<p>Сучасны Чашніцкі раён у Сярэднявеччы быў надзейнай апорай Полацкага княства, дзе нараджаліся беларуская нацыя  і дзяржаўнасць<strong></strong></p>

Як паведамляе «Народнае слова»:

Адным з самых вядомых людзей Чашніччыны з’яўляецца Васіль Цяпінскі (Амельяновіч), беларускі пратэстанцкі перакладчык і пісьменнік другой паловы XVI ст. Удзельнічаў у Інфляндскай вайне, служыў у падканцлера ВКЛ Астафія Валовіча, апекуна рэфармацыйнага руху. В. Цяпінскі лічыцца пераемнікам Францыска Скарыны. У сваім маёнтку Цяпіна ён заснаваў друкарню, дзе выдаў перакладзенае на беларускую мову «Евангелле». Заклікаў пануючыя колы захоўваць традыцыі і звычаі продкаў, быў прыхільнікам удасканальвання школьнай асветы, каб зрабіць яе больш даступнай, разнастайнай і адпаведнай патрэбам грамадства, у тым ліку і простым людзям. Супрацоўнічаў з Сымонам Будным.

Сучасны Чашніцкі раён у Сярэднявеччы быў надзейнай апорай Полацкага княства, дзе нараджаліся беларуская нацыя  і дзяржаўнасць.

 Чашнікі

Ёсць тры версіі паходжання назвы райцэнтра. Першая: горад размешчаны ў нізіне, быццам ў чашы (адносна люстра Лукомльскага возера ніжэй на 35 м). Другая: тут было развітае ганчарства. Трэцяя: ад слова «чашнік» – пасада ў ВКЛ. Чалавек, які яе займаў, павінен быў наліваць вялікаму князю напоі, што падносіў да гаспадара падчашы. Пасада вядомая з 1409 года, з цягам часу яна ператварылася ў намінальную. Але стаць чашнікам ці падчашым мог не кожны. Трэба было здаць «кандыдацкі мінімум»: мець арыстакратычнае паходжанне і давер начальства. Пасада чашніка існавала і на павятовым узроўні.
Ад ХVI ст. Чашнікі належалі панам Лукомльскім, Кішкам, Сапегам, Патоцкім, Валадковічам. Апошні гаспадар у 1886 годзе пабудаваў кардонную фабрыку «Скіна», якая цяпер вядомая пад назвай «Чырвоная зорка».

Вялікі ўплыў на развіццё Чашнікаў аказала будаўніцтва напрыканцы ХІХ ст. Бярэзінскай воднай сістэмы, што звязвала Чорнае і Балтыйскае моры. На рацэ Уле ў Чашніках былі ўзведзены прыстань і майстэрні па вытворчасці гандлёвых суднаў. А многія жыхары займелі прафесіі лоцманаў і плытагонаў, дастаўляючы грузы і лес праз Улу і Дзвіну ў Рыгу. Развіваўся і гандаль. У Чашніках захаваліся старыя кварталы, у свой час пераважна заселеныя яўрэямі. Забудовы перадаюць атмасферу мястэчка канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Сярод архітэктурных помнікаў вылучаецца Спаса-Праабражэнская царква ХІХ ст., якую пабудаваў Вікенцій Валадковіч. Яна не закрывалася ў часы атэізму, і людзі прыносілі сюды абразы з разбураных храмаў.

Лукомль

З’яўляецца прыкладам таго, як збіваецца гістарычны код і ў выніку шматлікіх акалічнасцяў буйны сярэднявечны горад цягам стагоддзяў паступова ператвараецца ў малапрыкметны населены пункт. А ў свой час перад Лукомлем адкрываліся вялікія перспектывы.

