https://www.traditionrolex.com/8
<p>Днямі на Брэстчыне — у Ганцавічах і Пінску — прайшоў міжнародны семінар «Захаванне традыцый і развіццё новых відаў народных промыслаў (рамёстваў) у сучасных умовах фарміравання нацыянальнай культуры і стварэння асобных турыстычных зон». Галоўная ідэя семінара была акрэслена досыць канкрэтна: абмен вопытам, абмеркаванне разнастайных падыходаў да захавання мясцовых нацыянальных традыцый, вырашэнне праблемных пытанняў для дынамічнага развіцця рамёстваў і промыслаў</p>
Як  паведамляе «Культура»:

Днямі на Брэстчыне — у Ганцавічах і Пінску — прайшоў міжнародны семінар «Захаванне традыцый і развіццё новых відаў народных промыслаў (рамёстваў) у сучасных умовах фарміравання нацыянальнай культуры і стварэння асобных турыстычных зон».
Галоўная ідэя семінара была акрэслена досыць канкрэтна: абмен вопытам, абмеркаванне разнастайных падыходаў да захавання мясцовых нацыянальных традыцый, вырашэнне праблемных пытанняў для дынамічнага развіцця рамёстваў і промыслаў.

Рамесніцкі «фасад» семінара

Удзельнікі семінара ў першы дзень форуму не толькі абмеркавалі шматлікія праблемы ды перспектывы развіцця народных рамёстваў на Беларусі, але і дзякуючы культработнікам Ганцавіцкага раёна пабачылі свята «Караваю мой раю», выстаўку вясельнага пасагу «Сорак саракоў ручнікоў», этнаканцэрт «Рух зямлі» і прэзентацыю традыцыйнай культуры сельскіх Саветаў раёна «Наша малая Бацькаўшчына»... Не менш насычаным аказаўся і другі дзень семінара: у Пінску, ля Палескага драматычнага тэатра, адбылося ўрачыстае закрыццё абласнога пленэру разьбяроў па дрэве, вынікам якога сталіся дзевяць драўляных скульптур – персанажаў «Пінскай шляхты». А па завяршэнні пленарнага пасяджэння госці азнаёміліся з горадам майстроў «Палескі кірмаш».

Усе названыя мерапрыемствы – той неабходны «фасад», дзякуючы якому міжнародны форум прагучаў не толькі ў двух райцэнтрах, але і па ўсёй Брэстчыне. Глыбокі ж унутраны змест семінара быў раскрыты на яго пасяджэннях.

Да слова, Брэстчына была абрана для правядзення семінара невыпадкова: менавіта на палескай зямлі захавалася шмат носьбітаў аўтэнтычнага мастацтва, якія з поспехам перадаюць майстэрства маладому пакаленню. Былі адноўлены традыцыі ганчарства вёскі Гарадная Столінскага раёна, тэхніка падвоенага ткацтва ў вёсцы Падбела Камянецкага раёна, школа бондарства ў Іванаве... Набыткі традыцыйных рамёстваў мы ўбачылі на галоўнай плошчы Ганцавіч, дзе разгарнулася абласная выстаўка. Госці з Азербайджана, Літвы, Польшчы, Расіі ды нават айчынныя спецыялісты былі ўражаны яркай палітрай рамёстваў.

Палеская ікебана

Як заўважыў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, міжнародны форум – гэта адзін са спосабаў прыцягнення ўвагі як жыхароў нашай краіны, так і замежнікаў да культурных здабыткаў беларусаў і спрыяння таму, каб да нас прыязджала ўсё больш і больш турыстаў. Таму адной з важных тэм для абмеркавання на семінары сталіся перспектывы развіцця аграэкатурызму ды ўдзелу ў гэтай дзейнасці народных рамеснікаў. Бо, як часцяком бывае, аграэкасядзіба, што пазыцыянуе сябе ў якасці нацыянальнай, не заўсёды адпавядае заяўленым крытэрыям. Таму, на думку Тадэуша Стружэцкага, выйсцем з сітуацыі магло б стаць правядзенне пад эгідай Інстытута культуры Беларусі шэрагу семінараў з уладальнікамі аграсядзіб, колькасць якіх, як вядома, узрастае ў Беларусі з года ў год.

Намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Чэслаў Шульга казаў пра неабходнасць вырабу у рэгіёнах адметнай сувенірнай прадукцыі. Бо, вядома ж, замежнаму ды і айчыннаму турысту хочацца прывезці з тых жа Ганцавіч, Пінска або з іншых мясцін краіны арыгінальны сувенір, выкананы ў беларускіх традыцыях. А зрабіць гэта не заўсёды атрымліваецца, і таму сувенірную прадукцыю «а-ля» з лэйблам «made in China» купляюць часцей, чым айчынную. Такім чынам, названае пытанне – адно з самых актуальных, і яшчэ большую значнасць яно набыло ў 2012-м, які аб'яўлены Міністэрствам спорту і турызму Годам культурнага турызма.

Шматлікія праблемы былі агучаны і ў выступленні старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктара мастацтвазнаўства Яўгена Сахуты. Гэта і завялікія фінансавыя заданні, якія, на думку прамоўцы, не заўжды абгрунтавана даводзяцца для дамоў і цэнтраў рамёстваў, нярэдкія стыхійнасць і аматарства ў працы РДР (напрыклад, наяўнасць гурткоў па арыгамі, ікебане...). Адна з прычын аматарства, на думку Яўгена Сахуты, – слабая метадычная падрыхтоўка супрацоўнікаў РДР і РЦР, малая колькасць профільных выданняў. Магчымым выйсцем можа стаць арганізацыя абласных, рэспубліканскіх ці міжнародных практычных семінараў. Што да Брэстчыны, дык, на думку Яўгена Сахуты, работа па развіцці рамёстваў тут пастаўлена на высокім узроўні, асабліва ў плане музеефікацыі. Трэба працягваць гэтую традыцыю, а не ствараць раённыя аднатыпныя музеі...

