<p>У Міністэрстве культуры ўдакладняюць, што і гэты, і іншыя замкі пры з'яўленні інвестараў могуць быць перададзеныя ў прыватнае ўладанне. Закон дазваляе выкупляць помнікі архітэктуры з умовай, што ўладальнік выканае іх рэстаўрацыю</p>

Як паведамляе «Звязда»:

У Міністэрстве культуры ўдакладняюць, што і гэты, і іншыя замкі пры з'яўленні інвестараў могуць быць перададзеныя ў прыватнае ўладанне. Закон дазваляе выкупляць помнікі архітэктуры з умовай, што ўладальнік выканае іх рэстаўрацыю.

Нагадаем, што ў Беларусі ўпершыню на ўрадавым узроўні была прынята Дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі», накіраваная на адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. У рамках Дзяржпраграмы прадугледжана правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на тэрыторыі 38 замкаў Беларусі.

— Гісторыка-культурныя каштоўнасці могуць знаходзіцца ў любой форме ўласнасці. Гэта абсалютна не забаронена заканадаўствам, — удакладняе «Звяздзе» начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. — Мы, наадварот, спрыяем таму, каб у сферы аховы спадчыны прыватных інвестараў з'яўлялася як мага больш. Такія выпадкі ў Беларусі ўжо былі, хоць і няшмат: сядзіба ў Ваўкавыскім раёне, сядзіба ў в. Альшэва Мядзельскага раёна, сядзіба ў в. Лынтупы Пастаўскага раёна і г.д. Няважна, у чыёй уласнасці знаходзіцца аб'ект, важна, каб увесь комплекс рэстаўрацыйных работ быў выкананы. Тады аб'ект будзе захаваны. Калі хтосьці з інвестараў наважыцца выкупіць замак з камунальнай уласнасці, мы будзем гэтаму толькі спрыяць.

— Ці шмат сярод інвестараў пакупнікоў з-за мяжы?

— Замежных пакупнікоў няшмат, але ў асноўным гэта ўласнікі з грамадзянствам Расійскай Федэрацыі.

— Раскажыце больш падрабязна пра падзелы замкаў на групы — які крытэрый пры гэтым падзеле быў вызначальным?

— Пачыналі мы ўвогуле з 21 аб'екта — калі прыкінулі, якую колькасць аб'ектаў рэальна ахапіць работамі. Але потым, прааналізаваўшы сітуацыю, сумесна з абласнымі выканаўчымі камітэтамі ўбачылі, што пры некаторых нязначных аб'ёмах работ на асобных аб'ектах можна ўключыць у гэты пералік і большую колькасць. Варта адзначыць, што падзяляюцца падыходы паводле арганізацыі работы і прыстасавання замкаў на чатыры групы.

Першая група можа быць найбольш актыўна ўключана ў кантэкст сучаснага жыцця — замкі, якія падлягаюць рэканструкцыі і прыстасаванню (па прыкладзе Мірскага, Нясвіжскага — Стары замак у Гродне, Лідскі замак...). Гэта значыць, у замках гэтай групы будуць размешчаны і музейныя экспазіцыі, а часткова яны будуць выкарыстоўвацца пад жыллё і гатэлі, кавярні, рэстараны.

Другая група — аб'екты, якія падлягаюць кансервацыі (Крэўскі, Быхаўскі замкі і г.д.). Пры з'яўленні інвестараў частка аб'ектаў катэгорыі (у прыватнасці, Быхаўскі замак) можа перайсці ў першую групу — і быць рэканструяванымі.

Трэцяя група — помнікі археалогіі, замчышчы, на якіх не захавалася ніякіх збудаванняў. Гэтыя тэрыторыі падлягаюць добраўпарадкаванню. Гэтыя аб'екты будуць прыведзены ў належны санітарны і тэхнічны стан — будуць створаны ўмовы для іх наведвання, правядзення розных мерапрыемстваў — тут могуць ладзіцца і фестывалі, і канцэрты (Рагачоўскі, Мядзельскі замкі).

Чацвёртая група — тыя ж помнікі археалогіі, па якіх ужо напрацаваны матэрыял або праводзіцца іх план па музеефікацыі. Такую функцыю могуць выканаць замкі ў Лагойску, Тураве, Браславе... Асобныя элементы замка могуць быць узноўлены. Напрыклад, чаму б не рэканструяваць замкавую браму, калі ёсць дакладная інфармацыя пра яе знешні выгляд — ці часткі сцен, якія могуць быць не толькі музейнымі экспазіцыямі, але і пляцоўкамі для агляду навакольных тэрыторый.

Праграма разлічана на 2012—2018 гг. Для кожнага праекта будзе складзена праектная дакументацыя. Нават добраўпарадкаванне павінна праводзіцца па праектнай дакументацыі. Працаваць «метадам тыку» на такіх аб'ектах ніхто не будзе.

— Якімі крытэрыямі кіраваліся ў міністэрстве пры адборы замкаў для праграмы «Замкі Беларусі»?

— Крытэрый вельмі просты. Гэта помнікі абарончага дойлідства, калі іх можна так назваць. Бо калі прааналізаваць, якія аб'екты ў нас задзейнічаны і выклікаюць інтарэс, то якраз гэта катэгорыя помнікаў — аб'ектаў спадчыны — аказалася незаслужана забытай. Мы бачым, што паступова гэтыя аб'екты прыходзяць у запусценне. Сёння, калі ў гісторыі ёсць шэраг дастаткова вядомых замкаў, то часам і дастаткова цяжка зразумець, што тут увогуле быў замак. Таму з улікам вопыту працы ў Мірскім і Нясвіжскім замках, мы выдатна разумелі, што ў грамадства аб'екты такога кшталту запатрабаваныя. Зразумела, трэба было як мага больш актыўна ўключыць у кантэкст сённяшняга жыцця, — перш за ўсё ў турыстычную дзейнасць, але і пазнавальная, патрыятычная роля – таксама адсюль. Бо аб'екты разлічаны не толькі на турыстаў, але павінны працаваць і на мясцовае насельніцтва — на гісторыю рэгіёна, і ў цэлым характарызаваць нашу краіну.