https://www.traditionrolex.com/8
<p>Мястэчка Лужкі і двор Гарадзец, якія знаходзяцца на беразе ракі Мнюты ў Шаркоўшчынскім раёне, моцна ўражваюць падарожнікаў. «Лужкі – гэта найбліжэйшы ад Браслава Парыж», – кажа мая браслаўская сяброўка Ганна Базарэвіч</p>
Як  паведамляе Westki.info:

Мястэчка Лужкі і двор Гарадзец, якія знаходзяцца на беразе ракі Мнюты ў Шаркоўшчынскім раёне, моцна ўражваюць падарожнікаў. «Лужкі – гэта найбліжэйшы ад Браслава Парыж», – кажа мая браслаўская сяброўка Ганна Базарэвіч.
Касцёл Святога Міхала Архангела ў Лужках. Збудаваны ў 1744–1756 гг. па фундацыі магната Валяр'яна Жабы. Пры касцёле дзейнічала школа, дзе навучаліся шляхецкія дзеці з усяго наваколля.
Каб добра агледзець «дыполіс» Лужкі–Гарадзец, патрэбны цэлы дзень. Я запланаваў на вандроўку паўдня – і за чатыры гадзіны бадзяння па мястэчку не паспеў агледзець усе цікавосткі. І нават не паспеў сфатаграфаваць усё, што бачыў: пасля 485 здымкаў у фотаапараце селі акумулятары.

Рака Мнюта, што цячэ ў глыбокай даліне каля мястэчка, здавён прываблівала падарожнікаў. Скарбашукальнікі ўжо не здзіўляюцца, калі знаходзяць на берагах Мнюты арабскія срэбныя дырхемы VIII – IX стагоддзяў. Здзівіліся тады, калі адкапалі рымскія манеты ІІ стагоддзя пасля нараджэння Хрыста.

1

Рака Мнюта і падмурак млына ў мястэчку Лужкі, упрыгожаны «разынкавай муроўкай»

На Мнюце каля Гарадца знаходзіцца старое гарадзішча з рэшткамі ўмацаванняў. Археолагі сцвярджаюць, што жыццё на ім віравала ў VIII – IX стагоддзях, а пасля замкавыя сцены загінулі ў пажары. Магчыма, гэта быў адзін з заходніх фарпостаў Полацкага княства, своеасаблівая мытня на адным з гандлёвых шляхоў.

Самы вялікі будынак у Лужках – касцёл Міхала Архангела. Храм збудавалі ў 1756 годзе айцы піяры, ласкава запрошаныя ў мястэчка магнатам Валяр’янам Жабам. Галоўнай задачай ордэна піяраў было выхаванне моладзі. Шасцікласная школа, якую заснавалі манахі, на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў была месцам асветы для ўсяго наваколля.

2

Касцёл Святога Міхала Архангела збудаваны ў стылі «віленскага барока», але мае незвычайную будову фасада: вежы быццам вынесеныя наперад. 

Пасля 1831 года, калі выхаваныя ў піярскай школе маладыя шляхціцы адважна біліся з расійскімі войскамі, царскі ўрад вырашыў закрыць і школу, і кляштар. Праз дзесяцігоддзе чынавенства падумала, што гэтага мала – і ў 1843 годзе касцёл перарабілі на праваслаўную царкву. Бязбожныя бальшавікі зрабілі ў касцёле склад угнаенняў, а ў 1988 годзе тут зноў пачалі маліцца Богу.

Віталь Стома-Сініца, які нарадзіўся ў Лужках, напісаў кнігу ўспамінаў «Маё мястэчка». Шмат радкоў ён прысвяціў людзям, якія жылі ў мястэчку, і падзеям, якія адбываліся на рынку. Мікола Канановіч, які валодаў паэтычным талентам ды не раскрыў яго напоўніцу, пакінуў пасля сябе адзіны верш «Шумеў, гудзеў кірмаш лужэцкі».

3

Рынкавая плошча ў Лужках

Кірмашы даўно ўжо адшумелі. Цяпер вялікая, гектары на два, Рынкавая плошча стала пустой і бязлюднай. Пасярод стаіць помнік чырвонаармейцам – салдат з узнятым угору аўтаматам. Шыльда на помніку паведамляе, што тут пахаваныя 63 байцы, але імёны вядомыя толькі дзесяці з іх.

4

Помнік савецкім салдатам на Рынкавай плошчы ў Лужках

Над плошчай узвышаецца вежа царквы Нараджэння Божай Маці. Храм з цыбулінай наверсе ўзвялі ў другой палове ХІХ стагоддзя, а ў 1934 годзе прыбудавалі да яго прытвор са званіцай.

5

Званіца царквы Нараджэння Маці Божай у Лужках

На ўсходнім баку плошчы стаіць вялікі белы будынак з калонамі – гэта былая школа. У куце, дзе пачынаецца Дзісненская вуліца – Дом культуры, былы Dom ludowy, дзе яшчэ пры ІІ Рэчы Паспалітай пачалі рэгулярна паказваць кіно. Заходні бок плошчы займаюць невялікія местачковыя дамкі і камянічкі ды незвычайнага выгляду апора электрычнай лініі.

