https://www.traditionrolex.com/8
<p>Асваенне здабычы сапрапеляў возера Тайнае дазволіць пашырыць магчымасці гразелячэння ва ўсіх санаторыях Брэсцкай вобласці і зменшыць затраты, звязаныя з транспарціроўкай лячэбных гразей з возера Дзікае Гродзенскай вобласці. Да таго ж, будзе знята праблема інтэнсіўнага забалочвання возера Тайнае і яго экалагічнага аздараўлення</p>

Лячэбная гразь для аздараўлення прымяняецца з часоў Старажытнага Рыма. З той жа далёкай пары людзі выкарыстоўваюць гразевыя адкладанні азёр і балот у якасці ўдабрэнняў у сельскай гаспадарцы.

Актыўна выкарыстоўваюцца яны і сёння, - паведамляе "Народная трыбуна". - Напрыклад, сярод шматлікіх карысных выкапняў Беларусі выдзяляецца асобная група так званых аграхімічных руд (фасфарыты, калійная і натрыевая солі, самародная сера, торф, вівіяніт, розныя віды сапрапеляў), якія прымяняюцца як удабрэнні для павышэння прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі. Сапрапелі, дзякуючы высокім сарбцыйным якасцям, служаць добрай асновай для атрымання высокаэфектыўных удабрэнняў, а таксама складальнікам розных відаў кампостаў. Назапашаны станоўчы вопыт выкарыстання сапрапеляў у якасці мінеральна-вітамінных прэпаратаў для птушак і жывёлы.
Торф і арганічныя сапрапелі, якія прымяняюцца ў гразелячэнні, а таксама для атрымання на іх аснове шэрагу медыцынскіх прэпаратаў, гамагенныя, маюць высокую цеплаёмістасць і цепластрымліваючую здольнасць, у шырокім інтэрвале вільготнасці захоўваюць неабходныя пластычнасць і ліпкасць. У гразевым растворы, які вызначае тэрапеўтычны эфект, знойдзены каштоўныя злучэнні: амінакіслоты, карбонавыя кіслоты, мінеральныя макра- і мікраэлементы, фізіялагічна актыўныя гумінавыя рэчывы.
У нашай рэспубліцы ёсць прыклады эфектыўнага прымянення сапрапеляў у гразелячэнні. Тыя ж сапрапелі з возера Дзікае Гродзенскай вобласці шырока выкарыстоўваюцца не толькі ў размешчаным побач санаторыі “Радон”, але і ў выглядзе пласцін-аплікацый практычна ва ўсіх лячэбна-аздараўленчых установах Беларусі.
Гразевыя аплікацыі паскараюць разыходжанне спаек, рубцоў пры захворваннях і траўмах цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы, паляпшаюць умовы рэгенерацыі перыферычных нерваў, аслабляюць хваравітасць нервовых ствалоў, здымаюць рыгіднасць мускулатуры, садзейнічаюць аднаўленню рухальных функцый. Самі сапрапелі –тонкаструктурныя адкладанні прэснаводных вадаёмаў, яны ўтрымліваюць не менш чым 15 працэнтаў арганічнага рэчыва, аказваюць складанае фізіялагічнае і тэрапеўтычнае ўздзеянне на арганізм, станоўча ўплываюць на сістэмы кровазвароту і руху, функцыі эндакрынных залоз, узровень тканкавага, клеткавага і малекулярнага абменаў, імуналагічную актыўнасць чалавечага арганізма.
Аб’ём вывучаных і разведаных запасаў сапрапеляў у Брэсцкай вобласці прыходзіцца ў асноўным на азёры ледніковага паходжання і ў цэлым складае крыху больш за 18 працэнтаў агульнарэспубліканскіх запасаў. У вобласці ёсць і вопыт іх здабычы. Напрыклад, на Мотальскім возеры Іванаўскага раёна і возеры Олтуш Маларыцкага раёна здабытыя сапрапелі з поспехам выкарыстоўваліся ў якасці арганічных удабрэнняў. А вось у кантэксце лячэбнага выкарыстання сапрапеляў найбольшую цікавасць выклікаюць сапрапелі возера Тайнае Брэсцкага раёна, якое знаходзіцца за тры кіламетры на паўночны захад ад санаторыя “Бярэсце”.
Сапрапелі возера Тайнае былі дэталёва разведаны геолагамі яшчэ ў 1988 годзе. Сумарныя запасы лячэбнай сыравіны складаюць каля 420 тысяч кубаметраў, з іх 46 тысяч кубаметраў – гэта арганічныя сапрапелі і 374 тысячы кубаметраў – крэменязёмістыя бессульфідныя сярэднязольныя сапрапелі. Яны вельмі багатыя мікраэлементамі (магній, калій, марганец, медзь, бром, сера, вуглярод, кальцый і інш.), у іх шмат амінакіслот, вітамінаў, ферментаў і іншых біялагічна актыўных рэчываў, якія аказваюць эфектыўнае лячэбнае ўздзеянне на арганізм чалавека. Па сваіх фізіка-хімічных характарыстыках і лячэбных якасцях сапрапелі возера Тайнае ідэнтычныя сапрапелям возера Дзікае Гродзенскай вобласці (санаторый “Радон”), возера Малтаева Свярдлоўскай вобласці Расіі (курорт “Самацвет”), возера Баляш Чэлябінскай вобласці Расіі (курорт “Кісягач”) і іншым вядомым сапрапелевым радовішчам Паўночнай Еўразіі.
Возера Тайнае належыць да басейна ракі Заходні Буг, мае авальную форму. Яго плошча – 8,3 гектара, максімальная глыбіня – 2,1 метра. Паўднёва-ўсходні бераг пакрыты сасновым лесам, паўночна-заходні –
бярозавым. Прыбярэжная частка возера да 5 – 7 метраў зарасла асакой, трыснягом і іншай балотнай расліннасцю, берагі возера нізкія, пакатыя, складаюцца розназярністымі пяскамі, так што нейкіх перашкод для арганізацыі прамысловай здабычы сапрапеляў тут няма.
Асваенне ж здабычы сапрапеляў возера Тайнае дазволіць пашырыць магчымасці гразелячэння ва ўсіх санаторыях Брэсцкай вобласці і зменшыць затраты, звязаныя з транспарціроўкай лячэбных гразей з возера Дзікае Гродзенскай вобласці. Да таго ж, будзе знята праблема інтэнсіўнага забалочвання возера Тайнае і яго экалагічнага аздараўлення.

Альберт БАГДАСАРАЎ, прафесар геалогіі
https://www.traditionrolex.com/8