https://www.traditionrolex.com/8
<p><span class="news" style="color: #3a3939;">На тэрыторыі Беларусі захавалася больш за 80 аб'ектаў, звязаных з вайной 1812 года. Многія з іх сёння можна было б выкарыстоўваць у турызме, тым больш што ў гэтым годзе выйшла кніга «Помнікі і памятныя мясціны 1812 года ў Беларусі», якая можа служыць турыстам своеасаблівым дапаможнікам</span></p>

На тэрыторыі Беларусі захавалася больш за 80 аб'ектаў, звязаных з вайной 1812 года., паведамляе «Звязда».

Многія з іх сёння можна было б выкарыстоўваць у турызме, тым больш што ў гэтым годзе выйшла кніга «Помнікі і памятныя мясціны 1812 года ў Беларусі», якая можа служыць турыстам своеасаблівым дапаможнікам. А таксама ўжо з'явілася ў продажы новенькая турыстычная карта з такой жа назвай. Аўтарам кнігі і ідэі стварэння карты з'яўляецца дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу БДУ, кандыдат гістарычных навук Андрэй Лукашэвіч. У манаграфіі разглядаюцца маладаследаваныя ў гісторыяграфіі пытанні ўшанавання падзей вайны 1812 года на беларускіх землях. Карта — своеасаблівае графічнае ўвасабленне даследаванняў. На ёй паказаны фартыфікацыйныя аб'екты той эпохі, мемарыяльныя збудаванні і дошкі на месцах бітваў 1812 года, надмагільныя помнікі, капліцы, месцы, дзе спыняліся імператары Напалеон І і Аляксандр І, дыслакацыі штаб-кватэр галоўных армій праціўнікаў. Прычым і карту, і кнігу можна выкарыстоўваць як для распрацоўкі турыстычных маршрутаў, так і ў навучальным працэсе. Многія фатаграфіі, якія прыводзяцца ў гэтай кнізе, унікальныя. Іх удалося сабраць дзякуючы дапамозе даследчыкаў і краязнаўцаў Беларусі і Расіі.

Дапаможнік для турыстаў

— Турыстычная карта стваралася дзеля таго, каб паказаць, колькі аб'ектаў у нас захавалася, — расказвае Андрэй Лукашэвіч. — Многія не ведаюць, што паказаць (паглядзець) у Беларусі. Раней праводзіліся даследаванні, звязаныя з вывучэннем помнікаў, але яны былі няпоўнымі. Так, заставаліся без увагі фартыфікацыйныя збудаванні — а гэта тыя ж самыя помнікі ваеннай архітэктуры. На тэрыторыі Беларусі захаваліся вельмі цікавыя аб'екты — такія , як тэт-дэ-пон (перадмоставыя ўмацаванні) у Барысаве, Бабруйская крэпасць. Больш за тое, у нас ёсць фактычна некрануты, але вельмі важны гістарычны аб'ект у Верхнядзвінску. Там знаходзяцца рэшткі Дрысенскага ўмацаванага лагера, куды адступіла 1-я руская армія і куды павінна была адысці 2-я армія. Але пакуль гэтае месца не ўяўляе цікавасці для турыстаў. Пры жаданні ў гэтых мясцінах можна было б аднавіць лагер, стварыць аб'ект, не менш прывабны для турызму, чым Лінія Сталіна. Прычым гэты аб'ект мог бы зацікавіць турыстаў з Літвы і Латвіі, бо ён знаходзіцца непадалёк ад мяжы з краінамі Прыбалтыкі. На карце добра відаць лінію фартыфікацыйных збудаванняў, якая стваралася па праекце Міхаіла Барклая дэ Толі ў 1810 годзе (той жа Дрысенскі лагер, Барысаўскі тэт-дэ-пон, Бабруйская крэпасць). Пачыналася яна ў Рызе, праходзіла праз Дынабург (Даўгаўпілс), заканчвалася ў Кіеве, дзе крэпасць, дарэчы, сёння часткова рэканструявана. Можна было б стварыць выдатны міжнародны турыстычны маршрут, які б знаёміў з фартыфікацыйнымі аб'ектамі ў трох краінах. Прычым ён можа быць і водным.

Востра стаіць пытанне аб ахове і рэканструкцыі аб'ектаў. На некаторых з іх няма ахоўных таблічак, гарадская забудова напаўзае на гэтыя аб'екты. І яны не толькі губляюць прывабнасць для турыстаў, але могуць загінуць як помнікі ваеннай архітэктуры.

