https://www.traditionrolex.com/8
<p>26 мая ў Лідзе пад старшынствам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі праходзіла нарада па пытаннях рэстаўрацыі мясцовага замка і яго прыстасавання пад музейны комплекс. Як вядома, Лідскі замак уключаны ў дзяржаўныя праграмы «Замкі Беларусі» і «Культура Беларусі»</p>

Як паведамляе «Культура»:

26 мая ў Лідзе пад старшынствам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі праходзіла нарада па пытаннях рэстаўрацыі мясцовага замка і яго прыстасавання пад музейны комплекс. Як вядома, Лідскі замак уключаны ў дзяржаўныя праграмы «Замкі Беларусі» і «Культура Беларусі».

Нарада адбылася, так бы мовіць, «у палявых умовах»: проста ў замкавым двары. Такім чынам увесь комплекс будаўнічых праблем быў навідавоку. Так, напрыклад, існуе патрэба выпраўлення браку пры вымуроўцы байніц, што меў месца яшчэ ў 1980—1990-х гадах. Міністр адзначыў, што Лідскі замак на сённяшні дзень — трэці па значнасці пасля Міра і Нясвіжа аб’ект у сваім шэрагу. Краіна чакае, калі ён нарэшце стане паўнавартасным музейным і турыстычным комплексам.

Ішла гаворка пра канкрэтную суму грошай, патрэбную на першачарговыя работы і на перспектыву. Абмяркоўвалася магчымасць далучэння розных суб’ектаў гаспадарання да фінансавання адбудовы замка. Як падкрэсліў Павел Латушка, рэстаўрацыйныя работы павінны быць выкананы ў запланаваныя тэрміны і з высокай якасцю.

Міністр звярнуў увагу на тое, што будаўнічая пляцоўка займае надта шмат месца. Калі будаўнікоў крыху «ўшчыльніць», дык на вызваленай тэрыторыі ўжо сёння можна шырэй разгарнуць тыя мерапрыемствы і імпрэзы, які сёння адбываюцца, лічы, на пятачку ля брамы, — такім чынам з’явіцца магчымасць павялічыць прыбытковасць замка як турыстычнага аб’екта. Увогуле, замкавы двор — гэта першае, што мусіць быць даведзена да ладу. Наступны этап — вежы.

У дзень нарады ў замку было шмат наведвальнікаў, у асноўным — школьнікі. Наведвальнікі ахвотна фатаграфаваліся побач з «рыцарамі» — супрацоўнікамі музея ў сярэднявечных строях. Ахвотныя маглі пастраляць у мішэнь з лука, патрымаць у руках рэканструяваныя мячы або паўдзельнічаць у майстар-класе па старажытных танцах.

Па заканчэнні нарады міністр агледзеў музейную экспазіцыю, разгорнутую ў адрэстаўраванай вежы. Яна распавядае пра замак у кантэксце гісторыі беларускага Сярэднявечча. У пакоях вежы праводзяцца тэатралізаваныя імпрэзы — рэканструкцыі гістарычных падзей, вельмі прывабныя для мясцовых жыхароў і турыстаў, у тым ліку і замежных гасцей.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
https://www.traditionrolex.com/8