https://www.traditionrolex.com/8
<p align="justify">Гродзеншчына і Сувальшчына імкнуцца на сучасным узроўні выкарыстаць свой турыстычны патэнцыял</p>

Як паведамляе «Звязда»:

Гродзеншчына і Сувальшчына імкнуцца на сучасным узроўні выкарыстаць свой турыстычны патэнцыял.

На гэта скіраваны праекты, якія на працягу трох апошніх гадоў пры фінансавай дапамозе Еўрасаюза рэалізуюцца сумесна Сувальскай палатай земляробства і турызму, Гродзенскім абласным аддзяленнем грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» і ўпраўленнем фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. 

Даведнікі, карты, турцэнтры...

У рамках праекта «Невядомая Еўропа» па развіцці турыстычнай інфраструктуры ў раёне Аўгустоўскага канала і ракі Нёман у Гродне адкрыты турысцка-інфармацыйны цэнтр, выдадзены даведнікі і карты па беларуска-польскім памежжы, папоўнілася байдаркамі, веласіпедамі і адпаведнай амуніцыяй база актыўнага адпачынку. Азначылі і прамаркіравалі, згодна з еўрапейскай турыстычнай практыкай, каля 200 кіламетраў водных, веласіпедных і пешаходных маршрутаў. Урокі сучасных падыходаў да турыстыкі атрымалі ўладальнікі аграсядзіб, менеджэры турфірм, студэнты.

І вось — новы праект «Камунікацыя без межаў — стварэнне трансгранічнай турысцка-інфармацыйнай сеткі». З ім на свае вочы ў складзе групы прадстаўнікоў мясцовых органаў улады і журналістаў Гродзеншчыны азнаёміўся карэспандэнт «Звязды». Прычым мы падарожнічалі не толькі аўтобусамі і пешым ходам — арганізатары прапанавалі яшчэ і... байдаркі. Многія з нас, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў, упершыню сталі турыстамі-воднікамі ў якасці не пасажыра судна, а весляра.

Наша падарожжа пачынаецца з вышэйзгаданага турцэнтра ў Гродне. Намеснік старшыні абласнога аддзялення ГА «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» Сяргей Каляда тлумачыць мэту праекта «Камунікацыі без межаў»:

— Турысцка-інфармацыйны цэнтр, які быў створаны дзякуючы праекту «Невядомая Еўропа», сам па сабе мала што вырашае. Бо там ёсць інфармацыя ў асноўным толькі па Гродне, а раёны вобласці застаюцца па-за ўвагай. Таму патрэбна сетка турцэнтраў з агульным банкам звестак, каб ішоў абмен інфармацыяй — дзеля турыстычнай прывабнасці раёнаў і Гродзеншчыны ў цэлым.

І другая праблема — трэба падрыхтаваць для гэтых цэнтраў спецыялістаў з жаданнем і ўменнем займацца турызмам па-сучаснаму. Давайце паглядзім, як гэта робіцца на Сувальшчыне.

Мы размяшчаемся ў аўтобусе і едзем да беларуска-польскай мяжы. Каля вёскі Лясная на Аўгустоўскім канале, за чатыры кіламетры ад памежнага шлюза «Кужынец» нас ужо чакаюць калегі Сяргея Каляды па воднымі падарожжамі. Сюды на бераг ужо дастаўлены байдаркі-двойкі. Выслухоўваем інструктаж па тэхніцы бяспекі, парады па кіраванні плаўсродкам, нацягваем выратавальныя жылеты, пасля чаго спускаем на ваду байдаркі і ў суправаджэнні інструктараў накіроўваемся да дзяржаўнай мяжы. А нашы рэчы пярамяшчаюцца мікрааўтобусам.

2

Уражанні ад водных падарожжаў (увогуле з улікам сплаву па рацэ Чорная Ганча на Сувальшчыне мы пераадолелі каля 20 кіламетраў) асабіста ў мяне засталіся проста цудоўныя. Аднак ці атрымаецца гэта зноў, ужо не ў складзе афіцыйнай дэлегацыі, а ў прыватным парадку?

Лепшыя ўмовы на мяжы??— больш турыстаў

— Мы ўжо гадоў пяць гаворым на розных узроўнях: каб Аўгустоўскі канал пачаў працаваць на турызм і вяртаць укладзеныя ў яго сродкі, неабходна паляпшаць умовы для вандроўнікаў, адкрываць новыя пункты пропуску, — зазначае Сяргей Каляда.

Памежны пераход «Лясная — Рудаўка» дзейнічае ў сезонным рэжыме, з пачатку мая па канец верасня. Як мы пераканаліся, беларускія службы афармляюць дакументы турыстаў даволі хутка, а вось у палякаў атрымліваецца даўжэй, бо не працуе камп'ютар і ўсё робіцца ў ручным рэжыме. З іншага боку, польскія службы працуюць у сезон пастаянна, а іх беларускія калегі прыязджаюць толькі ў сувязі з атрыманай заяўкай на перасячэнне мяжы.

— З боку памежных службаў нармальныя, пазітыўныя адносіны да турыстаў. Аднак сама працэдура вельмі грувасткая, — лічыць Сяргей Каляда.

