https://www.traditionrolex.com/8
<p>Выстава пад такой назвай у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрывае інтымныя старонкі жыцця і творчасці беларускага песняра</p>

Як паведамляе «Народная газета»:

Выстава пад такой назвай у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрывае інтымныя старонкі жыцця і творчасці беларускага песняра.

Разумная, дасціпная, вострая на язык дзяўчына, што выбірае самастойнае жыццё насуперак патрыярхальным поглядам і ўцякае з дому са сваім каханым Якімам, магла б скарыць сэрца і сучаснага юнака. Упэўнілася ў гэтым у час міжнароднай акцыі «Ноч музеяў». Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы рыхтаваў да яе парад Паўлінак. На адну ноч мінскі парк у цэнтры сталіцы ператварыўся ў сцэнічную пляцоўку жывых персанажаў неўміручай п’есы песняра.

Хоць жыццё не стаіць на месцы, але ідэалы жаноцкасці, мудрасці, прыгажосці застаюцца непарушнымі, нягледзячы на празмерную аголенасць у гламурных часопісах. Аднак дзяўчат, што пажадалі «ператварыцца» ў Паўлінак, заплёўшы валасы ў касу і апрануўшы беларускія касцюмы (вельмі падобныя на той, які бачым у спектаклі ў Купалаўскім тэатры), было ў Купалаўскім парку безліч. Вось ужо 99 гадоў на тэатральнай сцэне пан Быкоўскі заляцаецца да Паўлінкі. «Тудэма-сюдэма», «каханенькія-родненькія» — культавыя камічныя рэплікі персанажаў.

Як такі вобраз нарадзіўся ў славутага беларускага паэта, драматурга, публіцыста Янкі Купалы? Хто стаў прататыпам свавольнай дзяўчыны, здольнай адрачыся ад бацькоў у імя кахання і светлага жыцця? Пра гэта даведалася карэспандэнт НГ».

Сэрцы трох

Даўно вядома сцверджанне, што жанчына бывае альбо разумная, альбо прыгожая. Каб у адной асобе былі ўвасоблены адразу ўсе гэтыя якасці, трэба пашукаць. Купалаўская Паўлінка, атрымаўшы жыццё на тэатральнай сцэне ў Вільні ў 1913 годзе, увасобіла ў сабе прыгажосць і розум цэлага сузор’я выдатных актрыс.

П’еса «Паўлінка» была напісана ў фальварку Акопы, дзе жыла маці Янкі Купалы. Зараз гэта Лагойшчына. На выставе «Вяртанне Паўлінкі», якую Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы адкрыў днямі, пачэснае месца адведзена рукапісу п’есы песняра. Побач з крыху пажоўклымі лістамі паперы, дзе прыгожым почыркам паэта распісаны вядомыя кожнаму школьніку вобразы, — падсвечнік маці Купалы Бянігны Іванаўны. «Прататыпам Паўлінкі стала прыгажуня Ядвіга Аўлачымская, — расказвае загадчык экспазіцыйнага аддзела літаратурнага музея Янкі Купалы Глафіра Кушаль. — Гэта была дзяўчына з вёскі Рубеж, што за кіламетр ад хутара Акопы. Увогуле, героі «Паўлінкі» былі «перапісаны» з мясцовых жыхароў вёскі Карпілаўка, што на Лагойшчыне. Вобраз Адольфа Быкоўскага драматург убачыў пасля сустрэчы з Павэлкам Ваяводскім, небагатым, але ганарлівым шляхціцам. І Крыніцкія, і Пустарэвічы таксама перадаюць характары мясцовых жыхароў».

Унутраны свет Паўлінкі, як даказваюць іншыя даследчыкі, Купалу «падаравала» яго каханая Паўліна Мядзёлка.

З Янкам Купалам Паўліна Мядзёлка пазнаёмілася ў 1908 годзе ў Вільні. Зусім юная, яна прыйшла да знаёмых, а дзверы ёй адчыніў незнаёмец, які стаў жартаваць, пытаць, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат. Дзяўчына, даведаўшыся, што сустрэлася з паэтам Купалам, расчаравалася — «звычайны хлопец, які вядзе такую несур’ёзную гутарку»... Зноў лёс зводзіць Паўліну Мядзёлку і Янку Купалу ў 1913 годзе, калі была пастаўлена п’еса Купалы «Паўлінка», дзе яна бліскуча сыграла галоўную ролю.

Пра тое, што звязвала Паўліну і славутага песняра — каханне ці проста сяброўства, — гісторыкі спрачаюцца да гэтага часу. Сама Мядзёлка ўспамінала, што аднойчы Купала падышоў да яе з прапановай рукі і сэрца, на што дзяўчына ласкава адказала: «Яначка, я цябе люблю як нашага паэта, як харошага сябра і не больш. А гэтага мала, каб быць тваёй жонкай». Як сведчанне іх прыязнасці адзін да аднаго — фотаздымак, які падараваў Купала Паўліне і які яна захоўвала ўсё жыццё, бліскучы партсігар Мядзёлкі з выявай Янкі Купалы, якім яна карысталася пасля смерці песняра, і іншыя рэчы Паўліны Вікенцьеўны, што прадстаўлены на выставе.

Тэатральнай Паўлінцы налета споўніцца сто гадоў!

Спектаклем «Паўлінка» кожны свой сезон распачынае і тэатр, названы імем класіка. Да сярэдзіны 60-х вобраз беларускай дзяўчыны ўвасабляла Раіса Кашэльнікава. У розныя часы Паўлінкамі былі Ала Доўгая, Зоя Белахвосцік, Святлана Зелянкоўская, Юлія Шпілеўская. На выставе можна ўбачыць эскізы першых сцэнічных касцюмаў да «Паўлінкі» мастака Аскара Марыкса. Спектакль адразу атрымаў вялікую папулярнасць і за межамі Беларусі. Яго ставілі ў Латвіі, Літве і нават ЗША.

На выставе можна ўбачыць і сцэнічныя касцюмы Паўлінак розных часоў. Адзін з іх — з дамінуючым чырвоным колерам, другі — з сінім. Артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Ала Доўгая, якая была Паўлінкай да 1980-х, дзесяцігоддзі таму была настолькі папулярнай, што яе фотаздымак у купалаўскім вобразе быў змешчаны на каробках цукерак. «Калі іграла, атрымлівала цэлыя мяхі лістоў ад прыхільнікаў, — расказвае яна. — Хтосьці бачыў у Паўлінцы сімвал самой Беларусі! Юнакі расказвалі пра свае мары: «Вось бы сустрэць такую дзяўчыну, як Паўлінка!»

Сёння Паўлінку на сцэне Купалаўскага іграюць Святлана Зелянкоўская і Юлія Шпілеўская.  А выстава «Вяртанне Паўлінкі» ў Музеі Янкі Купалы працягнецца да восені.

Марына КУЗЬМІЧ

https://www.traditionrolex.com/8