З думкай аб стварэнні арыгінальных ды адметных музеяў пагадзіўся і Тадэуш Стружэцкі. Тым больш, гэта не запатрабуе значных фінансавых выдаткаў, бо ў кожным раёне мясцовы краязнаўчы музей можа адкрыць філіял, дзе і будзе прадстаўлены пэўны від традыцыйнай творчасці, характэрны для таго або іншага рэгіёна.

Зразумела, падобныя ўстановы дадуць магчымасць рэгіёнам больш яскрава прэзентаваць сябе не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы. Тое, неаспрэчна, павялічыць іх турыстычную прывабнасць, з якой можна атрымаць неблагія дывідэнды. Дык у якім жа раёне першым з'явіцца музей саломкапляцення ці ганчарства? Будзем спадзявацца, што вестка аб стварэнні такіх устаноў прыйдзе ў самым хуткім часе. Прынамсі, хацелася б у гэта верыць.

Пажыць у этнавёсцы

Каардынатар па міжкультурных і міжнародных пытаннях Шведскага нацыянальнага савета па традыцыйных рамёствах Эва Мэлдал распавяла пра сістэму функцыянавання сеткі рамесніцкіх устаноў у сваёй краіне, а таксама пра наладжаную сістэму збыту прадукцыі народных майстроў, выданне часопісаў ды іншай прадукцыі, якая папулярызуе самабытных мастакоў. Шмат у чым вопыт шведаў быў бы карысны і беларусам, асабліва ў плане выдання матэрыялаў па традыцыйных рамёствах.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднага дабрачыннага грамадскага фонду «Дыялог культур – адзіны свет» з Расіі Алена Коршунава распавяла пра створаны ля Масквы культурна-адукацыйны турыстычны комплекс «Этнасвет», які паўстаў пад эгідай UNESCO. У ім прадстаўлена шмат краін свету (у тым ліку і Беларусь), а на сваіх этнападворках (усяго іх плануецца пабудаваць 52), пражываюць і працуюць майстры. Таксама на тэрыторыі цэнтра функцыянуе шмат музеяў, рэстаранаў нацыянальнай кухні, дамы-гасцініцы, рэгулярна ладзяцца майстар-класы, канцэрты этнічнай музыкі і многае іншае... Акрамя таго, у інфраструктуру «Этнасвету» ўваходзіць Гандлёва-выставачны комплекс «Вуліца Свету», культурна-адукацыйны і інавацыйны цэнтры, дэндрапарк.

Падобны скансен, як вядома, ёсць і пад Мінскам – у Строчыцы. Але, як ужо неаднаразова пісала «К», на тэрыторыі музея пад адкрытым небам пакуль не працуюць ні гасцініцы, ні рэстараны, ды і народныя майстры тут не жывуць таксама... А расійскі «Этнасвет» часам наведваюць 10 тысяч чалавек штодня! Дарэчы, гэты вопыт – не ўнікальны: прадстаўнікі з Азербайджана і Польшчы таксама распавялі пра свае нацыянальныя скансены, дзе не толькі працуюць, але і жывуць майстры народнай творчасці.

А журналісты дзе?

Аксіёма пра тое, што вучыцца ніколі не позна, гучала з вуснаў шматлікіх дакладчыкаў у час семінара неаднаразова, і, як заўважалі многія, няблага было б зрабіць такія семінары традыцыйнымі, ладзіць іх у абласцях ды ў месцах бытавання традыцый. З гэтай прапановай пагадзіўся і Тадэуш Стружэцкі. Ён адзначыў, што самы час пераходзіць ад колькасных паказчыкаў да якасных, што, натуральна, залежыць ад метадычнай падрыхтоўкі спецыялістаў, ад таго, ці змогуць яны наладзіць працу з носьбітамі традыцый, якія жывуць у тым або іншым рэгіёне. А вопытам такога ўзаемадзеяння варта пастаянна дзяліцца з калегамі з усіх куткоў Беларусі. Праведзены семінар стаў штуршком для новых ідэй, для абмену такім вопытам, і таму, на думку намесніка міністра культуры, варта было б падумаць пра правядзенне падобных мерапрыемстваў на пастаяннай аснове.

І апошняе, пра што не магу не згадаць напрыканцы артыкула. Сярод шматлікіх праблем, агучаных на семінары, прагучала і рэпліка рэктара Інстытута культуры Беларусі Івана Крука. Датычылася яна асвятлення дзейнасці семінара прадстаўнікамі СМІ, дакладней кажучы, фактычнага яго неасвятлення. Бо, як атрымалася, карэспандэнт «К» быў... адзіным прадстаўніком рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі на дадзеным мерапрыемстве. Акрамя журналістаў з двух раёнаў, а таксама абласнога тэлебачання, на семінары не было больш ніводнага майго калегі. Лішне казаць, што пры падрыхтоўцы наступнага маштабнага форуму варта ўлічыць і неабходнасць асвятлення падобных мерапрыемстваў сродкамі масавай інфармацыі. Інакш перспектывы турыстычнай прывабнасці народных традыцый не толькі для замежных гасцей, але і для саміх беларусаў так і застануцца на ўзроўні дзіцячых казак і сувенірнай падковы, вырабленай дзесьці ў Кітаі...

https://www.traditionrolex.com/8