https://www.traditionrolex.com/8
<p>Для кожнага, хто вырашыў заняцца сельскім турызмам, неабходна стварыць свой пазнавальны брэнд ды ўнікальны турпрадукт. І даўно не сакрэт, што нацыянальны каларыт у сядзібе вельмі прывабны для турыстаў, асабліва замежных. У гэтым плане маем, на маю думку, шмат нявыкарыстаных магчымасцей. Напрыклад, многія цяпер арыентуюцца на сялянскі побыт, але ж у Беларусі была і шляхта. Пагадзіцеся, кожны быў бы не супраць пачаставацца стравамі часоў ВКЛ, апрануць стылізаваны касцюм, павучыцца старадаўнім танцам ды ігры на лютні</p>
Адзін з найбольш перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва аддзелаў культуры Беларусі і турыстычных арганізацый узнікае сёння ў сувязі з развіццём аграэкасядзіб. Якія пытанні і праблемы неабходна вырашаць, каб названае супрацоўніцтва набыло сапраўды канструктыўны характар? Што за праблемы ў гэтай сувязі паўстаюць перад культработнікамі рэгіёнаў? З гэтымі і многімі іншымі актуальнымі пытаннямі, датычнымі развіцця аграэкатурызму, карэспандэнт «Культуры» звярнуўся да старшыні праўлення Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыі КЛІЦУНОВАЙ і кіраўніка Івесьскага культурнага гісторыка-турыстычнага цэнтра — адной з нешматлікіх аграсядзіб, якая знаходзіцца на балансе раённага аддзела культуры, — Зоі ЖАЎРАНАК.

— На мой погляд, узаемадзеянне паміж аддзеламі культуры і ўласнікамі аграсядзіб — адзіна магчымы кірунак, — кажа Валерыя Кліцунова. — На сёння ў Беларусі зарэгістравана больш за дзве тысячы аграсядзіб. Але кожны з тых, хто аказвае падобныя паслугі, жадае, каб людзі прыязджалі ў сядзібу як мінімум на тыдзень. Такім чынам, наступны лагічны крок на шляху развіцця аграэкатурызму, як мяркую, — распрацоўка культурнай праграмы, планаванне вольнага часу турыстаў… Летась, да прыкладу, у нас завяршыўся праект, звязаны з нематэрыяльнай культурай Беларусі. Мы здзейснілі сем экспедыцый у розныя куткі краіны ды выбралі тры традыцыйныя абрады, якія, на нашу думку, маюць вялікія перспектывы ў турыстычным плане: гэта калядныя «Цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, «Жаніцьба Цярэшкі» на Лепельшчыне і выпечка вясельнага каравая ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна. Але і ўсе астатнія абрады ды ўвогуле духоўная спадчына беларусаў выклікаюць цікавасць у замежнікаў.

— У якім кірунку варта працаваць аддзелам? Рабіць стаўку на паказ абрадаў?

— Як паказвае практыка, трэба адмаўляцца ад сцэнічных варыянтаў выступленняў, а зрабіць акцэнт на інтэрактыўныя праграмы ды майстар-класы, каб той жа турыст павучыўся спяваць, выканаўшы куплет адной з песень, каб ён не толькі змог паглядзець, як працуе майстар, а і сваімі рукамі зляпіў бы збаночак ці гліняную свісцёлку...

— Ці ёсць прыклады паспяховага супрацоўніцтва паміж уласнікамі сядзіб і аддзеламі культуры?

— Безумоўна. Да прыкладу, аўтэнтычны народны калектыў, створаны пры Відамлянскім СДК Камянецкага раёна, які не толькі выступае перад турыстамі ў аграэкасядзібе «Млынок», але і навучае гасцей старадаўнім танцам. У Лепельскім раёне, у «Прыазёрнай», можна паслухаць выступленне мясцовага калектыву, што грае на дудах, а на Брэстчыне сям-там прапануюць пажыць у хаце, аформленай у традыцыйным палескім стылі, сфатаграфавацца ў старадаўніх мясцовых строях і сыграць вяселле па даўніх традыцыях.

— Культработнікі, такім чынам, дапамагаюць ператварыць радавую аграсядзібу ў цікавы і непаўторны гасцявы аб’ект…

— Для кожнага, хто вырашыў заняцца сельскім турызмам, неабходна стварыць свой пазнавальны брэнд ды ўнікальны турпрадукт. І даўно не сакрэт, што нацыянальны каларыт у сядзібе вельмі прывабны для турыстаў, асабліва замежных. У гэтым плане маем, на маю думку, шмат нявыкарыстаных магчымасцей. Напрыклад, многія цяпер арыентуюцца на сялянскі побыт, але ж у Беларусі была і шляхта. Пагадзіцеся, кожны быў бы не супраць пачаставацца стравамі часоў ВКЛ, апрануць стылізаваны касцюм, павучыцца старадаўнім танцам ды ігры на лютні…

— Цяпер у некаторых раёнах на базе СДК аддзелы культуры пачалі ствараць аграэкасядзібы. Наколькі перспектыўны гэты кірунак?

