<p>Удзельнікі марафона праедуць 65 кіламетраў сярод дзікай прыроды Кнышынскай пушчы. Сярод іх таксама веласіпедысты з Беларусі, якіх у гэтым годзе больш за 50 чалавек</p>

Як паведамляе «Радыё Рацыя»:

Велагонкі па Кнышынскай пушчы адкрылі чацвёрты сезон «Крэсавых марафонаў».

Каля 400 веласіпедыстаў стартавалі з плошчы перад драматычным тэатрам у Беластоку. Удзельнікі марафона праедуць 65 кіламетраў сярод дзікай прыроды Кнышынскай пушчы.

У велагонках удзел бяруць як прафесіяналы, так і аматары з Польшчы, Літвы. Сярод іх таксама веласіпедысты з Беларусі, якіх у гэтым годзе больш за 50 чалавек.

Як адзначае Іван Найдзёнаў з Гродна, упершыню ў Беластоку стартуюць веласіпедысты са сталіцы Беларусі.

– Інфармацыя аб «Крэсавых марафонах» паціху даходзіць і да Мінска. У гэтым годзе прыехалі 53 асобы не толькі з Гродна, але і з Мінска. Гэта, здаецца, самая вялікая група сярод тых, якія прыязджалі на «Крэсавыя марафоны» раней.

1

2

3

Мэта сённяшняга этапа знаходзіцца ў Кнышынскай пушчы каля вёскі Агароднічкі. Завяршэнне марафона плануецца на 14-ю гадзіну. «Крэсавы марафон» складаецца з 11 этапаў. Наступныя велагонкі пройдуць 12 мая ў Аўгуставе. Чарговыя спаборніцтвы – між іншым у Нараўцы, Саколцы, Мельніку ці Міхалове. Адзін з этапаў адбудзецца таксама ў Беларусі: 21 ліпеня ў Сапоцкіне.

Лукаш Леанюк