<p>Гродзенскія веласіпедысты бяруць удзел у Maratonе Kresowym. Чацвёрты сезон гэтага аматарскага веламарафона стартаваў 1 мая ў Беластоку</p>

Як паведамляе «Твой стыль»:

Гродзенскія веласіпедысты бяруць удзел у Maratonе Kresowym. Чацвёрты сезон гэтага аматарскага веламарафона стартаваў 1 мая ў Беластоку.

Пры слове «марафон» адразу ж уяўляецца адзінокі чалавек, які з апошніх сіл адольвае дыстанцыю ў 42 км. Але ж марафоны бываюць і веласіпедныя (як прафесійныя, так і аматарскія).

Аматарскія марафоны даўно папулярныя ў свеце, бо адкрытыя для ўсіх ахвотных. Удзел у такіх спаборніцтвах бяруць самыя розныя людзі: ад прафесіяналаў да аматараў веласпорту, ад дарослых да дзяцей. Для іх прадугледжваюцца як мінімум 2 дыстанцыі: вялікая 0 у 60–70 км і малая – каля 30 км. Калі ў іх бяруць удзел спартсмены, робяцца стартавыя калідоры: напачатку выязджаюць прафесіяналы, а ўжо праз некалькі хвілін – аматары. Выключэннем з’яўляюцца афіцыйныя мерапрыемствы Міжнароднага саюза веласіпедыстаў, куды аматары не дапускаюцца.

Першы сезон Maratonu Kresowego адбыўся ў 2009 годзе. З тых часоў яны аб’ядноўваюць удзельнікаў з трох краін: Польшчы, Беларусі і Літвы. Спаборніцтвы праходзяць на тэрыторыі Падляскага ваяводства Польшчы, Гродзеншчыны і ваколіц Друскенікаў. У 2012 годзе марафон складаецца з 11 этапаў, адзін з якіх пройдзе на Аўгустоўскім канале.

2

Каб забяспечыць удзел людзей рознага ўзроўню, арганізатары прапануюць у гэтым годзе 16 катэгорый ацэнкі вынікаў, якія адрозніваюцца па дыстанцыях (60 км ці 30 км), полу і ўзросту ўдзельнікаў, які не абмежаваны. Напрыклад, жанчына да 30 год на вялікай дыстанцыі ці хлопчык да 14 год – на малой і г.д. Сістэма працуе такім чынам, што калі вы на фініш ў агульнай масе людзей прыехалі нават 100-м, то ўсё роўна можаце аказацца 1-м… у сваёй катэгорыі.

На кожным з этапаў веласіпедыст атрымлівае балы, якія сумуюцца ў канцы года, што вызначае самага хуткага веласіпедыста (у сваёй катэгорыі). Для аматараў веласпаборніцтваў неабавязкова прымаць удзел ва ўсіх этапах. Еўрапейская дэмакратычнасць праявілася і ў падліку: да разгляду прымаюцца толькі шэсць лепшых вынікаў з адзінаццаці.

У Беластоцкім марафоне 1 мая фінішыравалі 53 веласіпедысты з Беларусі, большасць з якіх (прыкладна 40 чалавек) была з Гродна (у склад гродзенскай каманды ўвайшлі веласіпедысты ад 7 да 50 год).

3

Гродзенская каманда велааматараў сфармавалася 4 гады таму і распачала ўдзел у Maratony Kresowe ад першага сезона. З цягам часу ў камандзе вылучыўся касцяк з 10–15 чалавек, якія рыхтуюцца і ўдзельнічаюць дзеля перамогі, але большасць гродзенскіх веласіпедыстаў едзе дзеля стасункаў і адпачынку.

«Для нашай каманды – вынікі не галоўнае. Марафон – гэта не проста спаборніцтва. Удзел у такім мерапрыемстве – гэта добрая кампанія, сумесныя падрыхтоўка і адпачынак. Кожны, хто хоча прыняць удзел у марафоне, можа не баяцца выехаць на трасу з больш прафесійнымі веласіпедыстамі. Праехаць дыстанцыю да канца – гэта таксама дасягненне, прыемна адчуваць пасля фінішу, што ты адолеў усю дыстанцыю», – распавядае Іван Найдзёнаў, адзін з удзельнікаў і арганізатар марафону «Суседзі» ў Беларусі.

Гродзенскі «касцяк» часта займае прызавыя месцы. Так, Сяргей Арбузаў (45 год) па выніках 2011 г. стаў лепшым у сваёй катэгорыі. Былі прызавыя месцы і сярод жанчын. Самы дарослы гродзенскі ўдзельнік Беластоцкага марафону ў гэтым годзе Юрый Котаў заняў 3-е месца ў сваёй катэгорыі.

4  

Самымі ж маладымі з гродзенцаў былі 12-гадовы Ягор і 8-гадовая Маша Берднікавы. Першую ў сваім жыцці 30-кіламетровую дыстанцыю Маша праехала побач з татам. Маці, Таццяна, падтрымлівала дух старэйшага сына:

«Мае ўражанні ў большай сваёй ступені былі атрыманы не ад спаборніцтва, бо ў маім выпадку яго не было, а ад назірання і маральнай падтрымкі маіх дзетак на малым марафоне (30 км), які для іх быў гіганцкі. Пацвердзілася, што такія выпрабаванні акцэнтуюць як слабыя, так і моцныя бакі людзей (у дадзеным выпадку як дзяцей, так і бацькоў), ды і, наогул, сутнасць чалавека вельмі адлюстроўваецца на характары яго язды, асабліва ў калектыве. Так што ў плане пазнання сваіх дзяцей і яднання з імі мерапрыемства для мяне прайшло вельмі плённа!»

5

Сямігадовы Антоні Сокул – самы малодшы ўдзельнік

Ахвотныя ўпершыню паспрабаваць свае сілы ў скарэнні дыстанцыі могуць ужо планаваць свой удзел у марафоне «Суседзі» (шосты этап Maratony Kresowe-2012), які пройдзе 21 чэрвеня каля Гродна.

Для старту ў турніры трэба мець свае веласіпед і велашлем. Форма адзення можа быць любой. Не мае значэння і тое, які ў вас веласіпед. Але трэба ўлічваць, што траса ідзе па бездарожжы і вы будзеце ехаць па лясах, палях, пясках. Таму, калі пасля першых спаборніцтваў вы захочаце і далей прымаць удзел у веламарафонах, трэба будзе абзавесціся веласіпедам з лепшай праходнасцю (горны, псеўдагорны).

Юлія Каляда, фота аўтара