https://www.traditionrolex.com/8
<div class="annot">Нататкі неабыякавага чытача. Старая песня пра… сэрвіс</div>

Як паведамляе «Культура»:

Неўзабаве Полацк урачыста адсвяткуе сваё 1150-годдзе. Як падрыхтаваўся да сустрэчы гасцей самы старадаўні горад Беларусі, прызнаны геаграфічным цэнтрам Еўропы? Чытач «К» наведаў горад на Дзвіне, натхніўся мясцовымі турыстычнымі распрацоўкамі, што ўжо рэалізаваны як у Полацку, так і ў іншых гарадах нашай краіны.

Калі працуе інфацэнтр?

Куды скіроўваецца турыст, які прыехаў у незнаёмы горад? Часцей за ўсё – у інфацэнтр. Яго наяўнасць у Полацку стала прыемнай нечаканасцю, але ж ён мае арыгінальны графік працы: з 8 да 17 гадзін, з панядзелка па пятніцу.

Пагадзіцеся, надзвычай крэатыўнае і «зручнае» для турыста рашэнне! Па-першае, згадаем народную мудрасць: «Хто рана ўстае, таму Бог дае». У выніку полацкія турысты будуць «самымі багатымі» людзьмі ў свеце. Па-другое, увечары, па ідэі, усе прыстойныя госці павінны сваімі пакупкамі і наведваннем разнастайных устаноў узнімаць эканоміку горада. Адпаведна, іх трэба шукаць у начных клубах, рэстаранах ці хаця б крамах. А шлях да іх турысты знойдуць і без дапамогі інфацэнтра.

2-1

Па-трэцяе, арыгінальны графік інфацэнтра, верагодна, дапаможа завабіць у Полацк наведвальнікаў з усяго свету. Як вядома, у іншых краінах інфацэнтры працуюць цягам усяго тыдня. А калі чамусьці і робяць выхадны, дык толькі ў будні дзень. Ды і, як вядома, большасць людзей плануе свае вандроўкі не з улікам часу адпачынкаў, пары года ці надвор'я, а менавіта ўлічваючы час працы інфацэнтраў. Адпаведна, пераважная колькасць падарожжаў адбываецца на выхадных, калі яны дакладна працуюць. Дык вось, турысты з усяго свету змогуць з'ездзіць у суботу і нядзелю ў такія турыстычныя цэнтры, як Парыж, Рым ці Прага, а ў буднія дні планаваць наведанне Полацка.

А есці хочацца заўжды...

Мясцовыя рэстараны і кафэ заўсёды гатовы прадэманстраваць гасцям горада найлепшыя далікатэсы, прыгатаваныя выдатнымі кухарамі. Здавалася б, такую паслугу прапануюць ва ўсіх турыстычных цэнтрах. Але ў Полацку ды іншых гарадах Беларусі прыдумалі, як апярэдзіць усіх канкурэнтаў. Вядома, што харчаванне ў адзіноце мала каму прыносіць асалоду. Значыцца, трэба есці разам! Таму ў шэрагу рэстаранаў Полацка практыкуецца такая з'ява, як... спецабслугоўванне: не набярэш патрэбную колькасць сяброў для запаўнення ўсёй залы (чытай: турыстычную групу) – шукай сабе іншую харчовую «кропку».

Уявіце: галодны чалавек падышоў да рэстарана і ўбачыў таблічку «Спецабслугоўванне». Або, што яшчэ горш, не ўбачыў яе, зайшоў у памяшканне, уладкаваўся за столікам, пачакаў дзесяць хвілін і нарэшце ўбачыў афіцыянтку, якая, усміхаючыся, паведамляе, што яны не працуюць. Да таго часу страўнік наведвальніка пачаў выказваць яшчэ большае абурэнне. Таму турыст хутка і нервова пачынае даследаваць суседнія вуліцы, шукаючы кафэ, да якога яшчэ не «даехала» спецабслугоўванне.

Які эфект такіх паводзін? З аднаго боку, турыст прадэманструе гараджанам прыклад здаровага ладу жыцця. З іншага боку, шукаючы, дзе пад'есці, чалавек трапіць у такія закуткі, куды ўжо дзесяцігоддзямі не ступала нага экскурсавода.

Дарэчы, наконт пошукаў. У цэнтры Полацка ды іншых раённых гарадоў амаль адсутнічаюць грамадскія прыбіральні (ці не адзіным выключэннем з'яўляецца іх размяшчэнне ў будынках вакзалаў). А сапраўды, навошта яны?.. Выгляд прыбіральняў псуе знешні выгляд гарадоў. Ці ж не так?

Оптам - халадней, але танней!

