https://www.traditionrolex.com/8
<p>З 18 па 22 красавіка 2012 года ў больш чым 25 гарадах і мястэчках Беларусі будзе праходзіць чарговы «Фэст экскурсаводаў», пад час якога ўсе жадаючыя змогуць наведаць бясплатныя экскурсіі</p>

З 18 па 22 красавіка 2012 года ў больш чым 25 гарадах і мястэчках Беларусі будзе праходзіць чарговы «Фэст экскурсаводаў», пад час якога ўсе жадаючыя змогуць наведаць бясплатныя экскурсіі.

«Фэст экскурсаводаў» – гэта мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня помнікаў і мясцін, які адзначаецца ва ўсім свеце 18 красавіка. Галоўная ідэя беларускага фэста – прыцягнуць увагу да праблемы аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, а таксама паказаць беларусам помнікі, побач з якімі яны жывуць і каля якіх праходзяць кожны дзень, не звяртаючы ўвагі. На думку арганізатараў, у свядомасці сучасных беларусаў існуе міф пра тое, што ў іх родных мясцінах няма нічога цікавага, і такая ўпэўненасць часта нараджае поўнае ігнараванне гісторыі свайго рэгіёна, што часта прыводзіць да разбурэння помнікаў.

У той жа час існуе шмат станоўчых прыкладаў, калі помнік набываў новае жыццё, дзякуючы клопату не спецыялістаў, а звычайных неабыякавых людзей, што жывуць побач і ганарацца сваёй гісторыяй і культурай, абураюцца недагледжанасцю спадчыны – і пачынаюць дзейнічаць! Яскравым прыкладам таму служыць Любчанскі замак, а таксама шматлікія касцёлы і цэрквы, што рэстаўруюцца вернікамі гаспадарчым чынам, а таксама сталічныя дамы, што ўносяцца ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей з ініцыятывы саміх жыхароў.

Так нарадзілася ідэя «Фэста экскурсаводаў» паказаць кожнаму, што спадчына Беларусі не абмяжоўваецца Мірскім замкам ці Белавежскай пушчай, што каштоўнасці знаходзяцца зусім побач – трэба толькі азірнуцца і даведацца крыху больш. Ідэя Фэста апынулася надзвычай удалай, бо штогод да мерапрыемстваў з уласнай ініцыятывы далучаецца ўсё больш экскурсаводаў, гісторыкаў і краязнаўцаў, а на экскурсіі з нестандартнымі маршрутамі ахвотна ідуць і мясцовыя жыхары, і турысты.

У 2012 годзе «Фэст экскурсаводаў» будзе ладзіцца чацвёрты год запар. Арганізатарамі фэста сёлета выступаюць: Беларускі камітэт «ІКАМОС», МГА «Гісторыка», ГА «Беларуская асацыацыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», краязнаўчы клуб «Камяніца» (МДПДіМ) i ГА «Беларускі фонд культуры». Пад час фэста будуць праведзеныя больш за паўсотні экскурсій, і ўсе мерапрыемствы будуць бясплатнымі для наведвальнікаў.

Паводле словаў кіраўніка аргкамітэта Цімоха Акудовіча, у гэтым годзе фэст будзе мець свае асаблівасці:

– Перш за ўсё, што тычыцца Мінска, то мы хацелі б звярнуць увагу на мінскія ваклоіцы, таму першы дзень фэста будзе аддадзены пад «экскурсійнае кола», якое ў нас атрымала назву «Мінскі абаранак». Мы запрашаем мінчан наведаць Ракаў, Станькава, Прылукі, Радашковічы, Сёмкава, Смілавічы і некаторыя іншыя цікавыя мясціны ў ваколіцах сталіцы. Колькасць рэгіянальных экскурсій таксама значна пашырыцца. У Гродне і Полацку адбудуцца ўжо самастойныя фэсты з рознымі экскурсійнымі маршрутамі і тэмамі. Дарэчы, пасля экскурсій па Гродне турыстычная фірма «Мерцана» будзе ладзіць конкурсы, пераможцаў якіх чакаюць падарункі. Далучаюцца да фэста таксама і невялікія мястэчкі, вёскі. У параўнанні з мінулым годам павялічыцца колькасць экскурсій у Мінску, прычым значная частка з іх адбудзецца ўпершыню. Чакаюцца некаторыя іншыя сюрпрызы, напрыклад, адмысловая веласіпедная экскурсія, наведванне малавядомых музеяў і нечаканыя экскурсійныя тэмы. Асобнай міні-тэмай сёлетняга «Фэста экскурсаводаў» стане 1812 год. Экскурсіі, прысвечаныя падзеям 200-гадовай даўніны, пройдуць адразу ў некалькіх гарадах Беларусі.

Дадатковую інфармацыю пра фэст можна атрымаць па тэлефонах (+375 29) 557-11-24 (Цімох Акудовіч) ці (+375 33) 341-36-12 (Яўгенія Быц), альбо на сайце http://fest.icomos.by/. Дэталёвы расклад экскурсій даступны таксама на сайце TIO.BY у раздзеле «Дакументы».

https://www.traditionrolex.com/8