<p>Студэнтка трэцяга курса Беларускага інстытута правазнаўства Ксенія Курусь распрацавала праект адбудовы сеткі маладзёжных хостэлаў па ўсёй Беларусі і атрымала фінансаванне ў $50 тысяч на свой першы хостэл у Мінску праз конкурс стартапаў</p>

Як паведамляе generation.by:

Студэнтка трэцяга курса Беларускага інстытута правазнаўства Ксенія Курусь распрацавала праект адбудовы сеткі маладзёжных хостэлаў па ўсёй Беларусі і атрымала фінансаванне ў $50 тысяч на свой першы хостэл у Мінску праз конкурс стартапаў.

У студзені 2012 года Ксенія Курусь прыйшла на конкурс стартапаў Startupweekend і расказала пра сваю ідэю экспертам і інвестарам. Дзяўчыну не спыніла, што мерапрыемства было для IT-праектаў. Вынік — 12 мая ў Мінску адкрываецца вандроўны хостэл Traveler.

«Захацелася стварыць сапраўдны еўрапейскі хостэл, каб турысты, якія не могуць дазволіць сабе гатэль, мелі магчымасць спыніцца ў хостэле, прыемна бавіць там час, адпачыць, пазнаёміцца, зайсці ў інтэрнет… Увогуле, каб склалася добрае ўражанне», — кажа Ксенія.

Студэнтка паведаміла, што бізнес-план ёй дапамог распрацаваць яе ж выкладчык па эканоміцы, а грошы на яго дзяўчына шукала ўжо цэлы год.

«За мой праект прагаласавалі (на конкурсе стартапаў), і ўжо на наступны дзень я размаўляла з інвестарам Аляксандрам Кныровічам, паказала яму бізнес-план». Гэты ж інвестар у выніку прапанаваў студэнтцы $50 тысяч на адкрыццё першага хостэлу на 40 чалавек у Мінску.

«Мы пастараліся зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць максімальна камфортныя ўмовы пражывання, прыдумалі шмат розных «фішак». У нас пастаянна будуць праходзіць розныя мерапрыемствы. Напрыклад, вечарыны з глінтвейнам, кінапаказы пад адкрытым небам. Кліенты змогуць карыстацца Wi-Fi і бясплатнымі нэтбукамі, гульнявымі прыстаўкамі X-Box, будзе па 2 ванныя пакоі на паверсе».

Суткі пражывання ў хостэле будуць каштаваць $15. Для спартыўных каманд або вялікіх турыстычных груп, а таксама для ўладальнікаў міжнародных картак ISIC будуць зніжкі.

Traveler — не першы хостэл у Мінску. Сярод іншых праектаў існуе нават план адбудовы хостэлу БРСМ у сталіцы.