https://www.traditionrolex.com/8
<p>Дабірацца да Харужанцаў, дзе знаходзіцца філіял «Акопы», давялося на веласіпедзе. І гэта не прыхамаць, а суровая неабходнасць: рэйсавыя аўтобусы завітваюць у вёску ўсяго пару разоў на тыдзень. Адпаведна, разлічваць на гэты транспарт турысту наўрад ці выпадае</p>

Захапляючыся творамі пісьменніка, чытач нярэдка прагне прасякнуцца той атмасферай, якая непасрэдна натхняла аўтара: а раптам менавіта ў ёй тоіцца разгадка сакрэту ягонага таленту? У біяграфіі Янкі Купалы таксама ёсць такое месца: колішні хутар Акопы ды яго ваколіцы. Ды вось толькі... пра масавыя паломніцтвы ў тыя мясціны казаць пакуль не выпадае. Чаму?

У пошуках адказу на гэтае пытанне карэспандэнт «Культуры» праехаў звыклымі для Купалы маршрутамі, пра якія згадаў у «купалаўскім» нумары газеты.

З гэтым кутком Лагойшчыны так ці іначай звязана большая частка жыцця Песняра — юнаком ён тут праходзіў «жыццёвыя ўніверсітэты», а потым неаднаразова вяртаўся, каб папоўніць нацыянальную літаратуру чарговым шэдэўрам. У Акопах Купала напісаў ці не ўсе свае лепшыя творы — і «Паўлінку», і «Раскіданае гняздо», і «Магілу льва», і «Бандароўну», і «Тутэйшых»...

Аднак жыццё пісьменніка складаецца не толькі з працы за рабочым сталом, але і з няспешных вандровак ды адведзінаў суседзяў. Таму мемарыяльную шыльду з тэкстам «Тут быў Купала» ў гэтых мясцінах можна смела ўсталёўваць ці не на кожным дрэве. Цяжэй, напэўна, знайсці той лапік, дзе Песняру ніколі не давялося пабываць...

У той самы час загадчык філіяла «Акопы» Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Валянцін Жарко называе ладны шэраг тапонімаў, якія варта абавязкова згадаць у біяграфіі класіка — і не «праз коску», а менавіта асобным радком. І вось там памятныя знакі выглядалі б папраўдзе дарэчы. Але... іх няма.

«Убачыце смецце, а потым — налева»

Дабірацца да Харужанцаў, дзе знаходзіцца філіял «Акопы», давялося на веласіпедзе. І гэта не прыхамаць, а суровая неабходнасць: рэйсавыя аўтобусы завітваюць у вёску ўсяго пару разоў на тыдзень. Адпаведна, разлічваць на гэты транспарт турысту наўрад ці выпадае.

— Індывідуальныя наведвальнікі ў нас бываюць даволі рэдка, — прызнаецца Валянцін Жарко. — Дый яно і зразумела: паспрабуй тут дабрацца самаходзь...

Збочыўшы з мядзельскай шашы на «бетонку», неўзабаве трапляю ў вёску Карпілаўку. Ці, дакладней, былую вёску. У яе цэнтры стаіць вялізны валун з мемарыяльнай шыльдай у гонар апошняй жыхаркі, якая памерла год таму. Але месца пахіленых хатак занялі сучасныя катэджы-лецішчы.

Лаўлю сябе на думцы, што сёння Купала наўрад ці пазнаў бы гэтыя мясціны. Ад многіх знаёмых яму адрасоў не засталося і слядоў. Вось, прыкладам, тая ж Карпілаўка. Малады паэт бываў тут вельмі часта — хадзіў пехатою спярша з Селішча, а потым і з Акопаў. Сядзіба належала беларускаму пісьменніку Антону Лявіцкаму, вядомаму праз свой імпазантны псеўданім Ядвігін Ш. Як мяркуюць даследчыкі, менавіта старэйшы сябра ў свой час падахвоціў юнака да творчасці на беларускай мове.

