<p>Прычынай сталі папярэджанні праваахоўнікамі гідаў аб тым, што іх бясплатныя экскурсіі з’яўляюцца несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі</p>

Як паведамляе «Радыё Рацыя»:

Прычынай сталі папярэджанні праваахоўнікамі гідаў аб тым, што іх бясплатныя экскурсіі з’яўляюцца несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі.

Каардынатар фэсту Таццяна Касатая вымушана была ў апошнія гадзіны папярэджваць яго патэнцыйных удзельнікаў, што дзеля іх жа бяспекі мерапрыемства перанесена.

– Беларускі камітэт міжнароднай рады па помніках і мясцінах па ўсёй Беларусі арганізоўвае Фэст экскурсаводаў ужо трэці раз запар. Экскурсіі праводзяцца ва ўсіх беларускіх гарадах. Толькі ў Гродне былі атрыманы папярэджанні, каб фэст не адбыўся. Ён пераносіцца на нявызначаны тэрмін. Усе экскурсіі будзем праводзіць увечары, у зручны для людзей час. Канешне, усё гэта будзе ўзгоднена з гарадскімі ўладамі.

Фармальна экскурсаводы ніякіх афіцыйных папярэджанняў не атрымалі. Міліцыянеры іх проста прыстрашылі.

Да якой ступені абсурдныя паводзіны ўлад могуць дайсці – не ведае цяпер ніхто.

Здзіўляе, што такія рэспубліканскія фэсты ўзгоднены арганізатарам – Беларускім камітэтам міжнароднай рады па помніках і мясцінах – з Міністэрствам культуры Беларусі. Мясцовай жа вертыкалі патрэбен асаблівы дазвол.

Якуб Сушчынскі