https://www.traditionrolex.com/8
<p>«Падарожжа ў этнаказку» – праект, накіраваны на падвышэнне турыстычнай прывабнасці Гродзеншчыны і Сувальшчыны. Найбольш частыя заўвагі, якія гучалі з вуснаў студэнтаў з Польшчы, – адсутнасць веласіпедных сцежак, месцаў прыдарожнага адпачынку для турыстаў, руіны замест рэстаўраваных палацаў ды замкаў Беларусі</p>

«Падарожжа ў этнаказку» – так называецца транспамежны праект з удзелам беларускіх і польскіх студэнтаў. Адзін з этапаў ужо завяршыўся, польскія студэнты, якія падарожнічалі і гасцявалі на Гродзеншчыне, вяртаюцца на сваю радзіму. Сяргей Раманаў, супрацоўнік праекта «Падарожжа ў этнаказку», мяркуе, што рэдкія кантакты народаў-суседзяў моцна ўплываюць на развіццё прыпамежнага турызму, паведамляе Радыё Рацыя.

– Мне здаецца, гэта звязана ў пэўнай ступені з тым, што мы паміж сабой не маем адпаведных кантактаў і эканамічных, і палітычных, і культурных, у тым ліку і ў сферы турызму. У Еўропе помнік – гэта помнік у поўным сэнсе гэтага слова, і нельга яго ні прадаць, ні перабудаваць, ні зламаць, ні перанесці, то ў нас трошкі іншая сітуацыя ў дзяржаве, на жаль. Чаму у нас з прыватным бізнесам так вельмі цяжка? Можа, таму што ў нас прысутнічае гэты адміністрацыйны момант, калі вы ведаеце, куды ідуць вашы інвестыцыі, але не ведаеце, што з імі будзе далей.

Студэнцкая этнатурыстычная практыка праходзіла на Гродзеншчыне з удзелам польскіх студэнтаў, а па Сувальшчыне – беларускіх. Па яе выніках былі зроблены справаздача і заўвагі. Удзельнікі праекта спадзяюцца, што негатыўныя і станоўчыя ўражанні будуць заўважаны прымаючым бокам. Бо «Падарожжа ў этнаказку» – праект, накіраваны на падвышэнне турыстычнай прывабнасці Гродзеншчыны і Сувальшчыны.

Найбольш частыя заўвагі, якія гучалі з вуснаў студэнтаў з Польшчы, – адсутнасць веласіпедных сцежак, месцаў прыдарожнага адпачынку для турыстаў, руіны замест рэстаўраваных палацаў ды замкаў Беларусі.

Якуб Сушчынскі

https://www.traditionrolex.com/8