Ад сядзібы не засталося, лічы, нічога. Хіба толькі абазнаны чалавек разгледзеў бы ў гаі рэшткі парку. Затое ў гушчары прытаіўся дот Мінскага ўмацаванага раёна. Паколькі вайна абышла яго бокам, захаваўся ён даволі няблага. Хоць і не «па тэме», але... усё адно адметнасць. У любым выпадку знайсці месца нескладана. Яно «маркіравана» валуном, на якім можна ўбачыць шыльду «Гісторыка-культурная каштоўнасць». А вось адшукаць хутар Селішча без «правадніка» наўрад ці атрымаецца.

— Вунь бачыце купку дрэў сярод жыта? — паказвае Валянцін Жарко. — Там ён колісь і знаходзіўся.

Ніякіх указальнікаў няма. Адзіная «асаблівая прыкмета» — гэта звалка бытавых адходаў, што знаходзіцца ля гравійкі. Убачыўшы яе, трэба збочыць і прайсці колькі соцень метраў па ледзь заўважнай сцяжынцы — мабыць, гэта след ад трактара. Звалка ў тых ваколіцах толькі адна, таму не пераблытаеце. І чамусьці акурат ля мемарыяльнага месца.

Між тым Селішча неаспрэчна адносіцца да той катэгорыі купалаўскіх мясцін, дзе Купала не проста «быў». Гэты хутар сям’я Луцэвічаў арандавала ажно дзевяць гадоў — з 1895 па 1904-ы. Менавіта тут падлетак рабіў першыя «спробы пяра» — тады яшчэ на польскай мове. Тут яго напаткала і найвялікшая трагедыя — спачатку смерць бацькі, а потым брата і сёстраў. І вось, сёння гэтае месца ўяўляе з сябе проста купку дрэў непадалёк ад звалкі...

Добры трымер не пашкодзіў бы

Зрэшты, яшчэ гадоў дваццаць таму ў падобным стане былі і самі Акопы, куды Бянігна Луцэвіч перабралася ў 1909 годзе. Хіба некалькі адмыслоўцаў ведалі шлях да згубленых пасярод гаёў падмуркаў хутара. Натуральна, ніякія экскурсіі туды не ладзіліся.

 

1-3

Сёння ўсё выглядае зусім іначай. Тэрыторыя сядзібы пазначана новай драўлянай агароджай, а трава там ніколі не паспявае вырасці хаця б па шчыкалатку. І адразу відаць, што памяць пра Купалу сапраўды захоўваюць шчыра ды рупліва. Хто і якімі сіламі? Адказ таксама відавочны: аб’ект знаходзіцца на балансе згаданага філіяла музея, створанага ў 1992 годзе.

— У нашым штаце — усяго тры адзінкі, а працу даводзіцца рабіць самую разнастайную, — кажа Валянцін Жарко, — не толькі экскурсіі праводзіць, але і за «гаспадаркай» сачыць таксама. Тэрыторыя ў нас — болей за 6 гектараў, але, як бачыце, з касьбою спраўляемся. Хаця добры трымер, па шчырасці, не пашкодзіў бы...

Месца хутара стала аб’ектам паказу — разам з музеем у Харужанцах яго наведвае тры-чатыры тысячы чалавек штогод. І ўсё гэта — «малымі сіламі». Якія ўкладанні патрэбны, каб маркіраваць паляну ў лесе з дапамогай «падручных сродкаў»? Мусіць, не толькі ў мяне даўно ўзнікала пытанне: чаму ў якасці «штаб-кватэры» музейнага філіяла былі выбраны Харужанцы, а не ўласна Акопы? Здавалася б, «навадзел» на адвольным месцы апрыёры прайграе аднаўленню сядзібы на яе падмурках.

