https://www.traditionrolex.com/8
<p>У Глыбокім працягваецца грандыёзны рамонт, прымеркаваны да рэспубліканскага свята Дзень беларускага пісьменства, што мае адбыцца 2 верасня</p>

У Глыбокім працягваецца грандыёзны рамонт, прымеркаваны да рэспубліканскага свята Дзень беларускага пісьменства, што мае адбыцца 2 верасня.

Будоўля будзе працягвацца яшчэ тыдні два, аднак ужо сёння можна зразумець, як будзе выглядаць наш горад пасля рэканструкцыі.

Карэспандэнт «Вестак» Кастусь Шыталь прайшоўся з фотаапаратам па вуліцах Глыбокага, каб зафіксаваць станоўчыя і адмоўныя моманты падрыхтоўкі.

***

Шэрая плітка на месцы «маленькай Вільні»

111

У сцяне глыбоцкага ўнівермага, абліцаванай люстэркавым шклом, адбіваецца будынак райвыканкама. 13 жніўня 2012 года

Найбольш радыкальна мяняецца плошча Тадэвуша Касцюшкі (Цэнтральная), якая знаходзіцца ў самай старой частцы Глыбокага. Жыццё віравала тут з Х стагоддзя, з XVI стагоддзя на гэтым месцы адбываліся кірмашы. Належала гэтая частка Глыбокага спачатку Зяновічам, пасля Радзівілам.

2

Плошча Тадэвуша Касцюшкі (Цэнтральная) у Глыбокім 

У першай палове ХХ стагоддзя вакол плошчы набудавалі камянічак – атрымаўся квартал, які краязнаўца Уладзімір Скрабатун называе «маленькая Вільня». Да нашых дзён ад яго мала што засталося – два будынкі на Замкавай вуліцы (Леніна) і тры на Докшыцкай (Маскоўскай).

Цяпер старадаўняя плошча набывае хайтэкавы выгляд. Сцяна ўнівермага, збудаванага за савецкім часам на могілках, стала гіганцкім люстэркам, у якім адбіваецца будынак райвыканкама.

3

На сцяне ўнівермага адлюстроўваецца будынак райвыканкама, які глыбачане называюць Белым домам. 

Белы дом пакуль што шматкаляровы, пераважна шэры – рабочыя ўцяпляюць яго і тынкуюць. Ці стане ён зноў белым – невядома. На плошчы сустракаю Алега Морхата – старшыня райвыканкама прыйшоў агледзець будоўлю.

Амаль усю плошчу забрукавалі тратуарнай пліткай. Стаянкі на ёй ужо не будзе. Машыны туляцца да ўскрайку праезнай часткі, пакуль заасфальтуюць пляцоўку на месцы разбуранай яўрэйскай міквы. 2 верасня на плошчы адбудуцца галоўныя святочныя мерапрыемствы. Адсвяткуюць – і плошча застанецца бязлюднай, як Кастрычніцкая ў Мінску.

Вакол Кагальнага возера выкладаюць пліткай набярэжную. На самым беразе будуюць альтанку. Будзе яшчэ адно добрае месца для шпацыраў. Новая сцежка вядзе акурат на Мінскую вуліцу, да дома, дзе мае свой офіс апазіцыянер Яраслаў Берніковіч.

4
Набярэжную Кагальнага возера выкладаюць пліткай.

Тым часам у грамадскай прыбіральні, якая месціцца на плошчы пад будынкам казіно, няма як памыць рукі. Затое вісіць шыльда «Ведётся видеонаблюдение». Не сумняюся, што пасля гэтай публікацыі праблему вырашаць – але куды раней глядзелі супрацоўнікі глыбоцкага камунгаса? Прыбіральня ж патрэбная не толькі на свята.

5

У прыбіральню вадаправод падведзены, але рукі не памыеш.

Ліштвы на савецкіх двухпавярховіках

Замкавая вуліца (Леніна) адна з самых старых у горадзе. На ёй захавалася некалькі старых камянічак, а на месцы драўлянай забудовы пры Саветах пабудавалі двухпавярхоўкі. Зараз да іх прыладжваюць ліштвы, каб стылізаваць пад даўніну. Вуліца выглядае вельмі ўтульна – не дужа шырокая, абсаджаная дрэвамі, забудаваная невысокімі дамамі.

6

На Замкавай вуліцы. Праз дарогу – камянічка канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, справа – стылізаваны пад даўніну пасляваенны дом.

7

Замкавую вуліцу імкнуцца прадставіць як старасвецкую. Побач са старой камяніцай стылізуюць пад даўніну пасляваенны дом.

На будынках трапляюцца беларускамоўныя шыльды – «Глыбокаерайгаз», «Школьны кірмаш», «Вуліца Леніна». Але рускамоўных усё роўна болей. Камяніцу, у якой месцілася бібліятэка, адрамантавалі і плануюць прыстасаваць пад музейную экспазіцыю. Месца, дзе ў ліпені раскапалі старыя могілкі, закрылі бетонным плотам, а на магілах савецкіх салдат у парку Перамогі нарэшце паставілі крыж.

