https://www.traditionrolex.com/8
<p>... Пасля апошняй паездкі на Палессе я пераканалася, што гэты край мусіць стаць абавязковым пунктам у праграме для замежных турыстаў. Толькі вось багатай прыроды ды гістарычнай спадчыны недастаткова, патрэбна развіваць інфраструктуру. Як з гэтым справы на Піншчыне, мы пабачылі на свае вочы</p>

Гады тры таму да нас прыязджалі немцы. Як сапраўдныя гасцінныя беларусы мы вырашылі паказаць ім нашу краіну. І ўжо звыкла накіраваліся з Гродна ў Навагрудак, Мір ды Нясвіж. Нашы нямецкія сябры з цікаўнасцю разглядалі касцёлы, замкі ды палацы, але адчувалася, што ім было сумнавата. Найбольш іх ажывіла і зацікавіла возера Свіцязь. Вось адкуль іх было проста немагчыма выцягнуць! А яшчэ кірмаш у Навагрудку, дзе бабулькі прадавалі гуркі, памідоры, а на вялікіх прылаўках ляжалі страшныя свіныя галовы. Вось гэта для іх была экзотыка! Спачатку мы нават пакрыўдзіліся – настолькі ім была нецікавая наша гістарычная спадчына. Але крыху паразважаўшы, зразумелі, што не туды іх трэба было везці, каб здзівіць і паказаць Беларусь. Бо для еўрапейцаў, якія, лічы, у кожнай вёсцы маюць ці то царкву, ці то свой замак і Х, і ХІІ стагоддзяў, звыкла бачыць такія будынкі. Пасля апошняй паездкі на Палессе я пераканалася, што гэты край мусіць стаць абавязковым пунктам у праграме для замежных турыстаў. Толькі вось багатай прыроды ды гістарычнай спадчыны недастаткова, патрэбна развіваць інфраструктуру. Як з гэтым справы на Піншчыне, мы пабачылі на свае вочы

DSC_0249

Падарожжы па Беларусі мы звыкла плануем самастойна. Усё пачынаецца з аднаго населенага пункта, які нас зацікавіў. І ўжо пры дапамозе праваднікоў ды водгукаў у інтэрнеце мы дапаўняем праграму навакольнымі гарадамі ды вёскамі. Гэтым разам нашай галоўнай задачай было убачыць Пінск, але, паколькі горад добра вядомы турысту, зараз хочацца сканцэнтравацца на вёсках, якія нас найбольш здзівілі і ўразілі падчас нашага падарожжа.

Мы распрацавалі вандроўку такім чынам, каб па дарозе яшчэ зазірнуць у Нясвіж. Там мы пашпацыравалі па Радзівілаўскім парку ды палацы, убачылі новыя залі. Дарэчы, упершыню ў Беларусі гіды самі падыходзілі да нас, турыстаў, і прапаноўвалі купіць экскурсію. Такая звыклая карціна для любога турыстычнага горада у Нясвіжы нас прыемна здзівіла. На выхадных горад пераўтвараецца ў імклівы культурны цэнтр. І бачна, як з кожнай гадзінай паркоўкі побач з палацам усё больш і больш запаўняюцца аўтамабілямі і аўтобусамі.

Дарэчы, аўтастаянкі – гэта адна з праблем, пра якую часта кажуць і турысты, і экскурсаводы, якія бываюць у Нясвіжы. Аднак зараз побач з палацам існуе дзве вялікія платныя паркоўкі. Кошт фіксаваны – 5 тысяч рублёў. Нягледзячы на гэта, многія аўтобусы – пераважна з мінскімі нумарамі – паркуюцца паводдаль пад знакам, які забараняе спыненне і стаянку.

Наогул у Нясвіжы найбольш турыстаў менавіта з Мінску ды Расіі. Аднак мы заспелі ў замку экскурсію для літоўскіх падарожнікаў. Праводзілі яе, праўда, на рускай мове. З замежных у замку можна замовіць экскурсію толькі на польскай ды англійскай мовах. Экскурсія праходзіць даволі хутка і толькі ў самых агульных рысах знаёміць турыста з гісторыяй палацу і родам Радзівілаў. З тых двух аповедаў, якія нам давялося паслухаць, зразумець паслядоўнасць гісторыі немагчыма. Але дадатковых пытанняў турысты не задавалі, таму цалкам верагодна, што прадастаўленай ім інфармацыі хапіла. У параўнанні з папярэднім прыездам у Нясвіж, мы заўважылі, што стала больш сувеніраў. Праўда, сярод іх знайшлося шмат недарэчных. Напрыклад, якое дачыненне да Радзівілаў і іх жыцця мае кніга грузінскай паэзіі ці гісторыя савецкіх плакатаў? Пасля Нясвіжа ў Пінск мы рухаліся фактычна без прыпынкаў. З мястэчак за нашай спінай засталіся Капыль і Ганцавічы.

