https://www.traditionrolex.com/8
<p>На гэта рэлігійнае свята тут заўсёды збіраюцца мясцовыя жыхары, каб паўдзельнічаць у малебне, праводзімым святаром, і набраць пасвянцонай вады. Але апошнім часам  да гэтай падзеі падключыліся і культработнікі. Яны правялі фальклорную экспедыцыю, каб лепш вывучыць традыцыі святкавання Тройцы ў тутэйшых мясцінах, і падрыхтавалі сваю абрадавую праграму. Паступова кола ўдзельнікаў свята значна расшырылася: сюды сталі прыязджаць і з Чавус, Магілёва</p>

Як паведамляе «Iскра»:

Па прасёлкавай дарозе, хоць напярэдадні яе падраўняў грэйдэр, надта не разгонішся, і ланцужок легкавых аўто, што збочыў ля Кузьмініч з шашы, рухаецца павольна. Затое ёсць час палюбавацца краявідамі. Аксамітны луг з «украпленнямі» ліловых кветак.  Масток праз Проню, на беразе якой застыў рыбак у чаканні клёву. Лёгкі ветрык прычэсвае густыя хвалі збажыны. Неўпрыкмет паглыбляемся ў лес, арыентуючыся па ўказальніках з надпісам «Байкава». І вось ужо чуваць гукі музыкі…

На палянцы, дзе мелі адбыцца «Зялёныя святкі», не пратаўкнуцца ад машын, прыпаркаваных па абодва бакі дарогі. Ледзьве знайшлі свабоднае месца паміж дзвюх сасонак. Але, бадай, самымі першымі сюды прыехалі культработнікі. Яны паспелі ўжо аформіць імправізаваную сцэнічную пляцоўку для сваёй абрадавай праграмы і пачаць выступленне.

А насупраць, заняўшы некалькі сталоў і вялікі стэнд, размясцілася выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, работы для якой (малюнкі, бацік, мяккія цацкі, вырабы з бісеру, кераміку і іншае)  прадставілі дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў і мастацкіх рамёстваў, Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Цэнтр культуры і вольнага часу. Імі можна было не толькі палюбавацца, а і купіць тое, што спадабалася. Тут жа праводзіла майстар-клас па пляценні з паперы метадыст Цэнтра культуры і вольнага часу Н.Ф. Тарасенка. Яе вырабы – кошыкі,  кветкі, капелюшы – прыцягвалі ўвагу многіх сваім прафесійным выкананнем.

свята-1

Сцякаліся чэргі і на апетытны пах шашлыкоў, якія рыхтавалі ля гандлёвых палатак райпа і СВК «Калгас «Антонаўскі». Зрэшты, у апошняй можна было набыць і смажаную каўбаску, і бліны з рознай начынкай. Багаты асартымент прадуктаў даставіў на свята аўтамагазін спажыўкааперацыі. Прадавалі на розліў хлебны квас.

Нагадаем нашым чытачам, чаму менавіта тут, на Байкаўскіх крыніцах, у дзень Святой Тройцы было наладжана такое гулянне.  На гэта рэлігійнае свята тут заўсёды збіраюцца мясцовыя жыхары, каб паўдзельнічаць у малебне, праводзімым святаром, і набраць пасвянцонай вады. Але апошнім часам  да гэтай падзеі падключыліся і культработнікі. Яны правялі фальклорную экспедыцыю, каб лепш вывучыць традыцыі святкавання Тройцы ў тутэйшых мясцінах, і падрыхтавалі сваю абрадавую праграму. Паступова кола ўдзельнікаў свята значна расшырылася: сюды сталі прыязджаць і з Чавус, Магілёва.

Трэба сказаць, што гэтае месца – асаблівае, таямнічае, з даўніх часоў прыцягвае ўвагу людзей.  Тут на паверхню з-пад зямлі і каранёў дрэў выходзіць каля 20 ключоў рознай сілы. Некаторыя з іх маюць пастаяннае месца, а іншыя – «блукаюць». Чыстая, празрыстая і сцюдзёная вада збіраецца ў два ручаі, якія збягаюць у рэчку. Галоўная крыніца ўзята ў драўляны зруб.

