Музей КДБ i «Успаміны Бацькаўшчыны»

29.05.2012 - Новости

Музей КДБ i «Успаміны Бацькаўшчыны»

Праз церні – да музеяў. Невядомыя факты з нашых скарбніц

Як паведамляе «Брестский курьер»:

Героямі гэтага артыкула з’яўляюцца музеі. Зусім розныя па зместу, яны агульныя адным – дабрацца да іх без вялікага на тое жадання вельмі цяжка.

Музей КДБ

Маецца на ўвазе музейны пакой у Брэсцкім упраўленні Камітэта дзяржбяспекі, адкрыты ў 2006 годзе. Калі я збіралася, добрая знаёмая прапанавала дзве версіі, што я там магу знайсці. Па першай версіі гэта былі прылады для катаванняў, згодна з другой – паказчыкі службовай доблесці чэкістаў.

Але калі сур’ёзна, то характар музея вызначае той факт, што беларускі КДБ выводзіць свой пачатак ад рэвалюцыйнага ВЧК. Партрэт Дзяржынскага, зразумела, на самым пачэсным месцы. Гэтак спецслужбоўцы аддаюць даніну павагі заснавальніку іх ведамства. Тут жа – выява генеалагічнага дрэва, на якім чырвоным адзначана галінка жыцця «жалезнага Фелікса», яго радавы герб.

Разам з тым асобная экспазіцыя аддадзена перыяду Вялікага княства Літоўскага. Тут можна ўбачыць і Статут ВКЛ, у некалькіх раздзелах якога прапісана пра тагачасны дзяржаўны вывед, адказнасць за дзейнасць на шкоду княству, здраду і дапамогу замежнай дзяржаве. Усе старое, як свет: у сучасным Крымінальным кодэксе Беларусі гэтыя раздзелы пададзены ў сучаснай трактоўцы. Побач на стэндзе змешчаны муляжы старажытнага мяча і шчыта з выявай патрыяршага крыжа, якімі нашы продкі бараніліся ад варожай навалы.

«Упершыню ў экспазіцыі пададзены матэрыялы пра дзейнасць савецкай разведкі і спецыяльных вайсковых фарміраванняў на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, а таксама пра процідзеянне ім польскага контрвыведу. Не вядомыя раней дакументы паведамляюць пра дзейнасць савецкай фільтрацыйнай камісіі, якая дзейнічала напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і забяспечвала выезд у Германію з СССР т. зв. асоб нямецкай нацыянальнасці», – заўважае мой беларускамоўны гід па музею Міхаіл Шаркоўскі.

3

Мяне асабіста ўсхвалявала экспазіцыя, прысвечаная ваеннаму і пасляваеннаму часу. У прыватнасці, тут змешчаны разнастайныя матэрыялы пра збройнае змаганне на Палессі, што ўзнікла ў выніку саветызацыі і барацьбы з ёю. Выразна адчуваецца, колькі крыві тады пралілося. І перажылі ж нашы дзеды і бабулі такія мітрэнгі!

А яшчэ музей дэманструе, што аднаўленню Крыжа Еўфрасінні Полацкай таксама спрыялі кадэбісты. І, відаць па ўсім, фактам гэтым яны вельмі ганарацца. Тут не толькі фотаздымкі па тэме, але і чарнавік сярэбранай пласціны з крыжа. Дарэчы, асобныя супрацоўнікі ўпраўлення атрымалі за садзейнічанне стварэнню копіі крыжа высокія царкоўныя ўзнагароды.

Фальшывыя грошы, манеты, наркотыкі (як выявілася, несапраўдныя), зброя, прылады для хітрага перасячэння мяжы – гэтыя экспанаты расказваюць пра тое, чым займаўся КДБ у апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя.

Музей упраўлення КДБ пакуль не назаваеш публічным – такім, як у Вільні. Тым не менш тут паказаны асобныя рассакрэчаныя дакументы, якія, безумоўна, могуць зацікавіць даследчыкаў.

 «Успаміны Бацькаўшчыны»

У гэты музей складана трапіць зусім па іншай прычыне. Далёка ад горада, і нічым асабліва, акрамя як уласным транспартам, у глухую пушчанскую вёску Стойлы ў Пружанскім раёне не даедзеш. Паколькі мне вельмі хацелася, то я рызыкнула пайсці пехатой праз лес 15 км, нават не дамовіўшыся напярэдадні з уласнікам музея дзедам Тарасюком.

2

Але народнага майстра я не сустрэла, бо, як кажа жанчына, што завіхалася ў яго доме, Мікалая Васільевіча з інсультам паклалі ў бальніцу акурат у дзень яго народзінаў. Гаспадыня і яе 92-гадовая маці шкадуюць дзеда, але і павохкваюць: «Ну нашто яму тое хазяйства? Купіў бы усё ў лаўцы. Колькі разоў яму пра тое казалі, але ён усё гаворыць, што без працы не можа жыць».

Мікалаю Тарасюку 8 мая споўнілася 80 гадоў. Але ён дагэтуль трымае дзвюх свіней, качак, гусей, індыка, пчол і абрабляе 40 сотак зямлі. Не кажу ўжо пра тое, што не губляе натхнення рабіць свае драўляныя фігуркі, якія і насяляюць музей «Успаміны Бацькаўшчыны».

Старажылы ўспамінаюць, што раней у Стойлах было ажно 40 двароў, у што неяк не верыцца, гледзячы на адзіны двор Мікалая Тарасюка. Нават з суседняй вёскі праз зараснікі не відаць яго сядзібы, маўчу ўжо пра тое, што вёска-хутар перастала пазначацца на картах.

Каб зайсці ў Стойлы з суседніх Шчарбоў, трэба крочыць праз Левую Лясную па вельмі ненадзейнай кладцы, па якой ходзяць дзед і жанчыны  штодзень. Той жа раённы аддзел культуры мог бы наладзіць суботнік ды зрабіць людскі масток праз рачулку.

get_img

У самім музеі таксама не ўсё ў парадку, улічваючы яго ўнікальнасць для Беларусі. Асноўная праблема – шашаль, што без разбору паядае драўляных людзей. Нам жа гэта трэба захаваць на вякі, няўжо нельга выдзеліць дзеду трохі грошай, каб ён спецыяльныя сродкі ад насякомых купіў, ці проста яму іх прывезці? Дарэчы, па сведчаннях гаспадынь, што дзеду дапамагаюць, пенсія ў Тарасюка вельмі сціплая. Можа, таму і не можа ён вырашыцца кінуць вялікую гаспадарку.

Нягледзячы на гэтыя сумныя моманты, уражанняў ад наведвання пушчанскага музея за край. Адна справа – разглядаць цацачны народ на кірмашах і зусім другая – бачыць, як добра і весела ўжываецца ён пад дахам музея, хоць там і вельмі цесна. Нядзіўна, што дзедам так захапляюцца знаўцы народнай творчасці з розных краін свету. Беларусаў жа яшчэ толькі чакае асэнсаванне дзеда Тарасюка як брэнда краіны. Дай Бог, каб майстар да гэтага дажыў.

Іна ХОМІЧ

Рубрики: Музеи

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах