<p>Прыватныя легкавыя машыны чакаюць 5-6 гадзін, чарга каля паўтара кіламетра. Яны маюць праблему ўезду з беларускага боку. Апошнія 2-3 дні такія чэргі з легкавымі аўтамабілямi</p>

Як паведамляе «Радыё Рацыя»:

Выехаць з Польшчы ў пункце пропуску «Берастовіца—Баброўнікі» ўчора было праблематычна. Вялікія чэргі ўтварыліся з польскага боку мяжы, польскія мытнікі тлумачаць гэта замаруджваннем працы з боку беларускай мытні.

– Каля 30 гадзін чакаюць грузавыя аўтамабілі, чарга каля дзевяці кіламетраў. Прыватныя легкавыя машыны чакаюць 5-6 гадзін, чарга каля паўтара кіламетра. Не ведаю, адкуль бярэцца столькі грузавых аўтамабіляў, а прыватныя легкавыя  маюць праблему ўезду з беларускага боку. Апошнія 2-3 дні такія чэргі з легкавымі аўтамабілямі.

Напярэдадні незадаволеныя працай польскай мытні дальнабойшчыкі заблакавалі дарогу з польскага боку мяжы. Чарга з грузавікоў расцягнулася на 15 кіламетраў. Польскаму боку давялося ісці на перамовы і саступкі. У выніку ўсе сілы яны кінулі на афармленне машын, якія ўязджалі ў Беларусь. Чарга на ўезд у Польшчу спынілася больш чым на гадзіну. Кіроўцы звязваюць павольную працу польскай мытні з незадаволенасцю законапраектам, які павышае пенсійны ўзрост да 67 гадоў. Cвае патрабаванні мытнікі ўжо выказвалі пад час маўклівай акцыі 17 красавіка. Яны паабяцалі, што калі патрабаванні не будуць выкананыя, яны пачнуць так званы «італьянскі страйк», гэта значыць будуць наўмысна зацягваць час праверак да максімальна дапушчальнага ў пунктах пропуску.

Аналагічная сітуацыя ўжо была 27 сакавіка ў пункце пропуску «Брузгі—Кузніца». Тады незадаволеныя працай польскай мытні кіроўцы перакрылі пад'езд да мяжы. Пад час інцыдэнту ў «Берастовіцы» пацярпелі і кіроўцы легкавога транспарту. Асаблівасць пункта пропуску «Бераставіца—Баброўнікі» ў тым, што праезд праз мяжу тут ажыццяўляецца па мосце праз Свіслач па адной паласе руху ў кожным кірунку. Грузавікі і легкавушкі едуць адзін за адным. У выпадку пазаштатнай сітуацыі з рухам фур аб'ехаць чаргу немагчыма.