https://www.traditionrolex.com/8
<p>Палятаць над Беларуссю турысты могуць на самалёце, верталёце і паветраным шары</p>

Як паведамляе  «Наша Ніва»:

Палятаць над Беларуссю турысты могуць на самалёце, верталёце і паветраным шары.

Парашут

У Беларусі з часоў росквіту Дабраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) захавалася 11 аэраклубаў. Самым папулярным з’яўляецца мінскі, які знаходзіцца ў Баравой. Скачок з вышыні 3 кіламетраў разам з інструктарам каштуе 1,2 мільёна рублёў. Аднак, каб сэканоміць, можна паехаць у рэгіёны. Напрыклад, у Віцебску за такі самы скачок давядзецца заплаціць 950 тысяч рублёў, а ў Сычкове пад Бабруйскам  – каля 890 тысяч.

Што да самастойных скачкоў, то трэба спачатку прайсці пяцігадзінны інструктаж (каштуе каля 100 тысяч рублёў). Сам палёт з вышыні 900 метраў каштуе ад 300 да 650 тысяч у залежнасці ад месца.

Зрэшты, многія мінскія экстрэмалы абіраюць таннейшы варыянт і скачуць з уласнымі парашутамі з дахаў мінскіх высотак. Яны лічаць, што 75–90 метраў – дастатковая вышыня, каб паспець адчуць сябе ў палёце і ў патрэбны момант пацягнуць за колца. Праўда, за такія небяспечныя скачкі можна атрымаць немалы штраф ці нават быць арыштаваным.

Верталёт

Тытунёвы магнат Павел Тапузідзіс летась адкрыў у Ратамцы на Мінскім моры «Робінсан Клаб». Сярод іншых забаў там ёсць магчымасць пакатацца на верталётах. Кошт палёту складае каля $500 за гадзіну. Можна абмежавацца і 15 хвілінамі, заплаціўшы адпаведна каля $130. Гэтыя сумы можна падзяліць на трох пасажыраў – больш у верталёт не ўлезе.

Як паведамілі ў службе пракату клуба, маршрут уключае ў сябе палет над санаторыем «Юнацтва», вяслярным каналам, Заслаўем і іншымі аб’ектамі ў заходнім накірунку ад Мінска.

Максімальная працягласць палёту верталёта Robinson R44 складае 3 гадзіны, а крэйсерская хуткасць дасягае 240 км/г.

Самалёт

Раней у Ратамцы на месцы клуба Тапузідзіса знаходзілася «Авіяранча». Пасля некалькіх трагічных выпадкаў яно закрылася. З нядаўняга часу «Авіяранча» працуе каля аграсядзібы «Зарачаны» ў Пухавіцкім раёне. «Разынка» адпачынку – паветраны маршрут па ваколіцах – называецца «Пары над Зарачанамі».

Паветраны шар

«Падымі мяне па-над зямлёю, падымі мяне ў светлы абшар», – спяваў у канцы 1990-х гурт N.R.M. Цяпер сустрэць у небе світанак ці заход сонца стала нашмат прасцей. З паветранымі шарамі ў Беларусі працуе кампанія «Аэратур Балунс».

Самая недарагая прапанова ад яе – так званы «прывязны палёт». Паветраны шар уздымаецца на вышыню да 50 метраў і вісіць уверсе на працягу 10 хвілін. Гэта каштуе $30 з кожнага пасажыра.

За тое, каб палятаць на вышыні да 1 кіламетра, давядзецца заплаціць каля $250 з чалавека за гадзіну. «Згодна з традыцыяй, пасля першага палёту вас чакае прысваенне графскага тытула і выдача сертыфіката», – адзначаюць у «Аэратуры». На вышыні можна зладзіць і вяселле. Яно будзе каштаваць прыблізна $500 з чалавека.

Што да тэрыторыі палёту, то шар можа ўзляцець з любой пляцоўкі плошчай 50х50 метраў пры наяўнасці дазволу.

Сярод самых папулярных месцаў запуску – «Робінсан Клаб», «Лінія Сталіна», «Дудуткі». З канца ліпеня паветраны шар пачне ўзлятаць і з Камсамольскага возера ў Мінску.

 

https://www.traditionrolex.com/8