https://www.traditionrolex.com/8

На ўрачыстасцях з нагоды першай сустрэчы Янкі Купалы і Якуба Коласа карэспандэнт «Культуры» задаў некалькі пытанняў на гэты конт намесніку старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Сяргею ШЭСЦЕЛЮ.

— Сяргей Яўгенавіч, які аб’ём работ запланаваны да юбілею Якуба Коласа на аб’ектах Мікалаеўшчыны?

— Мы заўсёды знаходзім агульную мову з кіраўніцтвам музея і гатовы пасільна дапамагаць у добраўпарадкаванні Мікалаеўшчыны. Толькі сёлета рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы вяліся на тэрыторыі чатырох аб’ектаў філіяла. Мы дамовіліся з дырэкцыяй музея Якуба Коласа, што частку затрат яны возьмуць на сябе (прыкладна 20 мільёнаў рублёў), а астатняя сума будзе выдаткавана з мясцовага бюджэту. На сёння амаль усе работы выкананы. Да прыкладу, вакол чатырох мемарыяльных сядзіб раённыя арганізацыі займаюцца аднаўленнем плота. Літаральна на гэтым тыдні заменены плот у Ластку і Смольні.

— Ці вырашыцца праблема з пад’язнымі дарогамі?

— Калі казаць пра гэта набалелае пытанне, то мы дамовіліся з дарожнымі арганізацыямі наконт укладкі пясчана-гравійнай сумесі. А таму да пачатку кастрычніка дарогі да сядзіб у Ластку і Альбуці, пад’езд да якіх сапраўды складаны, будуць добраўпарадкаваны.

— Не магу не пацікавіцца, наколькі прывабны брэнд асобы Якуба Коласа ў турыстычным патэнцыяле раёна?

— Большасць турыстаў, якія едуць на вядомую ва ўсёй краіне турбазу на Нёмане «Высокі бераг», а гэта тысячы чалавек у год, абавязкова наведваюць сядзібы філіяла музея Коласа. Гэтаксама як і вучні са школ навакольных раёнаў, не кажучы ўжо пра мясцовых дзяцей. Акрамя таго, непадалёк ад Альбуці можна заўважыць альтанкі, зробленыя сёлета леснікамі для адпачынку турыстаў.

— Ці праяўляецца ініцыятыва мясцовых жыхароў па адкрыцці аграсядзіб непадалёк ад музейных аб’ектаў?

— Сёння ў нас працуе адзінаццаць аграсядзіб. Зразумела, гэтага недастаткова. Прапрацоўваецца стварэнне некалькіх аб’ектаў для адпачынку турыстаў. І, у прыватнасці, хутка ў раёне з'явіцца яшчэ адна аграсядзіба.

https://www.traditionrolex.com/8