З гэтым, вядома, не паспрачаешся, але... Па словах Валянціна Жарко, музей у саміх Акопах запатрабаваў бы шматкроць болей і выдаткаў, і клопатаў — як і кожная новая ўстанова пасярод лесу. Тым болей лес тут — самы сапраўдны, і ніякіх камунікацый у ім, вядома, не прадугледжана.

Зрэшты, Купала там таксама працаваў не пры электрычнай лямпачцы. Але ж тут паўстае і яшчэ адна праблема — кадры. Яна не абмінае і музей у Харужанцах — супрацоўнікам даводзіцца дабірацца туды самаходзь з іншых вёсак. А вось цягнуцца праз лес штодня і ў любое надвор’е ахвотнікаў было б яшчэ меней.

Тым болей экскурсіі ў Акопы — «сезонная прапанова». Узімку аўтобусы туды не ездзяць — па той прычыне, што гэтай парой трапіць туды можна хіба на лыжах або ўсюдыходзе. Некалькі кіламетраў, якія аддзяляюць былы хутар ад «бетонкі», даводзіцца пераадольваць па звычайнай лясной дарозе, дзе ніколі не бывае снегаачышчальная тэхніка.

Чым уражвае інфраструктура?

Гэты куток Міншчыны не назавеш дагледжаным, ды і элементарная інфраструктура ўражвае сваёй адсутнасцю. Я ці не ўпершыню меў нагоду пашкадаваць, што не парупіўся ўзяць з сабой бутэльку вады: ад Харужанцаў да бліжэйшай крамы — кіламетраў пятнаццаць. Бо вёскі такія, што няма каму ў тыя крамы хадзіць.

І на гэтым непрыглядным фоне сядзіба музея тым болей уражвае. Зграбны драўляны дамок, які стаў удалай архітэктурнай стылізацыяй пад сялянскае жытло тых часоў, «пасаджаны» на пагорку, дазваляючы ацаніць «альпійскі» ландшафт Лагойшчыны. Яго атачае маленькі «дэндрапарк» з прыгожымі туямі ды клумбамі. Ды і ўвогуле — кожны куток немалой сядзібы дагледжаны сапраўды з любоўю. Ізноў жа, сіламі маленькага персаналу.

— Не так даўно давялося нават плітку на сцяжынцы да музея самім перакладаць, — кажа Валянцін Жарко.

Але ўбачыўшы з дарогі прыгожы краявід, варта ўсё ж глядзець пад ногі. Невялічкі адрэзак асфальту, што вядзе ад «бетонкі» да музейнай брамы, — гэта адны выбоіны. Як адзначыў дырэктар філіяла, ён ужо звяртаўся да кіраўніцтва Лагойскага раёна з просьбай вырашыць гэтую праблему (тэрыторыя ўсё ж не музейная) і атрымаў станоўчы адказ.

А мясціны там сапраўды маляўнічыя. Прырода плюс добраўпарадкаванне ўтварылі выдатны сімбіёз. Таму і не дзіва, што наведвальнікам хочацца застацца там як найдаўжэй. І музей прадугледжвае для іх такую магчымасць — там арганізаваны спецыяльныя месцы для пікнікоў. А непадалёк ад дома — сцэна, якая можа стаць ідэальнай пляцоўкай для літаратурных і музычных open air. Як распавёў дырэктар філіяла, яны і сапраўды там рэгулярна ладзяцца. Але... з перыядычнасцю прыкладна раз на год.

Што ні кажы, але гэты аб’ект патрабуе маштабнай «раскруткі». Не толькі сярод школьнікаў Міншчыны, якія сёння ўтвараюць асноўны кантынгент наведвальнікаў. Балазе, «раскручваць» ёсць што. У гэтае месца можна з гонарам запрасіць любога турыста.

