https://www.traditionrolex.com/8
<div class="annot">Чатыры тэлефанаванні пасля экскурсіі, што не адбылася</div>

У рэдакцыю «Культуры» прыйшоў ліст нашай сталай чытачкі Марты Верашчакі. Пісьмо датычыць замкавага комплексу «Мір» і Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля. Матэрыял чытача набывае асаблівую значнасць і з той прычыны, што, згодна з паведамленнем Міністэрства культуры Беларусі, у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» з часу яго афіцыйнага адкрыцця (з 21 ліпеня па 7 жніўня) пабывала рэкордная колькасць наведвальнікаў — каля 30 тысяч чалавек.

Вось вытрымкі з ліста: «Калі на прадпрыемстве прапанавалі паездку па маршруце Нясвіж – Мір – возера Свіцязь ад агенцтва «Мінсктурыст», адразу набралася група. Але па прыездзе ў першы населены пункт удзельнікаў вандроўкі чакаў сапраўдны «сюрпрыз»: «У Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблі ў гэты дзень не аказалася экскурсавода». Турыстам патлумачылі, што «аказваецца, звычайна ў палацы купляюць толькі білеты і амаль ніхто экскурсіі не замаўляе, таму экскурсаводаў у іх мала. А мінскі экскурсавод не мае права праводзіць экскурсіі ў палацах». Чытачка звярнула ўвагу і вось яшчэ на якую праблему: «Пасля нашага візіту ў палац мы шпацыравалі па парку, дзе таксама з'явілася пытанне да таго ж мінскага экскурсавода (а ў каго ж яшчэ запытаць?): а ці можам мы набыць кнігі, брашуры з інфармацыяй пра палац, яго ўладальнікаў? Мо так даведаемся пра гісторыю нашых культурных помнікаў?» Але, як піша Марта Верашчака, даведачна-турыстычных матэрыялаў «нідзе не аказалася, і ніхто не ведае, ці прадаюцца яны ўвогуле непадалёк ад палаца». Практычна такая ж сітуацыя чакала і ў Мірскім замку...

Тэлефанаванне першае. «Штат – не гумовы!»

Каб разабрацца ў праблеме, «К» патэлефанавала дырэктару замкавага комплексу «Мір» Вользе Папко.

– Часам у выхадныя да нас прыязджае на экскурсіі каля 3 тысяч чалавек, – паведаміла яна. – А штат – не гумовы, ды і не хопіць ніякага штату экскурсаводаў на такую колькасць наведвальнікаў. Напрыклад, у ліпені за месяц мы прынялі 37 тысяч гасцей, а з пачатку года – 147 тысяч! Калі б гэтая мінская фірма паклапацілася і замовіла экскурсавода загадзя, падобнай праблемы, якая агучана ў лісце ў рэдакцыю «К», не ўзнікла б, – пераканана Вольга Папко.

Што да іншай праблемы – адсутнасці даведачна-турыстычнай літаратуры, – дык, па словах дырэктара, яна не мае пад сабой глебы: набыць літаратуру можна як у самім музеі, так і ў яго наваколлях.

Тэлефанаванне другое. «Турфірма не парупілася»

Амаль тое ж распавялі «К» і ў Нясвіжскім палацава-паркавым музеі. Як зазначылі ў экскурсійным бюро ўстановы, супрацоўнікам у выхадныя даводзіцца ладзіць па 6–8 экскурсій у дзень, таму і бываюць такія выпадкі, калі экскурсаводаў для ўсіх ахвотных нестае. Каб неяк вырашыць праблему, часам даводзіцца аб'ядноўваць некалькі турыстычных груп у адну. Але і ў Нясвіжскім палацава-паркавым музеі перакананы, што калі б турфірма парупілася, сітуацыя б склалася зусім інакш.

Тэлефанаванне трэцяе. «Праблема сталая»

Дык няўжо ва ўсім вінаватая толькі фірма «Мінсктурыст»? З высновай катэгарычна не згодна намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Вікторыя Емяльянава. Як распавяла «К» суразмоўца, і ў Міры, і ў Нясвіжы падобныя праблемныя сітуацыі стала ўзнікаюць як у летні перыяд, так і падчас навагодніх ды калядных святаў. Вось і цяпер, летам, замовіць загадзя экскурсавода, напрыклад, на суботу ці нядзелю, патэлефанаваўшы ў Мір ці Нясвіж у сераду, папросту немагчыма. Ды і ўвогуле, па словах Вікторыі Емяльянавай, бывае, што экскурсаводаў у папулярныя музеі трэба замаўляць на месяц наперад. Натуральна, турфірме прадугледзець заказ наперад складана.

На думку намесніка генеральнага дырэктара агенцтва, ёсць два шляхі вырашэння пытання: або павялічыць штат супрацоўнікаў знакавых музейных устаноў Беларусі, або дазволіць мінскім экскурсаводам самім ладзіць экскурсіі ў Міры і Нясвіжы.

Тэлефанаванне чацвёртае. Дамовы ці аўдыягіды?

Каб паставіць кропку ў гэтым міні-расследаванні, «К» звярнулася да намесніка начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святланы Гаўрылавай.

– Сапраўды, агучаная праблема пастаянна ўзнікае ў летні перыяд як у Мірскім замку, так і ў Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблі, – адзначыла яна. – І гэта нягледзячы на тое, што мы значна пашырылі штаты устаноў, выканаўшы ўсе іх заяўкі.

Для вырашэння праблемы, па словах Святланы Гаўрылавай, ёсць тры шляхі. Па-першае, варта заключаць дамовы на летні перыяд з тымі спецыялістамі, якія могуць аказваць экскурсійныя паслугі ў Мірскім замку і ў Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблі. Гэта могуць быць таксама і экскурсаводы з Мінска, якія, натуральна, павінны прайсці атэстацыю і даказаць сваё права ладзіць экскурсіі. Пра гэта, нагадала Святлана Гаўрылава, дасягнута дамоўленасць на сумесным пасяджэнні міністэрстваў культуры ды спорту і турызму краіны, што адбылося летась у замкавым комплексе «Мір».

Па-другое, на думку прадстаўніка Міністэрства культуры, неабходна больш шырока выкарыстоўваць аўдыягіды. Напрыклад, у Мірскім замку працуе цяпер 160 адзінак падобнай тэхнікі, што часткова здымае агучаную праблему, асабліва для невялікіх турыстычных або сямейных груп.

– Цяпер мы закупілі 70 аўдыягідаў для Нясвіжскага музея і ў самым хуткім часе запусцім іх ва ўстанове культуры, – зазначыла Святлана Гаўрылава. – Магу адзначыць: попытам аўдыягіды карыстаюцца ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, дзе падобная экскурсія ўключана ў кошт білета.

Па-трэцяе, можна і трэба, па словах суразмоўцы «К», аптымізаваць на летні час работу з наяўным штатным раскладам: пераводзіць, напрыклад, на працу экскурсаводамі іншых супрацоўнікаў музея і такім чынам вырашыць надзённую праблему. Усе неабходныя механізмы для наладжанай працы знакавых музейных устаноў, як бачна, маюцца ў наяўнасці, таму вырашэнне ўзнятага чытачкай газеты пытання цалкам залежыць ад намаганняў мясцовага кіраўніцтва, зазначыла Святлана Гаўрылава.

https://www.traditionrolex.com/8