— Гэты шлях — вельмі цікавы і мае будучыню. Але на падставе ўласнага вопыту магу сказаць, што без творчай асобы не будзе поспеху ні ў дзяржаўнай, ні ў прыватнай сядзібы. А кадраў, што мелі б творчы падыход да падобнай дзейнасці, на жаль, якраз і бракуе. Вось, напрыклад, ведаю, што ў кожным сяле з дапамогай культработнікаў праходзяць традыцыйныя святы вёсак. А чаму б не ператварыць іх у кірмашы, паказы народных рамёстваў рэгіёна, у аграфестывалі, арганізаваўшы перад гэтым рэкламу? Падобныя святы вёскі, куды з’язджаецца шмат турыстаў, здаўна ладзяцца ў Італіі і прыносяць мясцовым жыхарам неблагія грошы. Упэўнена, замежны вопыт выдатна спрацаваў бы і ў Беларусі.

— І апошняе. На нядаўнім сумесным семінары міністэрстваў культуры ды спорту і турызму краіны, прагучала думка: няблага б наладзіць сустрэчы культработнікаў з уладальнікамі аграэкасядзіб…

— Я гэтую ідэю падтрымліваю, бо нам сапраўды неабходна наладжваць больш шчыльнае міжгаліновае супрацоўніцтва. Варта, лічу, пераходзіць ад галіновага кіравання ў аграэкатурызме да кластараў, якія дазваляюць паспяхова ўзаемадзейнічаць прадстаўнікам розных сфер эканамічнай і сацыяльнай дзейнасці. А яшчэ няблага запрашаць на падобныя сустрэчы прадстаўнікоў турызму, эколагаў, эканамістаў і гэтак далей. Бо, напрыклад, адкуль культработніку ведаць, як ствараць турыстычны прадукт? Ва ўніверсітэтах на тураператара вучаць пяць гадоў, таму і не варта патрабаваць ад таго ж клубніка, каб ён змог адразу аказваць у сваім рэгіёне турпаслугі. Але супрацоўнікі сферы культуры — творчыя, крэатыўныя асобы, і навучыцца або пераняць упадабаны вопыт будзе для іх, мяркую, не так складана.

«А сцэнарый мог быць і іншым…»

— Зоя Мікалаеўна, ваш цэнтр паўстаў на базе СДК і цяпер з’яўляецца той установай, якая жывіць вёску Івесь і не дае ёй ператварыцца ў, так бы мовіць, «неперспектыўную»…

— Так, бо ў Івесі на сёння пражываюць 180 чалавек, і без нашай установы жыццё ў вёсцы магло б пайсці зусім па іншым сцэнарыі. Цяпер пра наш цэнтр ведаюць за межамі раёна, ды і мясцовыя ўлады нас апякуюць. І гэта не толькі таму, што ў Івесі — адзін з цэнтраў Еўропы, але яшчэ і з-за нашай некранутай прыроды, з-за нашых 27 азёр. Возера Доўгае, да прыкладу, — самае глыбокае ў Беларусі!

Летась на платных паслугах мы зарабілі каля 10 мільёнаў рублёў, сёлетні план — 12 мільёнаў. Да нас прыязджаюць з усёй краіны, хоць зімой наведвальнікаў бывае куды менш, чым улетку.

— Магчыма, трэба больш рэкламаваць цэнтр, каб у ім было больш гасцей?..

— Рэклама нашага цэнтра прадстаўлена на веб-старонцы Глыбоцкага райвыканкама. Працуе на нас і «сарафаннае радыё». У маім журнале ўліку ўсе нумары цяпер забраніраваны на тры тыдні наперад. Прыязджаюць не толькі з Беларусі, але і з Латвіі, Расіі, Швецыі… А не так даўно наша ўстанова ўдзельнічала ў міжнародным беларуска-латвійскім праекце, па выніках якога быў створаны мультыплікацыйны фільм, што распавядае пра фальклор дзвюх краін. Увогуле, замежнікі — частыя госці ў Івесі. Нездарма ж каля знака цэнтра Еўропы ў нас паўстала цэлая каштанавая алея з 28 дрэў, кожнае з якіх пасаджана ў гонар прадстаўнікоў тых замежных дзяржаў, што наведалі нашу вёску.

— Якія праблемы ў цэнтра?

— Яны звязаны з фінансаваннем. Нам вельмі хацелася б аказваць не толькі паслугі, звязаныя з пражываннем, але і многія іншыя: даць магчымасць прыезджым пакатацца на лодках, катамаранах, веласіпедах, а ў зімовы час  забяспечыць наведвальнікаў лыжамі, канькамі, рыбалоўнымі прыладамі і гэтак далей. Усімі гэтымі паслугамі, на жаль, у нашым цэнтры скарыстацца пакуль немагчыма.

— А што магчыма ўжо сёння? Можаце, напрыклад, прыняць групу з трыццаці–сарака чалавек?

— На сённяшні дзень у цэнтры — усяго 15 месцаў, і яны пастаянна заняты. Але зрэдку прымалі і па трыццаць чалавек. Дастаўлялі ложкі ў пакоі, а каб забяспечыць харчаванне, звярталіся да прыватніка, які трымае ў Івесі кафэ, дзе могуць паабедаць адначасова да 30 чалавек. Ладзім экскурсіі ўздоўж нашых азёр, можам паказаць старадаўнія курганы, партызанскія стаянкі, прапаноўваем усім ахвотным пакатацца на конях… Неаднаразова ладзілі для турыстаў культурную праграму з удзелам мясцовага аўтэнтычнага гурта «Спадчына»… Таму, паўтаруся, перспектывы для развіцця ў цэнтра — вялікія.

https://www.traditionrolex.com/8