https://www.traditionrolex.com/8
<p>У вёсцы Луткі ўжо некалькі гадоў запар адзначаецца свята Юр’я так, як некалі святкавалі яго нашы продкі</p>

Як паведамляе газета «Навiны Палесся»:

Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына… І традыцыі, і абрады. І вельмі прыемна, калі некаторыя з колішніх абрадаў знаходзяць месца ў цяперашнім сучасным жыцці.

У нашай вёсцы Луткі ўжо некалькі гадоў запар адзначаецца свята Юр’я так, як некалі святкавалі яго нашы продкі.

У народзе існуе павер’е, што гэты дзень надзелены цудадзейнай сілай, бо менавіта Юрый з’яўляецца ахоўнікам свойскай жывёлы і сельскай гаспадаркі.

Для правядзення абраду пякуць каравай, які абавязкова павінен быць вялікім (як і будучы ўраджай) і ўпрыгожаным кветкамі. Таксама ўпрыгожваюць вышытым фартухом граблі. Прыбраныя ў вышытыя колішнія сукенкі, спадніцы жанчыны і адзін мужчына, які нясе граблі, ідуць спачатку на калгаснае поле і, спяваючы, водзяць там карагод.

Сёлета карагоднікі песнямі ўшанавалі нашу нядаўна пабудаваную царкву, бо менавіта яна і стала асноўным «віноўнікам» адраджэння гэтай маляўнічай традыцыі, паколькі будаўніцтва патрабуе вялікіх матэрыяльных затрат. Працягваючы спяваць, карагоднікі накіраваліся ў вёску, дзе вадзілі карагод каля кожнага двара, бо «дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць, дзе не бывае, там жыта ўлягае». Задаволеныя гаспадары шчодра дзякавалі спевакам за шчырыя пажаданні багатага ўраджаю.

Відовішча гэта вельмі прыгожае, яркае, цікавае. Гледзячы на тыя вышытыя сукенкі ды спадніцы, адчуваючы пазітыўную энергетыку ўдзельнікаў фальклорнага гурта Луткаўскага сельскага клуба, хацелася і  самой так апрануцца і з песняй пайсці за карагодам.

Yuri21

Вялікі дзякуй гэтым актывістам за тое, што,  нягледзячы на стомленасць, ёсць жаданне ісці на царкоўны звон у свой утульны храм, вадзіць карагод ды спяваць песні, тым самым захоўваючы традыцыі і абрады роднага краю. Я ганаруся гэтымі адважнымі, моцнымі духам, вясёлымі і жыццярадаснымі людзьмі, а таксама сваім бацькам, які з’яўляецца загадчыкам нашага сельскака клуба і дзякуючы якому я шмат ведаю пра традыцыі родных мясцін.

Кацярына  ЛЕСЬКА

https://www.traditionrolex.com/8