<p>Такое меркаванне выказаў Мікалай Чырскі, старшыня Беларускай грамадскай арганізацыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, пасля чарговай атэстацыі маладых спецыялістаў</p>

Такое меркаванне выказаў Мікалай Чырскі, старшыня Беларускай грамадскай арганізацыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, пасля чарговай атэстацыі маладых спецыялістаў, якая адбылася на мінулым тыдні.

Па ягоных словах, маладыя гіды выдатна прадэманстравалі веданне гісторыі Беларусі і замежных моў. Апошняе асобна ацэньвалі выкладчыкі з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Такім чынам, былі прадстаўленыя тэксты на англійскай, іспанскай, нямецкай, французскай, польскай і турэцкай мовах. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі невялікі замежны турпаток, асабліва гэта датычыцца арганізаваных еўрапейскіх турыстаў, Мікалай Чырскі лічыць, што спецыліясты, якія б маглі правесці экскусіі на розных мовах, павінны быць. «Адзін з гідаў, які абараняўся на турэцкай мове, ужо мае невялікі вопыт правядзення экскурсій на турэцкай мове. А паколькі ў нас добрыя сувязі ў эканоміцы з Турцыяй, замежнікі прыязджаюць сюды вельмі актыўна, – кажа суразмоўца. – Сёння існуюць праблемы з методыкай, але гэта пытанне часу. Адразу досвед з’явіцца не можа. Галоўнае, што ў моладзі ёсць жаданне працаваць і развівацца».

Чым адрозніваецца новае пакаленне экскурсаводаў і ці гатовыя сталыя і дасведчаныя спецыялісты саступіць ім месца? «Сёння моладзь больш упэўненая і камунікабельная. Гэта вельмі важныя якасці для экскурсавода. Але працы хопіць усім. Турыстычная арганізацыя сама вызначае, каго яна хоча бачыць у падарожжы, хто пасуе больш – малады ці сталы чалавек. Хачу сказаць, што малады, можа, напачатку і менш раскажа турыстам, але менавіта за маладосць яму даруюць гэта і дадуць добрую адзнаку ягонай працы», – падсумаваў Мікалай Чырскі.