8

Бетонная агароджа на ўскрайку могілак пры царкве Святой Тройцы, якая не існуе з канца ХІХ стагоддзя. У ліпені з гэтага месца вывезлі некалькі самазвалаў грунту, перамяшанага з чалавечымі косткамі. 

У двары дома № 3 да мяне падыходзіць жанчына і скардзіцца на камунальныя праблемы. Трэба мяняць вокны і перакрываць дах. Дах цячэ, а ЖКГ нічога не робіць. Ад моманту пабудовы – з 1960-х гадоў – у доме не рабіўся капітальны рамонт, кажа жанчына.

Суседні двухпавярховы дом № 5 атынкавалі і расфарбавалі. Выглядае прыгожа. Але навошта было тынкаваць дом з чырвонай цэглы, які стаіць больш за сто год і афіцыйна лічыцца помнікам архітэктуры?

9

У дварах пакуль што парадак не наводзяць. Дамы №№ 3, 5 на Замкавай вуліцы.

У будынку пошты – таксама стогадовай камяніцы – паменшылі вокны на першым паверсе. Новыя глядзяцца вельмі нягегла, а разам са стракатай расфарбоўкай дык і ўвогуле жахліва.

10

У будынку глыбоцкай пошты заклалі ніжнюю частку вокнаў.

На Кагальным возеры паставілі некалькі катамаранаў. Вецер круціць бутафорскі ветраны млын на дзіцячай пляцоўцы, а жалезнае «Дрэва кахання» стаіць сагнутае ліпеньскім ураганам. Агароджу кансервавага завода аздобілі выявамі персанажаў савецкіх мульцікаў. Над усім гэтым узвышаецца помнік небеларускага пісьменства – шыльда адкрытага акцыянернага таварыства «Купцовъ».

11

Дзіцячая пляцоўка і будынкі ААТ «Купцовъ"»– так цяпер называецца кансервавы завод. 

Бюст Ластоўскага замест помніка Леніну?

Плошча Язэпа Корсака (17 Верасня) найлепей захавала старасвецкі выгляд. На ёй стаяць кармеліцкі касцёл, перароблены на царкву, і касцёл Святой Тройцы.

На ўсходнім баку плошчы расстаўленыя тыповыя для мястэчкаў драўляныя дамы, некаторыя – з брандмаўэрамі, цаглянымі тарцовымі сценамі, якія ў выпадку пажару мусілі стрымліваць распаўсюджанне агню. Будаўнікі перарабілі іх на свой капыл. Замест традыцыйнай шалёўкі абшылі матэрыялам, стылізаваным пад зруб – «штобы была красіва». Стогадовыя будынкі выглядаюць цяпер, як лецішчы багацеяў.

12

Местачковы дом на плошчы Язэпа Корсака (17 Верасня) пасля рэканструкцыі.

Адрамантавалі прадуктовую краму каля Траецкага касцёла. Архітэктары дапасавалі афарбоўку будынка да колеру храма: жоўтыя сцены і чырвоны шатровы дах. На даху – узор трасянкавага пісьменства «Продукты. Родны кут». Такі цяпер карпаратыўны стыль у Белкаапсаюза.

13

Краму «Родны кут» пафарбавалі ў тыя самыя колеры, што і Траецкі касцёл.

Нягеглага Леніна з крывымі нагамі на плошчы ўжо няма. Чыноўнікі абяцаюць зрабіць на гэтым месцы Алею славы з бюстамі васьмі славутых глыбачан, у тым ліку Ігната Буйніцкага, Язэпа Драздовіча, Клаўдзія Дуж-Душэўскага, Вацлава Ластоўскага. «Ці паспеюць зрабіць?» – сумняваюцца глыбачане. Па пляцоўцы ходзяць трое інжынераў, углядаюцца ў план, на якім прамаляваныя восем квадратаў. Ад размовы адмаўляюцца. Але, відавочна, што думаюць нешта рабіць.

14

Ліхтары ў скверыку каля музычнай школы.

У цэнтры плошчы Язэпа Корсака перабудоўваюць фантан. Невядома, які яго будзе канчатковы выгляд. Пакуль што збудавалі спаруду, падобную ці то на вавілонскі зікурат, ці то на ленінскі маўзалей.

15

Тут будзе адноўлены фантан.

* * *
Адным словам, улады перабудоўваюць Глыбокае, як умеюць. У гараджан і краязнаўцаў не пыталіся. Ацаніць перамены, якія адбываюцца ў горадзе, складана. Нешта змянілі на лепшае, нешта – на горшае. Шкада, што пацярпела ад рэканструкцыі старая забудова, што знеслі мікву (яўрэйскую рытуальную лазню).

16

Гандлёвы цэнтр на Докшыцкай (Маскоўскай) вуліцы будзе вылучацца адметнай афарбоўкай. Але надпіс на ім – на рускай мове.

А найбольш арыгінальна падрыхтаваліся да Дня беларускага пісьменства чыгуначнікі. З вакзала знялі беларускамоўную шыльду і напісалі на рускай: «Станция Глубокое».

17

https://www.traditionrolex.com/8