...Цікава, што Валянцін Жарко — зусім не купалазнаўца і ўвогуле не гуманітарый па адукацыі. Ён мае больш як саракагадовы стаж працы ў сельскай гаспадарцы — у тым ліку і на пасадзе дырэктара саўгаса. Але перакананы, што свой унёсак у шанаванне памяці Песняра мусяць рабіць не толькі «вузкія спецыялісты» і профільныя арганізацыі — гэта справа сапраўды народная, усеагульная. Навучыцца праводзіць экскурсіі для новага загадчыка аказалася не так і складана, а адказнай жыццёвай пазіцыі і таленту кіраўніка яму, пэўна, не займаць. А гэта — бадай галоўнае.

«Праехаў міма»

Развітаўшыся з Валянцінам Жарко, працягнуў вандроўку «сцежкамі Купалы». За пару кіламетраў ад Харужанцаў — вёска Малыя Бясяды, якая колісь належала пану Зыгмунту Чаховічу. Ён славіўся лепшай у ваколіцах хатняй бібліятэкай, дазваляючы карыстацца ёю і цікаўнай мясцовай моладзі. Натуральна, юны Ян не грэбаваў такой магчымасцю. І вось, у адзін цудоўны дзень ён даведаўся, што пан — незвычайны! Гэта былы камандзір інсургентаў, паплечнік Каліноўскага, які не здрадзіў сваім поглядам і ў сталым веку. Пагадзіцеся, цяжка пераацаніць гэтае знаёмства для фарміравання светапогляду Купалы!

Зразумела, ад той сядзібы ўжо нічога не засталося. Праехаў міма.

Неўзабаве ўсё тая ж «бетонка» прывяла мяне ў вёску Бяларучы. Пятнаццацігадовы Ян мусіў пераадольваць гэтыя 13 з нечым кіламетраў пешшу. І шлях па асвету — у народнае вучылішча — быў сапраўды няпросты, хаця б праз уласцівыя гэтым мясцінам перапады вышынь.

«Папраўдзе кажучы, паступіўшы ў гэтае вучылішча, я ведаў больш, чым патрабавалася праграмай», — пісаў потым Янка Купала. Таму і скончыў яго менш чым за акадэмічны год.

Будынка народнага вучылішча, дзе будучы класік атрымаў свой атэстат, ужо не захавалася. Але ж на будынку школы, што паўстала на яго месцы, усталявана мемарыяльная шыльда, а ў ёй самой ёсць невялічкі, але, як кажуць, прачулы музей. Праўда, наведаць яго, на жаль, не атрымалася. Для кагосьці лета — турыстычны сезон, а для кагосьці — канікулы... Ужо пасля камандзіроўкі стала вядома, што школа тут 1 верасня не распачне чарговы навучальны год: няма вучняў…

Зрэшты, і было іх у той школе — зусім вобмаль. Падаецца, у гэтым кутку нават буйныя некалі вёскі могуць паўтарыць лёс даўно забытых хутароў. Канешне, яны не знікнуць зусім, але пераўтворацца ў «дачныя пасёлкі», што паспяхова адбываецца ўжо і цяпер. Але «пасёлак» — не зусім вёска. У яго няма ні векавых традыцый, ні гістарычнай памяці. І, мабыць, менавіта імя Янкі Купалы ў перспектыве можа стаць сапраўднай панацэяй для гэтага рэгіёна.

Далей за Бяларучамі — вёска Мачаны, куды Ян у хлапечым веку таксама выпраўляўся па асвету. Яшчэ далей — Бараўцы, дзе сям’я Луцэвічаў пэўны час арандавала гаспадарку... І гэты спіс можна доўжыць і доўжыць.

— Прататыпы герояў «Паўлінкі» жылі на хутары Рубеж, што зусім блізка ад Акопаў, — казаў Валянцін Жарко. — Але ж сёння мы там ужо нічога не ўбачым.

Пакуль што памяць пра колішнія хутары яшчэ жывая, і ёсць хаця б колькі асобаў, якія могуць паказаць туды шлях. Але калі не падмацаваць яе нейкімі матэрыяльнымі знакамі, яна можа неяк неўпрыкмет знікнуць.

Ілья СВІРЫН
https://www.traditionrolex.com/8