https://www.traditionrolex.com/8
<p><span id="ctl00_ctl00_ctl00_ContentPlaceHolder1_ContentPlaceHolder1_FirstColumn_A_ctl01_lblLead">З-за велізарнага попыту на польскія візы у Мінску расквітнеў сумнеўны пасярэдніцкі бізнес</span></p>

З-за велізарнага попыту на польскія візы зарэгістраваць заяўку на візу ў консульствах Польшчы стала практычна немагчыма. Дэфіцыт прывёў да з'яўленьня вялікага непразрыстага рынку пасярэдніцкіх паслуг. Каб атрымаць запаветны «шэнген», сотні беларусаў згаджаюцца ў дадатак да консульскага збору ў 60 еўра заплаціць яшчэ ад 25 да 200 еўра, паведамляе Polskie Radio S.A.

Консульства Польшчы ў Мінску не спраўляецца з наплывам жадаючых атрымаць візы. «Вокны», падчас якіх можна зарэгістраваццца на падачу візавай заяўкі, на сайце з'яўляюцца рэдка, і ўсе даступныя тэрміны разбіраюць за лічаныя хвіліны. Таму на рэгістрацыі заявак вырас цэлы бізнес. З'явіліся людзі, якія манітаруюць інтэрнет і рэгіструюць тых, хто ім раней заплаціў грошы. Шанцаў зарэгістравацца на падачу дакументаў самому амаль няма – скардзіцца прадпрымальнік Іван.

Іван: Без месяца пастаяннага маніторынгу гэтых дат, зарэгістравацца практычна нерэальна. Таму з'яўляюцца людзі, якія запісваюць цябе ў электронную чаргу за грошы. Яны проста сядзяць і цэлымі днямі манітаруюць сайт. Праблема ў тым, што даты рэгістрацыі з'яўляюцца на сайце ў абсалютна нелагічны час – напрыклад, у 6 гадзін раніцы ў суботу.

У адрозненне ад літоўскага консульства, самому зарэгістравацца на падачу візы ў польскае консульства вельмі цяжка. Большасць людзей рэгіструюцца не самі – яны страцілі надзею і згодны плаціць «рэгістратарам». Як толькі на сайце з'яўляюцца даступныя даты, гэтыя людзі за 10 хвілін разбіраюць усе наяўныя дні для тых, хто ім заплаціў.

Такіх пасярэднікаў па рэгістрацыі можна лёгка знайсці на інтэрнет-форумах. У Сетцы пішуць, што гэта фірмы ці індывідуальныя праграмісты, якія карыстаюцца праграмамі-рэгістратарамі. Праграма пастаянна пасылае запыты на сайт консульства, а як толькі «акно» рэгістрацыі адчыняецца, праграма запаўняе электронную анкету пашпартнымі дадзенымі кліента за пару секунд.

У польскім консульстве ў Гродне такія ж праблемы. Самому без дапамогі пасярэднікаў зарэгістравацца амаль немагчыма, кажа артыстка Святлана.

Святлана: У Гродне свабодныя даты на падачу заявак з'яўляюцца на сайце толькі адзін раз на тыдзень – у суботу ў 10 раніцы. У мінулым месяцы ў мяне нават не атрымалася адчыніць гэты сайт! Я звярнулася да праграміста, які выставіў цану ў 50 долараў. Але мне пашчасціла тым, што ў знаёмай актрысы муж сядзеў без працы і зарабляў толькі тым, што запаўняў анкеты. Таму мне рэгістрацыя абышлася ў 20 долараў. І плюс 60 еўра консульскага збору.

Зарэгістравацца ў электронную чаргу можна, сцвярджае інжынер з Мінска Яўген. Аднак каб гэта зрабіць, трэба сапраўды на працягу цэлага дня манітараваць інтэрнет, што пад сілу далёка не ўсім. Таму сам наш суразмоўца звярнуўся да адной з дзясяткаў турыстычных фірм, якія аказваюць дапамогу ў атрыманьні віз.

Яўген: Ты заключаеш з фірмай афіцыйную дамову, дзе напісана, што яна з'яўляецца тваім прадстаўніком пры атрыманьні візы. Усё легальна. У дамове пазначана сума, якую фірма бярэ за паслугу. Ты даеш ім грошы, дакументы, усе пашпартныя дадзеныя, суму консульскага збору, і яны самі ўсім займаюцца. Прыехаў, аддаў дакумэнты, заплаціў грошы, затым прыехаў – забраў.

Дарэчы, турфірмы выдаюць візы амаль у два разы хутчэй, чым дазваляе электронная чарга на сайце. У чым сакрэт? Як сказала нам супрацоўніца адной з такіх фірм, турфірмы атрымліваюць візы па-за агульнай чаргой і карыстаюцца гэтым, каб рабіць візы індывідуальным кліентам.

Прадстаўніца агенцтва: Я проста супрацоўнічаю з хлопцамі, якія акрэдытаваныя пры пасольстве. Калі дакументы падаюцца турагенцтвамі, там усё робіцца абсалютна па-іншаму. Ёсць лазейкі, яны могуць выбіраць час, таму што прыём дакументаў ідзе непасрэдна ад турыстычных фірм.