Нельга не ўлічваць і міжнародную цікавасць да гэтых падзей. Чаму вайна 1812 года і аб'екты, якія захаваліся, не могуць выкарыстоўвацца для таго, каб павялічыць турыстычную прывабнасць Беларусі? Але ж нам не павінна быць сорамна за тое, што мы будзем паказваць турыстам. Не трэба спадзявацца на нейкія замежныя ўкладанні. Наўрад ці хтосьці будзе выдзеляць грошы на тое, што мы хочам выкарыстоўваць для развіцця свайго турызму. Тым больш што трэба займацца ўпарадкаваннем тэрыторый. Мы павінны пастаянна сачыць за помнікамі і памятнымі мясцінамі. Найчасцей гістарычныя аб'екты мы прыводзім да ладу толькі да юбілейных дат. Верагодна, мэтазгодна ўстанавіць памятныя шыльды ў месцах, дзе спыняліся імператары, прывесці ў належны выгляд помнікі, прылеглую тэрыторыю. Напрыклад, у Чарняхоўску, на доме, дзе спыняўся Напалеон, з'явілася мемарыяльная дошка. Гэта выклікала скаргі, хоць надпіс толькі паведамляў пра месцазнаходжанне Банапарта. Але турыстычная прыцягальнасць гэтага аб'екта ўзрасла ў некалькі разоў!

1

Па шляху Напалеона?

Пры падрыхтоўцы кнігі і карты аналізавалася, якія турыстычныя маршруты, звязаныя з вайной 1812 года, сёння існуюць. Многія з іх, як адзначае Андрэй Міхайлавіч, «самадзейныя», часта носяць разавы характар, шмат цікавых аб'ектаў у іх не ўключаны, а то і зусім падаецца скажоная інфармацыя:

— Сёння на Віцебшчыне рэкламуюцца маршруты «Па шляху Напалеона». А на самой справе яны ўключаюць населеныя пункты, звязаныя з баявой дзейнасцю і жыццём генерала Якава Кульнева. На карце паказана, дзе сапраўдны шлях Напалеона, а дзе – імператара Аляксандра І. Калі раней многія маршруты ствараліся ці не «з галавы», то сёння, калі ласка, ёсць карта і кніжка (таксама створаны відэаролік — прэзентацыя кнігі, які змешчаны ў свабодным доступе ў інтэрнеце, інфармацыю з яго можна выкарыстоўваць і экскурсаводам). На карце таксама паказаны музеі, дзе пастаянна дзейнічаюць экспазіцыі, звязаныя з вайной 1812 года, якія знаходзяцца недалёка ад гэтых помнікаў.

Так, жыхары Клясціцаў мараць аб аднаўленні помніка, які быў створаны па праекце архітэктара Адаміні (такі ж помнік адноўлены ў Полацку). І тут узнікае пытанне: ці варта затрачваць вялікія сродкі на вялікі манумент у такім аддаленым месцы? Але можна на месцы, дзе ён стаяў, зрабіць невялікі макет помніка, прычым знайсці закладныя дошкі, дзе было напісана, калі той быў узведзены на гэтым месцы (такая дошка была знойдзена пры правядзенні работ у Полацку). У Клясціцах працуе невялікі школьны музей, дзе стараюцца захаваць памяць аб падзеях 1812 года. Але чаму б не падтрымаць гэты пачын? Чаму б навуковым установам, музеям не ўзяць шэфства над такімі музеямі — распрацаваць праграму, правільную падачу матэрыялу? На жаль, па дапамогу вучоных не звяртаюцца і спрабуюць мясцовымі сіламі вырашаць пытанні, звязаныя з гісторыяй, ушанаваннем памяці, а гэтым павінны займацца прафесіяналы. Прычым такое супрацоўніцтва нічога б не каштавала: многія навукоўцы, якія хварэюць за гэтую справу, гатовы рабіць усё на энтузіясцкіх пачатках.

Адкуль спрэчкі?

Сёння стаўленне да падзей вайны 1812 года ў многіх аматараў гісторыі не супадае. Прапануюцца нават супрацьлеглыя трактоўкі падзей. Напрыклад, назва «Вялікая армія» выклікае масу абурэнняў у некаторых аматараў паразважаць на гістарычныя тэмы. За савецкім часам лічылася, што так узвялічваецца французская армія. А гэта ўсяго толькі тэрмін, прыняты ва ўсім свеце, і выкарыстоўваецца ён у навуцы і дакументах.