На гарадзішчы археолагамі знойдзены артэфакты Днепра-Дзвінскай культуры (рубеж нашай эры), Банцараўскай культуры VI–VIII стст., у пазнейшых пластах выявілі касцяную шахматную фігурку ферзя і шмат іншых цікавых рэчаў. У ІХ ст. Лукомль займеў драўляна-земляныя ўмацаванні, што сведчыла пра статус аднаго з племянных крывіцкіх цэнтраў. Праўда, у наступным стагоддзі крэпасць была разбурана. Гісторыкі мяркуюць, што гэтая падзея адлюстравала канчатковы вынік барацьбы паміж Лукомлем і Полацкам за гегемонію ў Падзвінні. А так бы менавіта Лукомль сёння лічыўся «калыскай беларускай дзяржаўнасці». Тым не менш час уваходу ў Полацкае княства стаў пікам росквіту мястэчка. У ХІ–ХІІІ стст. паселішча месцілася на абодвух берагах ракі Лукомкі на плошчы каля 13 га і па памерах мала чым саступала Полацку. У пісьмовых крыніцах Лукомль упершыню згадваецца ў 1078 годзе ў «Павучанні» князя смаленскага і чарнігаўскага Уладзіміра Манамаха у час яго паходу на Усяслава Чарадзея. Сіметрычны ўдар па полацкім  княстве У. Манамах зрабіў за разбурэнне У. Чарадзеем Смаленскай і Ноўгарад-Северскай валасцей.

Канфлікты, якія перыядычна ўзнікалі паміж кіруючай элітай і далей не давалі спакойнага жыцця гораду. У 1386 годзе паспрачаліся за ўладу зводныя браты Андрэй і Ягайла (сыны Альгерда: першы ад віцебскай княжны Марыі, другі ад цвярской – Улляны). Андрэй з дапамогай Тэўтонскага ордэна хацеў аднавіць кантроль над Полацкім княствам, захапіў Лукомль і двое сутак вытрымліваў аблогу войскаў, якія паслаў Ягайла. А ў 1430-я гады на авансцэну выйшлі ўжо стрыечныя браты – Свідрыгайла Альгердавіч і Жыгімонт Кейстутавіч. У іх барацьбе Лукомль таксама адыграў значную ролю. Кропку паставіла Інфляндская (Лівонская) вайна. У 1563 годзе войскі Івана Грознага разбурылі замак, і з тае пары ён не аднаўляўся.

Сярод помнікаў археалогіі найбольшую ўвагу прыцягвае гарадзішча, альбо замчышча. Ёсць і курганны могільнік ХІ ст., знаходкі з яго сведчаць пра існаванне некропаля. Тут хавалі дружыннікаў старажытнага Лукомля, які так і не стаў сучасным горадам.

Але ХХ ст. паспрабавала аднавіць гістарычную справядлівасць, і побач з мястэчкам паўстаў горад.

Новалукомль

Самы малады горад Віцебшчыны ўзнік дзякуючы будаўніцтву Лукомльскай ДРЭС, якое пачалося ў 1964 годзе. Флагман беларускай энергетыкі ўзведзены на беразе аднайменнага возера.
Гараджане без перабольшвання жывуць у курортнай зоне – да возера ад бліжэйшага дома літаральна сто метраў. А на мясцовым пляжы для нязвыклага вока адкрываецца дзіўны прыродна-індустрыяльны пейзаж: пад небакрай сягае люстэрка возера, над якім узвышаюцца тры вялікія трубы самай магутнай на Беларусі электрастанцыі.

Чарэя

«У черейских собственная гордость» – так можна перафразаваць радок савецкага паэта ў адносінах да жыхароў гэтага населенага пункта. І сапраўды, пачуццё патрыятызму да сваёй малой радзімы ў месцічаў высокае. Згодна тутэйшай легендзе, на гэтых землях жыло ганарлівае племя шалаватаў. Але гісторыя маўчыць пра іх далейшы лёс.