Вось і ў гэтым выпадку яму трэба было загадзя пісаць заявы да памежнікаў і мытнікаў, а яго польскім партнёрам звяртацца па дазвол да сваіх службаў. Звычайны турыст гэта зможа?

Да таго ж «Лясная — Рудаўка» мае статус толькі воднага перахода — пешшу альбо на веласіпедзе рухацца немагчыма. Турысты не могуць выйсці на бераг, афармленне дакументаў адбываецца тут жа, з вады, патрэбен спецыяльны дазвол на перамяшчэнне паклажы.

Фактычна гэтым памежным пераходам цяпер могуць скарыстацца толькі турысты-экстрэмалы, якія ідуць на байдарках, маючы пры сабе ўсе рэчы. Камусьці гэта, можа, і падабаецца, але падобным экстрымам не зацікавіш шмат турыстаў.

— Трэба адкрыць аўтадарожны пераход «Сафіёва — Ліпшчаны». Гэтая прамая дарога паміж Гродна і польскім Аўгустовам стала б вельмі важным элементам памежнай інфраструктуры: турысты сплаўляюцца на байдарках, а іх рэчы перамяшчаюцца аўтамабілем, — зазначае Сяргей Каляда.

— А хіба ж не хапае памежнага перахода «Брузгі»?

— «Брузгі» сёння з'яўляюцца, так бы мовіць, аўтадарожным монстрам: там і легкавы транспарт, і аўтобусы, і грузавікі, «зялёны» і «чырвоны» каналы. Не падзяляюцца тыя, для каго мяжа ўжо даўно ператварылася ў прыватны бізнес па перавозцы саляркі і цыгарэт і хто едзе з мэтай турызму. Пакуль не вырашана задача, каб па абодва бакі мяжы былі «зялёныя» каналы для турыстаў.

Дарэчы, вышэйзгаданыя праблемы не засталіся па-за ўвагай у зацверджанай урадам Праграме развіцця спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал» на 2012—2015 гады. Хочацца спадзявацца, што яны будуць вырашаны.

Ёсць праблемы па выкарыстанні трансгранічнага патэнцыялу Аўгустоўскага канала і ў нашых суседзяў. У Польшчы больш вопыту па прыцягненні да гэтай воднай жамчужыны турыстаў, лепшая інфраструктура, аднак... Далейшы сплаў пасля памежнага шлюза «Кужынец» немагчымы, паколькі чатыры шлюзы на польскім баку ў рамонце. Наступны за «Кужынцам» шлюз «Мікашуўка», паводле пашпарту аб'екта, плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 28 верасня 2012 года...

Пашпарт вандроўніка і вулей для дзікіх пчол

На Сувальшчыне ўмовы надвор'я — адзін у адзін з нашымі, але там не спасылаюцца на тое, што Гасподзь не даў ні мора, ні шматмесячнага цяпла. Не скардзяцца, што ў нашых рэаліях, маўляў, немагчымы нармальны еўрапейскі турызм, а вельмі дынамічна яго развіваюць. Вось толькі некаторыя «фішкі».

Намеснік старшыні Сувальскай палаты земляробства і турызму Рэната Закрэўска выдае кожнаму з нашай дэлегацыі так званы прывітальны пакет для турыста, які складаецца з трох частак. Першая — даведнік з прадстаўленнем 60 аб'ектаў Сувальшчыны. Другая — пашпарт вандроўніка, дзе пазначана 24 з гэтых месцаў. Прычым у кожным з іх ёсць пункт, дзе ў пашпарце прастаўляецца пячатка — арыгінальная для кожнага аб'екта. Акрамя таго, у пашпарце пазначана 15 мясцін, наведванне якіх спалучаецца з нейкімі забавамі, загадкамі.

— Гэтая акцыя разлічана на любога вандроўніка, але найперш — на сем'і, каб зацікавіць іх у вывучэнні славутасцяў Сувальшчыны. Узнагароды для дзяцей звязаны з гісторыяй нашага краю — гэта прыгожы дамок з постацямі герояў аповесці пісьменніцы, ураджэнкі Сувалак Марыі Канапніцкай «Пра гномаў і сіротку Марысю», — апавядае Рэната Закрэўска.

У прывітальным пакеце ёсць таксама картка члена інтэрнет-клуба — шукальніка прыгод на Сувальшчыне. Дапусцім, чалавек ніколі тут не быў, але ёсць інтэрнет-старонка, якая прапануе гульню, што заснавана на карце, гісторыі гэтага рэгіёна. Дайшоў да пятага ўзроўню, аднак каб прадоўжыць, павінен прыехаць на Сувальшчыну, каб пашырыць веды пра яе.

— А ці ёсць у польскіх турыстаў інтарэс да наведвання суседняй Гродзеншчыны?

— Ёсць, але не хапае інфармацыі. Нядаўна размаўляла з турыстам, які прайшоў на каяку ўсе польскія рэкі і шукае іншыя магчымасці. Ён быў здзіўлены, што існуе варыянт сплаву на беларускі бок Аўгустоўскага канала і далей да Нёмана. Таму мы з гродзенскімі партнёрамі і спрабуем як мага шырэй распаўсюдзіць такія звесткі. Дарэчы, я яшчэ не сустракала чалавека, які, пабываўшы на Гродзеншчыне, сказаў, што яму ў вас было дрэнна.

