https://www.traditionrolex.com/8
<p>Беларускі вобраз гэтай міфалагічнай істоты адлюстраваны ў народных абрадах, якія і да сённяшняга дня сям-там захоўваюць сваю жывую традыцыю бытавання</p>
Як паведамляе «Культура»:
Адным з найбольш папулярных персанажаў мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў для дзяцей з'яўляецца русалка. Беларускі вобраз гэтай міфалагічнай істоты адлюстраваны ў народных абрадах, якія і да сённяшняга дня сям-там захоўваюць сваю жывую традыцыю бытавання.

Каб даведацца, што ўяўляе з сябе жывая русальная абраднасць, карэспандэнт «К» далучыўся да экспедыцыі, арганізаванай Інстытутам культуры Беларусі, у вёску Вялікі Бор Хойніцкага раёна, дзе з глыбокай даўніны адзначаецца Русалле. Выбар мясцовасці не выпадковы. Па словах кандыдата філалагічных навук, аўтара манаграфіі «Русальная традыцыя беларусаў» Уладзіміра Сівіцкага, на Беларусі русальны абрад сёння мала пашыраны і захоўваецца пераважна на Паўднёва-Заходнім Палессі.

Але захаваць звычай было б немагчыма без удзелу мясцовага насельніцтва. Да прыкладу, сёлета некаторыя культработнікі прапаноўвалі перанесці пачатак святкавання на больш ранні час, на што была атрымана катэгарычная адмова з боку жыхароў вёскі: у тым і сэнс абрадавай дзеі, што яна можа праводзіцца ў строга вызначаны час. Як адзначыла старшыня Велікаборскага сельсавета Ала Кузьменка, ніякіх аб'яў адносна правядзення абраду ў вёсцы не размяшчаецца: кожны жыхар вёскі ведае, што праз тыдзень пасля Тройцы адбудзецца Русалле а восьмай вечара – калі каровы прыйдуць з выгану.

Так атрымалася і сёлета. Літаральна за паўгадзіны да пачатку абрада можна было бачыць, як сталыя жыхары вёскі і дзеці плятуць сабе вянкі, упрыгожаныя палявымі і садовымі кветкамі, а таксама гуртом ствараюць вялікі сакральны вянок, які задзейнічаны ў абрадавых відовішчах. Побач, у атачэнні двух хлопцаў, рыхтавалася, хутчэй, маральна, і сёлетняя русалка, якая з нецярплівасцю чакала сваёй «зорнай гадзіны»: узначаліць святочнае шэсце. Віта Бордак прыехала ў Вялікі Бор, дзе часта бывае, з вёскі Судкова па запрашэнні сяброў і з радасцю пагадзілася «ператварыцца» на некалькі гадзін у міфалагічную істоту.

1-3

Дарэчы, хто мог быць русалкаю? На гэтае пытанне дапамаглі адказаць удзельніцы мясцовага фальклорнага гурта, якія суправаджалі абрад адпаведнымі спевамі. Як аказалася, у вёсцы загадзя выбіралі прыгожую і разам з тым незамужнюю дзяўчыну, якая да таго ж мусіла добра бегаць, уцякаючы ад натоўпу ў жыта. Ды і часам, прызналіся бабулі, дзяўчаты самі просяцца быць русалкамі.

Сярод шматлюднага натоўпу ў святочным шэсці можна ўбачыць зусім маленькіх вялікаборцаў, якія далучаюцца да абраду хутчэй на падсвядомым узроўні, і больш сталых дзяцей, для каго Русалле – чарговая нагода павесяліцца, паўдзельнічаць у спаборніцтвах, а таксама старэйшае пакаленне, што таксама не цуралася выхапіць сабе галінку ці кветку з сакральнага вянка, асвечанага над вогнішчам: лічыцца, што зеляніна з вянка, таксама як і з убранства русалкі, спрыяе ўрадлівасці, а таксама асабістаму шчасцю чалавека.

1-4

Што чакае абрад у бліжэйшай перспектыве? Ці будзе ён захоўвацца праз дзясяткі гадоў? Дадзеныя пытанні хвалююць не толькі сённяшніх носьбітаў традыцыі, але і мясцовых кіраўнікоў, якія ініцыююць уключэнне згаданага абрада ў Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці нашай краіны. Якія ж шанцы ў велікаборскага Русалля? На гэты конт падзялілася сваімі думкамі загадчык сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Наталля Хвір. Па яе словах, з уключэннем у спіс гэтага аб'екта нематэрыяльнай спадчыны праца з апошнім толькі распачнецца. Трэба разумець, што ўключэнне ў дзяржспіс – не самамэта, бо неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць абрад у жывой традыцыі і разам з тым не нанесці яму шкоды тымі ж турыстамі.

Загадчык аддзела Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч мяркуе, што неабходна больш дэталёва даследаваць гэты абрад і адраджаць яго страчаныя архаічныя элементы. Да прыкладу, яшчэ адносна нядаўна ў рамках абраду ўдзельнічалі дзве русалкі, якіх вялі ў адваротныя бакі вёскі. Непакоіць даследчыцу і наступны момант: нягледзячы на тое, што ў абрадзе задзейнічана даволі шмат дзяцей ды моладзі і такім чынам адбываецца пераемнасць, ніхто, акрамя толькі некалькіх удзельніц народнага калектыву, не спявае аўтэнтычныя песні. У выніку абрад можа застацца без спеўнай традыцыі.

Тым не менш, думаецца, абрад, які выклікае спрэс добрыя, пазітыўныя эмоцыі і адначасова нясе глыбокую архаіку, мусіць быць узяты пад ахову дзяржавы, але разам з тым і стаць даступным для турыстаў, найперш – аматараў нематэрыяльнай культуры. Тым больш, што Хойніцкаму раёну, аднаму з найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ёсць што паказаць і чым пахваліцца. Да прыкладу, цудоўным краязнаўчым музеем, які літаральна пару гадоў таму перабраўся ў адрэстаўраваную сядзібу канца XVIII стагоддзя. Акрамя таго, арыгінальную экспазіцыю мае і музей «Трагедыя Чарнобыля». Там жа, у вёсцы Судкава, стаяць і два іншыя артэфакты гістарычных эпох і падзей: будынак колішняга бровара, а таксама гусенічны трактар «ТТ» на пастаменце як сімвал колішняй калектывізацыі ў гэтым рэгіёне.

І ўсё ж самым прыцягальным аб'ектам для турыстаў у Хойніцкім раёне сёння з'яўляецца дрэва ў вёсцы Губарэвічы, што за тры кіламетры ад зоны, забруджанай радыёнуклідамі. Літаральна колькі месяцаў таму на яго паверхні выявілася дзіўнае адлюстраванне вобраза Багародзіцы, пакланіцца якому, па сведчанні начальніка аддзела культуры райвыканкама Валянціна Баранава, прыязджаюць не толькі беларусы. Людзі прыносяць да нерукачыннага абраза ручнікі, якімі і падпяразваюць дрэва ды ўзносяць свае малітвы да Бога аб дапамозе, у тым ліку аб выратаванні нашага краю ад наступстваў тэхнагеннай катастрофы. Думаецца, такі маршрут, дзе будуць прадстаўлены матэрыяльныя і нематэрыяльныя аб'екты, абавязкова зацікавіць турыстаў ды інвестараў.

Канстанцін АНТАНОВІЧ
https://www.traditionrolex.com/8