Чарэя, таксама як і суседні Лукомль, калісьці была цэнтрам княства. У ХV ст. належала князям Пяструцкім, аднаго з якіх, Міхаіла Іванавіча, у 1433 годзе ўтапіў у Дзвіне згаданы вышэй Свідрыгайла Альгердавіч. На той час Альгердавага сына скінулі з вялікакняжацкага пасада (кіраваў пасля Вітаўта ў 1430–1432 гадах) і на яго месца абралі Жыгімонта Кейстутавіча. Але Свідрыгайлу падтрымалі ўсходнія землі ВКЛ, і ён замацаваўся ў Віцебску. Магчыма, М. Пяструцкага накіравалі ў цяперашні абласны цэнтр на перамовы, дзе ён і знайшоў сабе смерць.

На працягу 250 гадоў Чарэя належала магнацкаму роду Сапегаў, у тым ліку і канцлеру Льву Іванавічу. У канцы XVI ст. ён стаў фундатарам будаўніцтва першай у ВКЛ уніяцкай царквы і манастыра. Храм абарончага тыпу у стылі ранняга барока праектаваў італьянскі архітэктар, калі гэты накірунак толькі пачынаў фарміравацца на Апенінскім паўвостраве. Ад колеру сцен храм атрымаў назву «Белая царква». Яе рэшткі, падобныя на маяк, і цяпер узвышаюцца над возерам. Падчас Паўночнай вайны ў Чарэйскім манастыры размяшчалася зімовая кватэра Аляксандра Меншыкава. А ў вайну 1812 года у Чарэі знаходзіліся часткі і штаб французскага маршала Віктора.

Пасля Сапегаў мястэчкам валодалі Мілашы. У 1877 годзе ў сям’і гаспадароў нарадзіўся сын Оскар – французскі паэт, літоўскі дыпламат, дзядзька і настаўнік лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Чэслава Мілаша. Чарэю часта наведваюць госці з замежжа.

Канешне, у Чарэі цяпер «няма таго, што раньш было». Але шмат чаго захавалася. А яшчэ мястэчка можна назваць краем бэзу. Гэтая расліна вельмі тут папулярная з часоў Мілашаў. Так што ў канцы мая – пачатку чэрвеня водар бэзу ахінае ўсе ваколіцы Чарэі.

Капцэвічы

8 кастрычніка 1812 года ад напалеонаўскіх войскаў быў вызвалены Полацк, і французскі корпус Сен-Сіра адступіў у напрамку Ушачы–Лепель–Чашнікі. Каля Капцэвічаў ён злучыўся з часткамі маршала Віктора, што падышлі з-пад Смаленска. 19 кастрычніка французаў атакавалі рускія войскі пад камандаваннем Вітгенштэйна. Бітва за Чашнікі доўжылася цэлы дзень. Французы вымушаны былі адступіць у Сянно. У 1962 годзе ў памяць пра тыя падзеі ў Капцэвічах усталявана стэла.

Кажары

На мясцовых могілках знаходзіцца 18 каменных крыжоў, якія датуюцца XIII–XVI стст., на асобных – надпісы на стараславянскай мове. Побач з крыжамі вялікая колькасць пліт, высечаных з мясцовага шэрага граніту.

Раім наведаць і гістарычны музей у Чашніках. Тут можна пабачыць унікальныя рэчы, сабраныя па вёсках раёна: вялікі абраз з Божым вокам; куфар, распісаны пальцам; маленькі хамут, з дапамогай якога жарэбчыка прывучалі да працы; падручнік геаграфіі, выдадзены па-беларуску ў 1911 годзе; знакамітую спадніцу «з хвастом» (перад у ёй прамы і роўны, а задняя частка даўжэйшая і мае шмат складак – такім чынам сялянкі хацелі быць падобнымі да паненак). Дарэчы, у музеі багатая калекцыя аўтэнтычных сялянскіх строяў, якія сёння каштуюць звыш 5 тысяч долараў.

Беражыце бабуліны куфры – гэта сапраўдная спадчына!

Сяргей Кавалеўскі