<p>Нягледзячы на адсутнасць шырокай рэкламы, летась заданне па аказанні платных паслуг музей перавыканаў удвая. Таму сёлета планы куды больш амбіцыйныя: за год  (не ўключаючы выручку ад продажу тавараў сувенірнай лаўкі) супрацоўнікі музея павінны зарабіць 50 мільёнаў рублёў</p>

Як паведамляе газета «Раённыя будн:

Прыемна, што работы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны не спыняюцца. Нарэшце завершана першая чарга рэстаўрацыі ўнікальнага палацавага комплексу: услед за ўсходнім гатовы прымаць турыстаў таксама і заходні флігель. Музей, які становіцца паўнапраўным гаспадаром новага будынка, атрымаў магчымасць пашырыць свае выставачныя і экспазіцыйныя залы.

Сёння музей уяўляе сабой чатыры экспазіцыйныя, адну выставачную і адну канферэнц-залу, не ўлічваючы службовых і іншых памяшканняў. Турысты маюць магчымасць наведваць яго як з экскурсійнымі паслугамі, так і самастойна. Дзве залы прысвечаны гісторыі Сапегаў, адна распавядае пра гісторыю мястэчка, як асноўную рэзідэнцыю знакамітага магнацкага роду. Некалькі квадратных метраў архітэктурных рэшткаў, выяўленых у час археалагічных работ, закансерваваны пад шклом і выклікаюць асаблівую цікавасць у наведвальнікаў.

Ружаны-замок_7293

Асобнай увагі заслугоўвае зала «Гасцёўня канцлера», дзе ў інтэр’ерах XVII-XVIII стагоддзяў можна зрабіць памятныя фотаздымкі, правесці ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу ці стаць удзельнікам тэатралізаванай мастацкай рэканстуркцыі, над стварэннем якой супрацоўнікі музея працуюць сумесна з мясцовым Домам культуры. Напрыклад, паводле слоў дырэктара музея Руслана Кнігі, распрацаваны сцэнарый тэатралізаванага мерапрыемства з багатымі пачастункамі, акцёрамі ў касцюмах, шляхты, стылізаваных пад ХVII стагоддзе. Унікальныя копіі і арыгінальная халодная зброя: шаблі, мячы, мушкеты, — а таксама мэбля ХVIIІ-ХIХ стагоддзяў дапамагаюць стварыць уражанне ўрачыстасці і акунуцца ў мінулае. Многія экспанаты, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць, перададзены ў фонд музея археолагамі, працаваўшымі на тэрыторыі комплексу, святаром Свята-Траецкага касцёла ксяндзом Янушам Пулітам, краязнаўцамі Юрыем Малышэўскім і Міколам Папекам, а таксама жыхарамі пасёлка і раёна, у сем’ях якіх захаваліся каштоўныя рарытэты.

Ружаны-замок_7231

У выставачнай зале свае работы можа выставіць на суд наведвальнікаў любы мастак.

У пачатку 2012 года на ўязной браме з’явілася скульптура святой Ганны, якая шанавалася як праваслаўнымі, так і  католікамі.

— Святая Ганна — бабуля Ісуса Хрыста, апякунка бяздзетных, ткацтва, маленькіх мястэчак… Дарэчы, статую ўстанавілі не проста так, — удакладняе Руслан Кніга, — выява святой узвышалася тут і раней, аднак на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў была знішчана. Аднавіць яе ўдалося па старажытных чарцяжах, дзе было ўказана і яе знаходжанне.

Аўтарства скульптуры належыць брэсцкаму майстру Аляксею Паўлючыку, вядомаму нам больш па скульптуры «Муха і Вец» у Пружанах.

— Забягаючы наперад, скажу, што статую дапоўняць і лаўровыя вянкі, якія будуць вянчаць аснову кампазіцыі. Рэшткі сапраўдных, якія некалі ўпрыгожвалі ўязную браму, будуць рэстаўраваны.

Нягледзячы на адсутнасць шырокай рэкламы, летась заданне па аказанні платных паслуг музей перавыканаў удвая. Таму сёлета планы куды больш амбіцыйныя: за год  (не ўключаючы выручку ад продажу тавараў сувенірнай лаўкі) супрацоўнікі музея павінны зарабіць 50 мільёнаў рублёў.

Ружаны-замок_7273

— Хаця турыстычны сезон звычайна адкрываецца толькі ў сярэдзіне красавіка, наплыў груп турыстаў быў ужо ў сакавіку, а гэта дае падставы меркаваць, што планы будуць выкананы і сёлета.

Наогул, з завяршэннем першай чаргі рэстаўрацыйных работ у музея з‘явіліся прываблівыя перспектывы. У першую чаргу яны звязаны з наданнем абласному фестывалю «Ружанская брама» статусу традыцыйнага, яго арганізацыя ідзе поўным ходам. Усе планы наконт сёлетняга тут не сталі раскрываць, але зазначылі, што запланавана навуковая канферэнцыя па вывучэнні і папулярызацыі гістарычнай спадчыны роду Сапегаў. Удзел у ёй прымуць навукоўцы, дырэктары музеяў і архіваў з пяці краін Еўропы. Варта згадаць, што ў адной з музейных залаў вісяць не толькі партрэты славутых гістарычных дзеячаў Сапегаў, але і фотаздымкі прадстаўнікоў магнацкага роду, якія жылі і жывуць у розных краінах свету.

Ружаны-замок_7290

— На некаторых продкаў Сапегаў, нашых сучаснікаў, мы выйшлі з запрашэннем прыняць удзел у «Ружанскай браме», — расказвае Руслан Сяргеевіч. — Таму спадзяемся, што хтосьці з іх знойдзе  магчымасць прыехаць на гістарычную радзіму ўжо сёлета і стане шаноўным госцем нашага свята. З рашэннем асноўных гаспадарчых праблем, павелічэннем колькасці штатных супрацоўнікаў плануецца арганізаваць туры па ўнікальных гістарычных мясцінах не толькі Ружаншчыны, але і Брэстчыны і, магчыма, нават Беларусі.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Аляксандр МЕЛЕШ (фота)