<p>Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Гісторыка» з сённяшняга дня пачынае валанцёрскі летнік у вёсцы Уселюб Навагрудскага раёна</p>

Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Гісторыка» з сённяшняга дня пачынае валанцёрскі летнік у вёсцы Уселюб Навагрудскага раёна, паведамляе Радыё Рацыя.

Летась маладыя гісторыкі тут працавалі на аднаўленні капліцы-усыпальніцы графаў О’Руркаў. Сёлета іх чакае іншая праца, кажа старшыня аб’яднання “Гісторыка” Таша Міхайлоўская:

 Ва Уселюбе ў траўні адбылася непрыемная рэч – згарэла сама сядзіба О’Руркаў. Прыязджаў нашчадак Алег О’Руркаў, які хацеў набыць гэтую сядзібу. І пакуль ішлі перамовы, 8 траўня сядзіба згарэла. Але тут засталіся каміны і таму мы атрымалі дазвол Міністэрства культуры на выратавальныя працы – абмерыць, зафіксаваць і разабраць гэтыя каміны.

Кіраваць работамі па дэмантажы камінаў будзе прафесійны архітэктар Зміцер Савельеў. Усяго паўдзельнічаць у летніку выказалі жаданне каля дзесяці чалавек. Некаторыя з іх будуць прыязджаць ва Уселюб толькі на выходныя дні.