Тое, што мы апынуліся на Палессі, заўважылі адразу – магутныя і вельмі шчыльна засаджаныя дрэвы ў лясах паабапал дарогі і вада, з якой прарастае трава літаральна ў некалькіх сантыментрах ад асфальта. Складана ўявіць, але яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму тут наогул не было дарог, усё засцілалі балоты. Менавіта таму для мясцовых жыхароў не толькі ровар – звыклы від транспарту, але і човен. Праўда, зараз майстроў засталося ўсё менш дый вёскі на Піншчыне, як і па ўсёй Беларусі, выміраюць. Дзе-нідзе бачым аднолькавыя зялёныя ці чырвоныя дахі. Значыць, аграгарадкі – наштампаваныя па ўсёй краіне. А вось драўляныя хаты ўсё больш прыходзяць у занядбанне. У такі час добра бачна, ці жыве хто тут. Калі бур’ян такі, што нават сцежкі не відаць, – хата закінутая, стала тут ніхто не жыве дый на выхадныя не прыязджае. Як пацверджанне – аб’ява, што аўталаўка завітвае сюды два разы на тыдзень, на паўгадзіны.

DSC_0288

Такіх хат багата ў вёсцы Кудрычы. Вёска, між іншым, унікальная. Нешматлікія яе жыхары не здзіўляюцца, што тут сноўдаюцца турысты. Іх здзіўляе, чаго яны сюды прыехалі. У суседняй вёсцы Курадава нас распытваюць, навошта мы тут ходзім і фатаграфуем. Самі людзі ўнікальнасці ніякай не бачаць. І стрэхі, крытыя чаротам, і вужы, што валяюцца проста на дарозе, і старыя драўляныя чоўны ля рэчкі, – усё гэта звыклае і «неперспектыўнае». Так кажуць яны самыя.

DSC_0276

Вёска Кудрычы, казалі нам бывалыя турысты, адметная сваімі стрэхамі – яны не з шыферу, а з чароту. Апынуўшыся тут, мы адразу пачалі прыглядацца і шукаць «тыя самыя хаты». І хутка знайшлі. Па выглядзе, зараз у іх ніхто ўжо не жыве. Хіба толькі буслы на дахах. Тут іх сапраўды шмат. На людзей яны паглядаюць з недаверам, а побач са слупамі, дзе таксама іхнія гнёзды, можна ўбачыць раскіданых вужоў. Кажуць, што прыязджаць у гэтыя мясціны трэба ўлетку. Бо вясною паўсюль стаіць вада. І з вострава на востраў (а тут іх сем) можна праехаць толькі на возе ці лодцы. Пасля вайны ў Кудрычах было 110 хат, цяпер засталося каля 10. У асноўным жывуць сталыя людзі, улетку прыязджаюць дзеці з горада дапамагчы на агародзе. Але бачна і некалькі новых хат. Сюды і ў суседнія вёскі прыязджаюць расіяне. Яны купляюць тут зямлю, будуюць дамы і, нягледзячы на адлегласць, прыязджаюць два разы на месяц.

Замежныя турысты бываюць тут часта, аднак надоўга не затрымліваюцца, бо і ўмоў асаблівых не створана. Была ідэя стварыць тут этнаграфічны цэнтр, але ў бюджэце грошай на гэта чыноўнікі не знаходзяць дый інвестары сюды не спяшаюцца.

DSC_0297

У суседняй вёсцы Курадава жыццё ідзе больш імкліва, хоць мясцовыя жыхары кажуць, што так толькі летам – гарадскія прыязджаюць сюды, як на лецішча. Ёсць у вёсцы і свае абарыгены – Барыс і Гена, якія з задавальненнем пакажуць дарогу да бліжэйшай аграсядзібы, а пасля яшчэ прыйдуць ды правераць: ці не заблукалі вандроўнікі?

DSC_0275

Наогул людзі на Палессі сваеасаблівыя. Вітаюцца яны не проста «Добры дзень», а дадаюць: «Каб вы былі здаровымі». Убачыўшы турыста, стараюцца размаўляць па-руску, і мы спачатку нават засмучаемся, што не пачуем сапраўдную палескую гаворку. Аднак крыху расслабіўшыся, родная мова бярэ сваё, і пачынаецца гаворка на польска-украінска-беларускай, што з нязвычкі не адразу можна зразумець, што ад цябе хочуць. Людзі на Піншчыне вельмі працалюбівыя  і, як зараз модна казаць, прадпрымальныя. Мець 40 сотак зямлі, прыватны бізнес і дадатковую працу лічыцца нормаю, а пытанні кшталту «І як вы ўсё паспяваеце?» тут не разумеюць. Прыродныя асаблівасці сплацілі людзей. Бо калі на Палессі не будзеш дапамагаць суседу, не пражывеш. Тут спрадвеку ўсё трымалася на агульнай працы, дапамозе і паразуменні.