Зрэшты, зробім супрацоўнікам інфацэнтра рэспект за іх ранняе з'яўленне на працы. Бо ў іншых установах працуюць куды менш адказныя людзі. Большасць кафэ і рэстаранаў, як у Полацку, так і ў іншых гарадах Беларусі, адчыняюцца а 12-й гадзіне дня ці нават пазней. У выніку, выязджаючы з дому, абачлівыя падарожнікі, турысты і камандзіраваныя асобы цягнуць з сабой, нібы чарапахі, вялізныя пакункі з ежай і пітвом.

Калі ў нас няма пакункаў, не будзем сядзець перад зачыненымі дзвярыма рэстарана (кавярні, сталовай). Лепш пашукаць шчасця ў дзяржаўных гасцініцах, дзе абавязкова знойдецца бар ці хаця б сталоўка! Але іх супрацоўнікі кіруюцца той жа бездакорнай логікай! Напрыклад, кафэ ў слуцкай гасцініцы «Слуцк» працуе прыкладна па такім ж прынцыпе. У якасці выйсця з сітуацыі магу прапанаваць уласнае вынаходніцтва: набудзьце адначасова вячэру і сняданак, забярыце сняданак у нумар, а раніцай вы з задавальненнем падмацуецеся. Так, оптам атрымліваецца халадней. Але ж і танней!

Дарэчы, падзякуем, што ў слуцкай гасцініцы кафэ – працуе. Напрыклад, у гасцініцы «Раўбічы», што размешчана ў Гарадку Віцебскай вобласці, сітуацыю вырашылі кардынальна і закрылі кафэ ўвогуле. Вы гатовы абурыцца? Каб не турысты, падарожнікі, камандзіраваныя, хто б купляў у вялікай колькасці ёмістыя і маленькія металічныя кружкі ды кіпяцільнікі? Хто масава закупляў бы ў магазінах супы і кашы хуткага прыгатавання?

Але ёсць момант, у якім Слуцк і Гарадок выступаюць гарадамі-пабрацімамі: у нумарах гасцініц гэтых населеных пунктаў няма гарачай вады. Вы яшчэ шукаеце прычыну? Але ж кіпяцільнік ужо набыты! Дык якая вам розніца, якую ваду награваць? А для іншых прычын (напрыклад, прыняць душ) ванны пакой ужо ніхто не выкарыстоўвае.

Вельмі не хацелася б, каб жыхары іншых беларускіх гарадоў пакрыўдзіліся на аўтара: маўляў, вы кажаце пра вопыт Полацка, Слуцка, Гарадка, а вось у нас!.. Ахвотна веру: у большасці гарадоў актыўна карыстаюццца полацкімі «напрацоўкамі»...

Вандраваў Дзяніс МАРЦІНОВІЧ

Тым часам

2 мая ў Полацку адбылася рабочая нарада пад старшынствам губернатара Віцебшчыны Аляксандра Косінца. У цэнтры ўвагі знаходзілася Канцэпцыя развіцця інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка. Нагадаем, канцэпцыя адобрана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Дакумент заснаваны на глебе сталых традыцый горада і, грунтуючыся на функцыянальным гістарычным прызначэнні, прадугледжвае развіццё трох асноўных кірункаў турызму: Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр з прылеглай тэрыторыяй – для паломніцкага турызму; парк культуры і адпачынку на левым беразе Заходняй Дзвіны – для забаўляльнага турызму; раён Верхняга замка і Сафійскі сабор – для гістарычнага турызму.

У раёне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра плануецца добраўпарадкаваць пустуючыя тэрыторыі, прылеглыя да манастыра, аб'ектамі турыстычнай інфраструктуры. Як паведамляе БелТА, на тэрыторыі ў 30,2 гектара плануюцца будаўніцтва і рэканструкцыя гасцінічнага комплексу, гандлёвых радоў з сувенірнай прадукцыяй, рамесных майстэрань, гандлёва-выставачнага комплексу, духоўна-асветніцкага цэнтра, турыстычнага агенцтва.

Сафійскі сабор знаходзіцца на тэрыторыі Верхняга замка. Гэта археалагічны, адміністрацыйна-духоўны і свецкі цэнтр горада агульнай плошчай каля 9 гектараў. Ансамблевая забудова тэрыторыі Верхняга замку прадугледжвае комплексны падыход: рэстаўрацыю існуючых і аднаўленне страчаных будынкаў, у тым ліку археалагічныя даследаванні. Тут запланавана размяшчэнне аб'ектаў грамадскага харчавання, гандлю, бытавога абслугоўвання, месцы пражывання для турыстаў, а таксама музеефікацыя помнікаў археалогіі.

https://www.traditionrolex.com/8