https://www.traditionrolex.com/8
<p>Ён будзе ездзіць па славутых месцах сталіцы. Кошт праезду — каля $10</p>

Як паведамляе «Наша Ніва»:

Ён будзе ездзіць па славутых месцах сталіцы. Кошт праезду — каля $10.

Двухузроўневы грамадскі транспарт у Беларусі не навінка. У 1990-х гадах на рынак у Ждановічах, а таксама з жылога раёна Малінаўка да ДС «Дружная» дабрацца можна было на высокіх машынах МАN.

Усяго іх было чатыры. Аднак рамонт і абслугоўванне такіх гігантаў былі невыгаднымі іх уладальніку, прыватнаму прадпрымальніку. У выніку з 2000-га машыны перасталі вазіць гараджан. У Гомелі шэсць двухпавярховых аўтобусаў МАN з 1997 па 2004 год таксама былі грамадскім транспартам. Аднак і тут узніклі цяжкасці з рамонтам, і праз некаторы час на хаду застаўся толькі адзін жалезны «дзядок» 1980 года выпуску.

Ён пераехаў у Мазыр, дзе яго некаторы час выкарыстоўвалі ў якасці перасоўнай сталовай для кіроўцаў іншых аўтобусаў. Велікан чатырохметровага росту развозіў ежу і ваду. Прапрацаваўшы так некаторы час у Мазырскім аўтобусным парку № 2, ён выйшаў на пенсію.

Амаль год машына прастаяла на прыколе, і яе збіраліся здаць на металалом.

Але, на шчасце, у цэнтры Беларусі для яго знайшлася вакансія гіда.«Інфармацыйна-турыстычны цэнтр «Мінск» і турфірма «Дром Тур» задумалі з «дзядка» зрабіць экскурсавода для гараджан і гасцей сталіцы. Для пачатку машыну вырашылі амаладзіць.

Рэстаўрацыя пачалася ў 2009 годзе і заканчваецца толькі цяпер. Каштавала яна каля 50 тысяч еўра. «Мэну» замянілі матор, абнавілі салон і корпус, нават хацелі ўсталяваць панарамныя вокны, а таксама плазменны экран. Але ў выніку вырашылі не змяняць першародны выгляд.

Адзінай тэхнічнай дапрацоўкай стала спецыяльная лінгвасістэма, якая распавядае на сямі мовах пра славутыя мясціны сталіцы. Пасажыр насоўвае навушнікі і сам выбірае мову. Прадстаўлены беларуская, руская, англійская, іспанская, французская, італьянская і нямецкая.

Маршрут аўтагіда пачынаецца ад чыгуначнага вакзала, далей едзе па праспекце Незалежнасці да Нацыянальнай бібліятэкі, потым па вуліцах Каліноўскага, Кядышкі, Філімонава, праспекце Незалежнасці, Веры Харужай, Багдановіча, праспекце Пераможцаў да «Мінск-Арэны», там разварочваецца, едзе да ГУМа, адтуль — па праспекце Незалежнасці на вакзал.

Экскурсія зойме прыкладна 1 гадзіну 30 хвілін.

Дарослым ваяж арыенціровачна абыдзецца ў 80 тысяч рублёў, школьнікам — у 40 тысяч.

Магчыма, будзе і сістэма зніжак, напрыклад: тата з мамай плацяць за сябе, а дзіця катаецца бясплатна.

Аўтобус будзе пафарбаваны ў чырвоны колер. Раз у месяц ён будзе бясплатна вазіць дзяцей з дзіцячых дамоў з усёй Беларусі.

Характарыстыкі

— Вытворца: канцэрн МАN, Германія.

— Год выпуску: 1980.

— Серыя: SD 200.

— Максімальная хуткасць: 75 кіламетраў у гадзіну.

— Габарыты: даўжыня — 11,5 метра, шырыня — 2,5 метра, вышыня — 4 метры.

— Колькасць пасадачных месцаў: унізе 34, наверсе 47.

https://www.traditionrolex.com/8