3

Падчас знаходжання на Сувальшчыне мы бачылі шмат «дробязяў», якія пры жаданні і дзелавой хватцы можна напоўніць турыстычным патэнцыялам. Напрыклад, каля вёскі Смольнікі ёсць пляцоўка, адкуль воку адкрываюцца цудоўныя краявіды. Імі здаўна любаваліся турысты, і пры гэтым, на жаль, не абыходзілася без пакінутага смецця. Але цяпер тут парадак, бо ў агляднай пляцоўкі «У пана Тадэвуша» ёсць гаспадар. Прычым можна не толькі за чыста сімвалічную плату паўзірацца на тутэйшы прыродны ландшафт, але і набыць у кіёску краязнаўчую літаратуру, карты, узяць напракат веласіпед, адпачыць каля вогнішча.

На турыстаў працуе і пабудаваная немцамі вузкакалейная чыгунка: гаспадарчага значэння яна ўжо даўно не мае, але затое запатрабаваная дзецьмі, якія з задавальненнем падарожнічаюць па ёй у невялікіх вагончыках. А ў Сувальскім ландшафтным парку адным з элементаў турыстыкі з'яўляюцца... вуллі для дзікіх пчол. Пра іх клапоцяцца па той прычыне, што гэта найлепшыя апыляльнікі для тутэйшых раслін. Акрамя таго, моладзі прапануюцца так званыя «зялёныя лекцыі» — падарожжы па тэрыторыі парку разам з правадніком.

Не паасобку, а разам

Аснова развіцця інфраструктуры і арганізацыі турызму на Сувальшчыне — сумесная праца мясцовых улад і грамадскіх аб'яднанняў. А сувязным звяном паміж імі з'яўляюцца турысцка-інфармацыйныя цэнтры. Прычым мы не ўбачылі ніводнага прыватнага цэнтра — усе яны пры гміне, павеце альбо нейкім грамадскім аб'яднанні. У такіх цэнтрах акумулюецца рэальная інфармацыя (што найбольш цікавіць турыстаў, чаго не хапае), якую ўлады аналізуюць і рыхтуюць адпаведныя планы развіцця. Потым праводзіцца іх грамадскае абмеркаванне, вызначаюцца прыярытэты, праграмы. Пры гэтым грошы на развіццё турызму (у тым ліку па розных еўрапейскіх праграмах) не рэалізуюцца самімі ўладамі: аб'яўляецца рэгіянальны конкурс, у якім могуць удзельнічаць са сваімі праектамі ўсе ахвотныя.

Вось, напрыклад, як працуе цэнтр турыстычнай інфармацыі ў Старым Фальварку — курортным мястэчку на беразе возера Вігры. Абслугоўванне турыстаў — галоўны занятак тутэйшых жыхароў. Прычым кожны не рэкламуе свае паслугі паасобку: 30 уладальнікаў аграсядзіб аб'ядналіся і ўзялі ўнаём невялікі будынак, дзе створаны турыстычны цэнтр.

— Кожны дае сюды сваю інфармацыю — пра каякі, веласіпеды, коней, рамесніцкія вырабы і іншае, а таксама ёсць матэрыялы наконт усяго рэгіёна, — расказвае кіраўнік гэтага аб'яднання Марэк Равіньскі. — Рэкламуем, дарэчы, і Гродзеншчыну.

— Якім чынам?

— Важна, каб турыст, які да нас прыехаў, застаўся задаволены. А гэта магчыма, калі ў яго шмат інфармацыі — не толькі пра нашы мясціны. І каб таксама ведаў, што адсюль даволі блізка да Вільні і Гродна. Таму мая задача — пераканаць турыстаў, каб яны паехалі і да вас. На гэтым зарабляе ў асноўным перавозчык, але ёсць і мой бізнес — за прадастаўленую інфармацыю. А галоўнае, бадай, каб як мага больш убачылі турысты. Тады, магчыма, яны прыедуць зноў.

— А візы?

— У беларускім консульстве ў Беластоку турыстычная віза афармляецца за пяць дзён, прычым па жаданні турыстаў я бяру на сябе дастаўку пашпартоў. Патрэбна толькі жаданне паехаць на Гродзеншчыну, — перакананы Марэк Равіньскі.

...Па вяртанні на радзіму (зноў жа байдаркамі) той, хто ўпершыню ўдзельнічаў у сплаве, праходзіць адпаведны абрад, які завяршаецца дакрананнем вясла да «пятай кропкі». Такі вось фініш нашага падарожжа. Зрэшты, які фініш? Усё толькі пачынаецца — і па стварэнні на Гродзеншчыне сеткі турысцка-інфармацыйных цэнтраў (ужо аб'яўлены тэндар на закупку абсталявання), і ўвогуле па арганізацыі сучаснага турызму.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Фота аўтара

https://www.traditionrolex.com/8