Нават тыя наведвальнікі, якія маюць права здаваць дакументы без чаргі, скардзяцца на тое, што запоўніць анкету без дапамогі турфірмы – праблематычна. Кажа музыкант Мікалай.

Мікалай: Прыносіш у консульства запоўненую анкету – табе кажуць: «Яна запоўнена няправільна!» А што тут няправільнага? Яна ж надрукавалася з сайта, усё так і павінна быць! Каб запоўніць анкету ў турыстычнай фірме, трэба ўжо заплаціць 120 тысяч беларускіх рублёў.

Прычым у агенцтве кажуць, што ў анкеце ёсьць такія хітрыкі, якіх звычайны чалавек не ведае, а яны ведаюць – бо ледзьве не штотыдзень праходзяць спецыяльныя курсы. Напрыклад, агенцтва сказала, што нашу анкету забракавалі, бо тэрмін дзеяння пашпарту пазначаны ў ёй да 2032 года. Аказваецца, паводле міжнародных правілаў, дакумент, які дазваляе выезд за мяжу, можа быць сапраўдны толькі на працягу 10 гадоў. Таму ў анкеце трэба пісаць да 2012 года. Але гэта ж абсурд! У пашпарце сапраўды напісана да 2032 года!

Мікалай лічыць, што консульства ў Мінску дыскрымінуе грамадзян на карысць турыстычных фірм.

Мікалай: Калі мы прыйшлі ў турфірму, што размешчана адразу насупраць консульства, сайт, на якім трэба запоўніць заяўку, у іх не адчыняўся. Яны спецыяльна пайшлі ў консульства, дзе спецыяльна для іх адчынілі сайт, каб яны маглі заяўку запоўніць і раздрукаваць. Я ж не магу пайсці ў консульства і сказаць: «Адчыніце мне сайт, каб я мог раздрукаваць анкету». А турфірмам – калі ласка!

Чаму ж тады беларусы масава ідуць менавіта ў польскія консульствы? Таму, што яны выдаюць візы «на закупы». Прывабнасць гэтай візы ў тым, што выдаецца яна без лішніх фармальнасцей і адразу на год, тлумачыць прадпрымальнік Іван.

Іван: У адрозненне ад літоўскага пасольства, польскае адкрывае шматразовую шэнгенскую візу значна прасцей і адразу на год. У консульстве Латвіі, напрыклад, першы «мультышэнген» выдаецца толькі на паўгода. У літоўскім – лёгка адкрываюць аднаразовыя, але цяжка атрымаць гадавую. А ў польскім консульстве гадавую шэнгенскую візу выдаюць адразу, калі ты ўжо меў аднаразовую. Таму ўсе туды і ідуць!

Жыхары Цэнтральнай і Усходняй Беларусі найчасцей атрымліваюць аднаразовую шэнгенскую візу ў Літву, бо гэта проста і хутка, а затым падаюць дакументы на гадавую шэнгенскую візу «на закупы» ў Польшчу. Каб атрымаць шопінг-візу, трэба ўзяць запрашэнне ў польскім супермаркеце і заплаціць каля 12 еўра. Калі чалавек сапраўды ім скарыстаецца, то грошы вернуць. Аднак кемлівыя пасярэднікі могуць зарэгістраваць запрашэнне за вас і прывезці вам яго – толькі за большыя грошы, кажа Іван.

Іван: Для візы «У іншых мэтах (на закупы)» патрэбна запрашэнне з польскаай крамы ці ад арганізацыі. Ты павінен, знаходзячыся ў Еўрасаюзе, загадзя ўзяць запрашэнне ў краме. Але так ніхто не робіць. Запрашэнні ад арганізацый, прадпрыемстваў, крам робяцца за грошы. Атрымаць запрашэнне нескладана: заплаціў грошы – атрымай. Каштуе яно ад 30 да 80 долараў. Калі ў якой-небудзь асобы ёсць дамоўленасць з арганізацыяй у Польшчы, то яна лёгка можа замаўляць там анкеты з адпаведнымі пашпартнымі дадзенымі – зразумела, за грошы.

Такім чынам, выніковы кошт візы складае ад 120 еўра і вышэй – пры паслугах нефармальных пасярэднікаў ці турфірм.

Іван: 50 долараў за запрашэнне і 30 долараў за чаргу. Калі вельмі актыўна шукаць людзей, выкарыстоўваць знаёмствы, то можна ўкласціся ў 50 долараў. Але гэта цяжка. Такім чынам, трэба плаціць ад 60 долараў і вышэй. Плюс консульскі збор у 60 еўра.

Польскія консульскія службы неаднаразова тлумачылі, што яны не ў стане выдаваць больш віз з-за таго, што беларускія ўлады не дазваляюць ім пашырыць штат консульстваў ці адкрыць новыя. Можна таксама сказаць, што з-за павышанага попыту на польскія візы ўключыўся закон рынка: маўляў, не хочаш губляць час – плаці. Але відавочна, што сітуацыя з выдачай віз у консульствах Польшчы становіцца вельмі нездаровай. Вялікі попыт на візы, прысутнасць грошай і непразрыстасць механізмаў ствараюць глебу для парушэнняў, карупцыі ды іншых паталагічных з'яў.

https://www.traditionrolex.com/8