<p>У мерапрыемстве прыняло ўдзел звыш дваццаці прыгажунь з усіх куточкаў раёна. Гэта былі красуні самых розных узростаў і прафесій. Ад іх патрабавалася ўвасобіць сваё ўласнае бачанне вобраза Паўлінкі, прадэманстраваць не толькі знешнія прыгажосць і хараство, але і неверагодны артыстызм, жывы гумар і знаходлівасць</p>

100 гадоў назад, 3 чэрвеня 1912 года, Янка Купала напісаў сваю самую папулярную п’есу-камедыю “Паўлінка”. Ужо праз год твор атрымаў першае сцэнічнае ўвасабленне. Нягледзячы на даволі паважны ўзрост, “Паўлінка” і сёння не страчвае сваёй прыцягальнасці для публікі. Пастаноўка шмат гадоў жыве на сцэне Нацыянальнага тэатра і пачынае кожны тэатральны сезон. Выканаўца лепшай жаночай ролі пастаянна атрымлівае тытул “Хрустальная Паўлінка”. Некалькі гадоў назад Нацыянальнае тэлебачанне прадставіла музычную камедыю “Нью-Паўлінка”.

Асаблівую папулярнасць набыў класічны твор у год 130-гадовага юбілею аўтара п’есы. Да гэтай двайной даты раённая бібліятэка і раённая грамадская арганізацыя “Беларускі саюз жанчын” наладзілі і правялі ў нашым горадзе незвычайны фэст-парад Паўлінак, сообщает "Бярэзінская панарама".

У мерапрыемстве прыняло ўдзел звыш дваццаці прыгажунь з усіх куточкаў раёна. Гэта былі красуні самых розных узростаў і прафесій. Ад іх патрабавалася ўвасобіць сваё ўласнае бачанне вобраза Паўлінкі, прадэманстраваць не толькі знешнія прыгажосць і хараство, але і неверагодны артыстызм, жывы гумар і знаходлівасць. Ад такой вялікай колькасці ўдзельнікаў фэст-парада, іх прыгажосці і артыстычных талентаў разгубіліся не толькі члены паважанага журы, але і Адольф Быкоўскі (ролю выканаў Аляксей Бабашэў).

1

Кожная з прэтэндэнтак на роўных змагалася за права звацца Паўлінкай. У вялікай зале раённай бібліятэкі не заціхалі народныя спевы і прыпеўкі, стракатала ў вачах ад прыгожых убораў і вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, зробленых рукамі канкурсантак. Нездарма ж увесь час мітусіўся і страчваў мову каля канкурсантак Адольф Быкоўскі: яму спадабаліся ўсе без выключэння ўдзельніцы. Аднак журы назвала пераможцу. Ганаровы тытул “Паўлінка-2012” атрымала вучаніца 11 класа Бярэзінскай гімназіі Віялета Ермаловіч. Яна кранула сэрца гледачоў і членаў журы пранікнёным выкананнем маналогу Паўлінкі і аказалася найбольш падобнай на купалаўскую гераіню.

2

Не пакрыўджаныя такім рашэннем журы былі астатнія ўдзельніцы. Кожная атрымала дыплом і падарунак. Рашэннем журы вызначаны і ўладальнікі ў некалькіх намінацыях. Так, уладальніцай самай доўгай касы стала Вікторыя Міклуш, званне “Нью–Паўлінка” атрымала Ірына Варабей. Асабліва спадабаўся ўсім удзельнікам фэст-парада дуэт у складзе Святланы і Яначкі з вёскі Новіны. А ці можна забыць пра музычны талент работніцы спіртзавода Алены Вярсоцкай! Дарэчы, і рукі ў гэтай маладой жанчыны залатыя: яна выдатная вышывальшчыца. Адзначыла журы і самую абаяльную ўдзельніцу – Настассю Літвінаву. За цудоўнае выкананне прыпевак у намінацыі “Самая вострая на язык” падарунак атрымала Кацярына Саскавец з цэнтральнай раённай бальніцы. Прыемна заўважыць, што прыз у намінацыі “Самая юная ўдзельніца фэст-парада Паўлінак” дастаўся Настачцы Клімовіч з аграгарадка Уша. Дзяўчынка вучыцца ў мясцовай школе.

- Фэст-парад Паўлінак Бярэзінскага раёна ўдаўся на славу, – гаворыць арганізатар і вядучая мерапрыемства Тамара Мікалаеўна Круталевіч. – Ён не толькі сабраў самых прыгожых і дастойных жанчын раёна, але і абудзіў новую хвалю інтарэсу да класічнай п’есы. Напярэдадні фэсту на паліцах раённай бібліятэкі не засталося ніводнай кнігі Янкі Купалы, разышліся нават выданні 1957 года. Каб задаволіць такі чытацкі попыт, давялося браць кнігі з кнігасховішча. Цікавасць да п’есы гаворыць аб неўміручасці яе галоўнай гераіні, вобраз якой для моладзі і сёння застаецца самым сучасным.

Падзяляюць такую думку арганізатары і спонсары незвычайнага фэст-парада Паўлінак – ААТ ”Бярэзінскі сырзавод”, “Бярэзінскі льнозавод” і ТАА ”Мэта-Плюс”, якія не пашкадавалі грошай на падарункі і стварылі ўсім цудоўны настрой.