны. Расклаў яе і пачаў тлумачыць: «Гэта наша генеалагічнае дрэва. Бачыце, з аднаго боку ўсе атрыбуты ўкраінскія, а з другога — беларускія. Вялізны, каранасты дуб на кожным сваім лістку трымае атожылак з прозвішчамі радні. А ля падножжа дуба ляжаць тры вялікія жалуды — гэта нашы дзеці. Ім працягваць дынастыю Квачоў».

2

Гаспадар музея дэманструе экспанаты

…Каля дома расце сад (яблыкі – смачнейшых не каштавала!), побач пасаджаны маладыя яблынькі. У некалькі радоў — вуллі з пчоламі. Толькі на момант можна ўявіць, як зацвіце яблыневы сад і спачатку дрэўцы аблагодзяць пчолы, беручы з іх нектар. Паступова напоўняць свежым мёдам соты. Усё сваё, вялікай, няспыннай працай выпеставана. І занятак знойдзены па душы. І працай забяспечаны (як і жонка, стаў працаваць сацработнікам у вёсцы Зямцы), чым не жыць у вёсцы! Проста трэба ўсё гэта заўважыць, прыняць блізка да душы і радавацца кожнаму шчасліваму дню!

Кацярына СОСНА

https://www.traditionrolex.com/8