свята-3

Але самай гаючай лічыцца тая вада, што выцякае адразу з 7 ключоў, і кожны з іх аддае ў ручай сваю сілу. Шмат легенд і паданняў звязана з Байкавам. Гэта назва, кажуць, пайшла ад назвы хутара, дзе жыў калісьці заможны чалавек Архіп. Аднойчы ён знішчыў каплічку на крыніцы  і паставіў тут млын. Ды неўзабаве цяжка захварэў. Яму сказалі, што гэта – кара за зняважанне святыні. Тады Архіп знёс млын,  аднавіў каплічку – і прыйшло выздараўленне.

А ў 60-х гадах мінулага стагоддзя яе спрабавалі знішчыць ваяўнічыя атэісты, накрыўшы цяжкімі жалезабетоннымі плітамі. Толькі мясцовыя жыхары адстаялі крыніцы, і ўсё вярнулі на сваё месца. І па сённяшні дзень месцічы даглядаюць ключы, пастаянна чысцяць, упрыгожваюць рушнікамі. Пра гэта і іншае аб Байкаўскіх крыніцах можна было даведацца з інфармацыйнага стэнда, размешчанага тут жа, на паляне.

…Неўзабаве прыехаў настаяцель Свята-Нікольскай царквы, што ў Благавічах, айцец Міхаіл, і ўсе пачалі спускацца да крыніц, дзе павінен быў прайсці малебен. На гэты раз не трэба было коўзацца па крутым спуску, бо напярэдадні тут зрабілі драўляную лесвіцу з поручнямі, а таксама кладкі, па якіх можна было прайсці да суседніх ключоў. Высеклі хмызняк, падсыпалі, дзе трэба, шчабёнку. Ды і галоўная крыніца ўвабралася ў новы зруб, над ёй з’явілася новая накрыўка. Святыню ўпрыгожылі кветкамі. Як і заўсёды, з вёскі Петухоўка сюды прынеслі ікону Святой Тройцы. Можна было падаць запіскі аб здароўі, паставіць свечкі.

свята-4

Пасля завяршэння святочнай службы і асвячэння вады ў крыніцы людзі пачалі напаўняць ёю прынесеныя з сабой ёмістасці, а некаторыя, нягледзячы на халаднаватае надвор’е, адважыліся пахадзіць басанож па адгароджанай дошкамі невялічкай купелі.

…Між тым наверсе, на палянцы, ужо разгаралася народнае гулянне. Абрадавую праграму выконвалі работнікі Петухоўскага цэнтра фальклору і аўтэнтычны гурт «Незабудкі» Галавенчыцкага клуба народнай творчасці. Удзельнікаў свята не толькі пазнаёмілі з яго гісторыяй і звычаямі, але і прадэманстравалі ўсё гэта, так сказаць, наглядна.

свята-5

Кожны з жадаючых мог прайсці праз «зялёныя вароты» з дзвюх бярозак, каб быць у гэтым годзе здаровым і шчаслівым, паваражыць на вяночках, сплеценых з кветак і лісця (чый павісне на бярозцы – таму сёлета браць шлюб), павадзіць карагод.  Потым выбіралі «куст», які ў даўніну на Тройцу вадзілі па вёсцы, жадаючы гаспадарам, «каб расла зелянінка, каб радзіла скацінка, каб год быў урадлівы, а гаспадары шчаслівы». «Незабудкі» спявалі абрадавыя песні.

І, канешне, на вялікі троіцкі вянок, што пасля дзяўчаты пусцілі ў Проню, кожны мог завязаць сваю стужачку, загадаўшы пры гэтым запаветнае жаданне. «Няхай ён плыве, а вера ў тое, што нашы жаданні здзейсняцца – жыве!..»

свята-6

У гэты дзень ля Байкаўскіх крыніц амаль увесь час гучалі песні. Праўда, час ад часу пачынаўся дождж, акрапляючы як артыстаў, так і гледачоў, але гэта не вельмі азмрочвала атмасферу свята, хаця і ўнесла пэўныя карэктывы ў яго праграму. І тым не менш, усе раз’язджаліся з добрым настроем і жаданнем праз год абавязкова зноў пабываць на такім свяце.

Н. КАЛЕСНІКАВА

https://www.traditionrolex.com/8