Першапачаткова мы збіраліся спыніцца ў гарадской гасцініцы. Дарэчы, у Пінску ажно шэсць гатэляў. Аднак палічыўшы, што адпачынак на аграсядзібе будзе каштаваць нам гэтаксама, а ўражанняў мы атрымаем значна больш, было вырашана праехаць лішніх 25 кіламетраў да Курадава. Па словах гаспадыні, самыя частыя яе госці – мінчане і палякі. Жыхары Пінска на аграсядзібы ездзяць неактыўна. Няма яшчэ разумення, што гэта таксама адпачынак, за які нешкада аддаць грошай. Пакуль у людзей ёсць хаты, якія засталіся ад бабуляў і дзядуляў, ім складана ўспрымаць вясковы адпачынак як паўнавартасны. А вось для «дзяцей асфальту» – мінчан пабыць колькі дзён на свежым паветры – сапраўдная радасць. Таму шпацыруючы раніцай па тамтэйшых ускраінах, увесь час трэба сябе спыняць, каб не спяшацца, бо тут нікуды не спознішся.

DSC_0381

Знаходзіцца вёска ў сапраўднай глушы. Ад Пінска мы ехалі на цеплаходзе. Гэта, дарэчы, звычайны транспарт для мясцовых жыхароў. Таму не дзіва ўбачыць на ім і турыстаў, і дачнікаў. Білет каштуе каля 10 тысяч рублёў, дарога займае крыху больш за гадзіну. Але апошні прыпынак – вёска Крывічы, а да Кудрычаў яшчэ з кіламетраў 10. Тут нас забіраюць на машыне, і мы, крадучыся на мінімальнай хуткасці, накіроўваемся да аграсядзібы.

DSC_0185

Дарогі гравійныя, пыл падымаецца страшны. Калі насустрач едзе аўтамабіль, што здараецца рэдка, трэба хутка зачыняць вокны, каб не трапілі клубы пылу. Мясцовыя жыхары ганяюць тут на звыклай хуткасці, таму турыстаў бачна здалёк – яны баяцца за падвеску і рухаюцца ледзь-ледзь. Зямля на полі, дзе расце жыта, проста смаляная, а побач прарытыя каналы для вады. Ужо сядае сонца, і рапсавыя палі на гэтым фоне выглядаюць проста касмічна. Пакуль у Мінску толькі з’яўляліся дзьмухаўцы, тут яны ўжо пакрыліся белым пухам, а мясцовыя жыхары сабіралі першы ўраджай сваіх агуркоў. Велізарныя цяпліцы – гэта таксама асаблівасць гэтага рэгіёну. Увесь агарод, а тут яны сапраўды вялікія, зацягнуты белай плёнкай. Такое можна ўбачыць тут ды яшчэ на Століншчыне.

DSC_0226

У калегі, які нарадзіўся на Піншчыне, пытаем, ці варта браць з сабой якія сродкі, каб бараніцца ад камароў. «Я б вам параіў узяць з сабою стрэльбу!» – жартуе ён. І ўвечары мы разумеем, што жарт быў блізкім да праўды – такіх вялікіх камароў мы бачылі ўпершыню і ў такой колькасці таксама. Таму нават у самае спякотнае лета трэба мець з сабой адзенне з доўгім рукавом ды спрэй супраць насякомых.

Гаспадыня аграсядзібы прыгледзела дом у Кудрычах даўно. Чаму вырашыла займацца гэтай справай? Ды проста самой цікавы турызм, хоць усё жыццё яна працавала ў сферы страхавання. Апроч самой сядзібы, тут маецца музей вясковага побыту, дзе можна паглядзець на саматканыя рушнікі, радзюжкі, прылады працы нашых дзядоў і гліняныя вырабы рэгіёну. Нядаўна ў вёсцы здарылася бяда – недзе па суседству ці то спальвалі смецце, ці то забаўляліся з шашлыком, але вогнішча ахапіла вялікія тэрыторыі. Дайшло і да мясцовага лесу, куды гаспадыня сядзібы любіць хадзіць сама і са сваімі гасцямі.

DSC_0309

Жыццё і ў Кудрычах, і ў Курадава ідзе спакойна, і нам, мітуслівым мінчанам, захацелася вярнуцца сюды яшчэ раз. Шлях неблізкі, дый дарогу да Курадава наўрад ці зробяць якаснай і зручнай для турыстаў, але нават нягледзячы на гэта, убачыць яшчэ раз Прыпяць і сем палескіх астравоў варта!

https://www.traditionrolex.com/8