<p>На прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў мастацкай галерэі «Ў», кампанію «Будзьма беларусамі!» параўналі з дзяржаўным праектам «За Беларусь!» і параілі арганізатарам праявіць больш крэатыву. <strong> </strong></p>

На прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў мастацкай галерэі «Ў», кампанію «Будзьма беларусамі!» параўналі з дзяржаўным праектам «За Беларусь!» і параілі арганізатарам праявіць больш крэатыву.

Кампанія «Будзьма беларусамі!» была абвешчана 1 кастрычніка 2008 года.  За паўтара гады працы яе ўдзельнікі правялі шматлікія літаратурныя імпрэзы, чыталі лекцыі па гісторыі Беларусі, ладзілі курсы беларускай мовы і мастацкія выставы. «Я шмат падарожнічаю па Беларусі, праводзячы сустрэчы з чытачамі, –  пачаў выступ запрошаны на прэс-канферэнцыю пісьменнік Уладзімір Арлоў. – З кампаніяй «Будзьма» яны сталі больш поўнымі і насычанымі». Акрамя таго, у рамках праекту прайшлі канцэрты беларускіх музыкаў і гуртоў, якія знаёмілі жыхароў гарадоў і мястэчак нашай краіны з беларускай культурай. «Я выступаў з канцэртамі ў 25 краінах свету, –  распавёў самы актыўны музыка кампаніі Зміцер Вайцюшкевіч. – Прыязджаю выступаць у беларускую вёску ці невялічкае мястэчка, а 99% слухачоў не ведаюць, на чый канцэрт яны прыйшлі. Беларусы не ведаюць пра існаванне ў іх краіне сучаснай культуры. У рамках кампаніі мы спадзяемся гэтую сітуацыю выправіць».

«Наша першасная задача была ў тым, каб аб’яднаць беларусацэнтрычных людзей для супрацы – правядзення разнастайных культурных мерапрыемстваў, – адзначыла каардынатар кампаніі Алена Макоўская. – Наступны этап, на які мы выходзім, – пашырэнне». Перш за ўсё, у кампаніі змяніўся лагатып: побач з фігуркамі мужчыны і жанчыны з’явілася фігурка дзіцяці. Акрамя галоўнага слогана 2010 года «Будзьма беларусамі!» каардынатары прапанавалі шэраг іншых, якія будуць мяняцца ў залежнасці ад характару мерапрыемства. Так, з’явіліся слоганы «Будзьма адметнымі», «Будзьма the best» , «Будзьма беларусамі! Гэта нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі» і інш. Сёлета кампанія робіць акцэнт не на колькасці мерапрыемстваў, а на іх якасці, арыентуючыся на праекты, якія маюць намер стаць папулярнымі сярод значнай колькасці насельніцтва краіны. Сярод навінак гэтага года каардынатары адзначаюць дабрачынны «Добры фэст», якія адбудзецца ў клубе «Рэактар» 22 красавіка пад слоганам «Будзьма міласэрнымі!», прысвечаны літары «ў» канцэрт «У нескладовае. Будзьма назаўжды» 23 красавіка ў тым жа клубе. «Сёлета мы выходзім на міжнародны ўзровень, –  адзначыў каардынатар кампаніі Ігар Лялькоў, –  і будзем прымаць удзел у музычным фестывалі «Be2gether», дзе сярод іншага прагучаць песні Лявона Вольскага». 25–27 чэрвеня ў літоўскім Нарвілішкесе паўстане сапраўдны беларускі дом, дзе можна будзе пакаштаваць нацыянальныя стравы ад страўні «Камяніца», а таксама набыць сувеніры, у тым ліку створаныя кампаніяй «Будзьма». Сёлета, адзначаюць каардынатары праекта, будзе выдадзена серыя паштовак «Мы адметныя» з выбітнымі падзеямі і постацямі беларускай гісторыі. А таксама fly cards «Будзьма з беларускімі святамі». Дарэчы, гэтымі прапановамі могуць карыстацца не толькі беларускія, але і замежныя турысты, бо сувенірная прадукцыя ў Беларусі, на жаль, перажывае не лепшыя часы.

На прэс-канферэнцыі прагучала думка зрабіць новую стратэгію кампаніі больш адпаведнай модзе. «Я слышал неоднократно, что быть белорусами должно быть модно, и задумывался, что это значит, – выказаўся музыкант гурта Da Vinci Дзяніс Дудзінскі. – Новый логотип кампании – это не модно, это просто рисунок. Предложение перейти на белорусский язык из уст Владимира Орлова и Змитера Войтюшкевича уже никого не удивляет. Давайте искать новые пути, хоть это и безумно тяжелая работа. Мы здесь слишком серьезные, приводим сплошные цифры и статистики. Все должно быть проще. А пока я не вижу разницы между кампаниями «Будзьма беларусамі!» и «За Беларусь!» Молодежь привлекает яркое, оригинальное, непосредственное». У якасці альтэрнатывы музыка прапанаваў на fly cards размясціць, напрыклад, герояў карцін Рэмбрандта у беларускіх строях: гэта вам і інтэграцыя ў сусветную культуру і адначасова элементы «беларусізацыі». Смелыя ідэі музыкі зацікавілі каардынатараў праекта, і было вырашана падрабязна абмеркаваць іх пасля прэс-канферэнцыі. 

Сярод асноўных форм правядзення мерапрыемстваў кампаніі арганізатары адзначаюць арганізацыю экскурсій і вандровак. За мінулы год была праведзена 21 адна экскурсія па Мінску, Брэсце, Гродне, Віцебску, Гомелю, Магілёву. А таксама 23 вандроўкі эксклюзіўнымі маршрутамі па ўсёй Беларусі. «Важна, што экскурсаводы, якія распрацоўваюць нашы маршруты, не аматары, а прафесіяналы, здольныя сваім аповедам зацікавіць турыста беларускай гісторыяй і культурай, – расказала каардынатар праекта Ніна Шыдлоўская. – Усе экскурсіі праводзяцца па-беларуску. Пры распрацоўцы новых маршрутаў мы будзем улічваць папярэдні вопыт, які, на мой погляд, быў удалым. Турысты пакідалі шмат добрых водгукаў аб вандроўках па мясцінах Уладзіміра Караткевіча і гарадскіх экскурсіях. Мы плануем распрацаваць эксклюзіўныя маршруты, якія рэдка знойдзеш у экскурсійных даведніках.  Вельмі спадзяюся, што падчас некаторых з іх удасца арганізаваць тэатралізаваныя шоу, на якія плануем запрашаць і мясцовых жыхароў».  Распрацоўкай маршрутаў у межах кампаніі займаюцца моладзевае грамадскае аб’яднанне «Гісторыка», а таксама грамадскае аб’яднанне «Таварыства аховы помнікаў».