6

Дом культуры знаходзіцца на Дзісненскай вуліцы, якая захавала сваю першапачатковую назву.

Вуліцы ў Лужках захавалі гістарычныя назвы – Германавіцкая, Дзісненская, Маставая, Млыновая, Касцельная. Старыя камянічкі і драўляныя дамкі з каменнымі падмуркамі ствараюць непаўторную атмасферу беларускага мястэчка.

7

Вуліца Маставая, забудаваная камянічкамі з чырвонай цэглы. Адну з іх нядаўна набыў мастак Алесь Марачкін.

Асабліва варта завітаць на Млыновую вуліцу, на якой дагэтуль ляжыць брук і няма ніводнага савецкага будынка. На гэтай вуліцы некалі жыў Станіслаў Булак-Балаховіч – будучы беларускі генерал ужо ў Лужках атрымаў мянушку Бацька. Ніжэй – будынак млына і вадзяной электрастанцыі, збудаваны яшчэ пры Расійскай імперыі.

8

Дом, дзе жыў Булак-Балаховіч. У 1904–1914 гадах ён працаваў аграномам у маёнтку Гарадзец. Меў павагу сялян, бо дапамагаў ім вырашаць зямельныя спрэчкі з абшарнікамі.

На Млыновай вуліцы стаяць каменныя сцены яўрэйскай сінагогі. Сюды ў маладыя гады прыходзіў маліцца і вывучаць Пісанне Эліэзэр Бен-Егуда. Гэты лужэцкі яўрэй пайшоў далёка – стаў першым чалавекам, які ўзяўся адраджаць старажытную мову іўрыт. Цяпер амаль у кожным ізраільскім горадзе ёсць вуліцы, названыя ў гонар нашага земляка. Архітэктары з Таварыства аховы помнікаў распрацавалі праект адбудовы сінагогі, аднак мясцовыя ўлады не жадаюць супрацоўнічаць у гэтай справе з грамадскасцю.

9

Руіны сінагогі на вуліцы Млыновай у Лужках. Улады не пагаджаюцца на яе аднаўленне, нягледзячы на тое, што ёсць спонсары, гатовыя даць на гэта грошы. 

У Гарадцы ўзвышаецца курган, на якім стаіць каплічка з фігурай Хрыста, які нясе крыж. Ніхто ўжо не памятае, хто і калі збудаваў каплічку. Расказваюць паданні, што яе паставілі напалеонаўскія войскі – дзіўнае імкненне прыпісаць французам усе цікавосткі, карані якіх згубіліся ў мінулых стагоддзях.

10

Капліца каля двара Гарадзец

Двор Гарадзец належаў у XVI стагоддзі Сапегам, у XVIII – Жабам, у XIX – Плятарам. Да роду Плятараў належала славутая шляхцянка Эмілія, якая ў 1831 годзе ўзяла ў рукі зброю, села на каня і паехала ваяваць супраць расійскіх войскаў. Кажуць, што аднойчы, прыехаўшы да сваякоў, Эмілія Плятар пакінула тут люстэрка – яго адшукаў краязнаўца з Мёраў Вітольд Ермалёнак і цяпер паказвае ўсім наведнікам свайго школьнага музея.

11

Палац Плятараў. Зараз тут месціцца кантора саўгаса

Побач з палацам раней была лютаранская кірха – Плятары былі пратэстантамі. Цяпер у гэтым будынку музей, дзе можна пабачыць кавалкі слуцкіх паясоў, самаробны гармонік, маляваныя дываны Язэпа Драздовіча і партрэты паўстанцаў, намаляваныя Пётрам Сергіевічам.

Добра захавалася і агароджа маёнтка, і гаспадарчыя будынкі, і дамы для парабкаў. «Ніводная цагліна не раструшчылася!» – кажа мясцовы жыхар, які параўновае якасць плятаравых будынкаў з савецкімі пабудовамі.

12

Каменны дом, у якім жылі работнікі маёнтка Гарадзец

«Мястэчка Лужкі павінна стаць музеем!» – гэтае выказванне я чуў з вуснаў многіх людзей. Так кажа і мясцовы краязнаўца Эдмунд Гірын, і выдавец «Вольнага Глыбокага» Уладзімір Скрабатун, і адзін з маіх фэйсбук-сяброў, якому спадабаўся альбом з фотаздымкамі Лужкоў.

Спадзяюся, што лужэцкія помнікі дастаяць да таго часу, калі прыйдзе ўлада, якая будзе шанаваць беларускую гісторыю. І тады мары краязнаўцаў пра «мястэчка-музей» змогуць стаць рэальнасцю.

Фота Кастуся Шыталя

19 ліпеня 2012 года.

https://www.traditionrolex.com/8