<div class="intro">Гэта рытарычнае пытанне. Канешне, ехаць, калі ты жывеш не ў Гродне, і, безумоўна, ісці, калі ты гродзенец</div>

Як паведамляе "Твой Стыль":

Гэта рытарычнае пытанне. Канешне, ехаць, калі ты жывеш не ў Гродне, і, безумоўна, ісці, калі ты гродзенец.

Такая падзея адбываецца толькі раз у два гады. Мы склалі TOP-10 прычын наведаць ІІІ Фестываль моладзевай журналістыкі “Твой Стыль”, нават калі ты не журналіст і ніколі не задумваўся пра тое, каб такім стаць (альбо пакуль што не задумваўся…)

1. Калі яшчэ здараецца такая магчымасць даведацца пра кухню тэлебачання, радыё і газет? Толькі на тры дні фестывалю медыйныя зоркі сыйдуць з экранаў і эфіраў, каб проста і шчыра пагутарыць  пра таямніцы свайго рамяства з усімі жадаючымі. Дарэчы, геаграфія вядучых майстар-класаў гэтым разам як ніколі шырокая: Кіеў, Варшава і, канешне, Мінск.

2. Перафразуючы вядомае выслоўе, “убачыць Гродна і …” У наш горад прыемна прыязджаць проста так пашпацыраваць па вуліцах ды пасядзець на гары каля замкаў.  Мерапрыемствы фэста напоўняць знаходжанне ў Гродна мноствам цікавых знаёмстваў і ўражанняў. Мы падрыхтавалі вандроўку па журналісцкай Гародні. Яе аўтар, краязнаўца Віктар Кірэеў –  жывая энцыклапедыя – можа распавядаць бясконца, а нашыя валанцёры з радасцю дапамогуць з’арыентавацца ў горадзе тым, хто трапіць сюды ўпершыню.

nn

3. Пабачыць блогера Ліпковіча ў жывую. Вам жа цікава, хто гэты чалавек, здольны ўзрываць беларускую інтэрнэт-прастору?

4. Паглядзець беларускае дакументальнае  кіно разам з ягонымі рэжысёрамі.  Гэта адзнака добрага тону, спадарства!

5. Вы ведаеце, што такое тэрменвокс? Мы таксама не ведалі. Адзінкавыя выступы ў Беларусі, сярод якіх электронна-музычны перформанс на фестывалі.

6. Разжыцца арыгінальнымі сувенірамі на фестывальным  аўкцыёне. “Медыйныя” хэнд-мэйд паштоўкі – гэта далёка не ўсё!

7. Паслухаць добрую музыку.  Два цудоўныя фальклорныя гурты на адной сцэне 26 мая. Трыа “АКАНА” -  акапэльна і аўтэнтычна. Гурт “Людзі на балоце”  – рокава і акустычна.

nerazluchniki

8. Пазнаёміцца са стваральнікамі класных рэгіянальных інфармацыйных сайтаў, натхніцца і стварыць свой.

9. Замест таго, каб валяць дурня, зваляць завушнічкі ці пацеркі, ці яшчэ сваімі рукамі зрабіць што-небудзь прыгожае на майстар-класе хэнд-мэйд майстроў.

10. Сапраўды ніколі не задумваліся, каб стаць журналістам? Наш фестываль – найлепшае месца, каб зразумець, што такога знаходзяць людзі ў гэтай прафесіі.

Да сустрэчы на фэсце!
ТС