Падобныя спрэчкі часта гавораць аб невысокім узроўні ведаў, мяркуе Андрэй Міхайлавіч:

— Чаму падзеі вайны 1812 года так складана пераасэнсоўваюцца ў грамадстве? Таму што ў савецкі час існавалі пэўныя стэрэатыпы. Людзі, якія атрымалі адукацыю яшчэ тады, не чытаюць навуковай літаратуры. А сёння адбываецца пераасэнсаванне гэтых падзей не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, з'яўляюцца новыя погляды наконт зместу вайны, ролі кожнага саслоўя, розных канфесійных і нацыянальных груп у ёй. Яшчэ адна з прычын такіх спрэчак у тым, што вайну 1812 года спрабавалі разглядаць гэтак жа, як і Вялікую Айчынную. А гэта розныя стагоддзі! Для прыкладу, нельга параўноўваць партызан 1812 года і партызанскі рух у час Вялікай Айчыннай вайны. У вайне з Напалеонам партызаны — гэта вайсковыя атрады, якія павінны былі дзейнічаць у тыле ворага і ствараліся па загадзе імператара. У фільме «Гусарская балада» якраз паказаны такія партызанскія атрады. Гэта не мужыкі з віламі, а арганізаваныя рэгулярныя войскі. Нават спецыяльная тактыка вядзення вайны прапісвалася ў ваенных планах расійскага камандавання. І не трэба іх блытаць з атрадамі народнай самааховы, якія таксама тады існавалі. Гэта ўжо вяскоўцы баранілі свае гаспадаркі незалежна ад таго, хто прыходзіў марадзёрстваваць...

Сапраўды, вайна 1812 года мела супярэчлівы характар. Сёння гэта прапісана нават у школьных падручніках. Частка насельніцтва Беларусі падтрымала Напалеона, частка — не. Але сучасныя ідэолагі «заходнерусізму», якія не прызнаюць самастойнасць беларускага народа і лічаць яго часткай рускага, спрабуюць дабіцца чарговага перапісвання падручнікаў. Пад лозунгам вяртання тэрміна «Айчынная вайна 1812 года», як і ў ХІХ ст., праводзіцца падзел беларусаў па канфесійнай прыкмеце.

Пры падрыхтоўцы зборніка «Беларусь і вайна 1812 года» было знойдзена шмат унікальных дакументаў. Адзін з іх сведчыць пра матэрыяльны ўрон, які быў нанесены Мінскай губерні падчас вайны 1812 года. У ім паказана, што губерня пацярпела больш ад расійскіх войскаў, чым ад напалеонаўскіх. Для Беларусі гэта вайна не прынесла нічога — толькі страты, наша зямля была арэнай ваенных дзеянняў. І тым не менш — і гэтым мы ўнікальныя — у краіне, якая нічога не выйграла ад гэтай вайны, захавалася столькі помнікаў. Самае галоўнае, што мы ўшаноўваем гісторыю, захоўваем памяць.

Ці быць музею-запаведніку на Бярэзіне?

— Гісторыя той вайны для Беларусі — гэта не толькі страты, але і гераізм: усё ж на нашай зямлі ішлі баі...

— Так, любы помнік, які пастаўлены ў папярэднія гады, стаіць у асноўным на месцах баёў. Гэта памяць аб тых воінах, якія загінулі. Але ёсць адна праблема. Мы захоўваем пераважна тыя помнікі, якія былі пастаўлены кімсьці. Помнікі, якія з'явіліся ў царскую эпоху, у савецкі час. Беларусь дазволіла паставіць помнікі воінам Вялікай арміі пры падтрымцы французскага і швейцарскага боку. Але ў Беларусі няма ніводнага помніка суайчыннікам, якія загінулі ў арміях абедзвюх краін. Думаю, гэта павінен быць помнік усім воінам Беларусі, якія загінулі ў той час, незалежна ад таго, на чыім баку яны былі. Гэта павінен быць помнік, які б адлюстроўваў і супярэчлівасць падзей у 1812 годзе, і адначасова — адзінства нацыі сёння. Так здарылася, што мужыкі з адной вёскі ці прадстаўнікі мясцовай шляхты маглі служыць як у расійскім, так і ў напалеонаўскім войску. Але кожны з іх мужна змагаўся, і кожны з іх праліваў кроў за сваю Айчыну.

— І дзе мог бы стаяць гэты помнік?

— Яшчэ некалькі гадоў таму быў падрыхтаваны праект стварэння ваенна-гістарычнага музея-запаведніка на Бярэзіне, прадстаўлены ў Міністэрства культуры. Галоўная перашкода ў яго рэалізацыі — адсутнасць грошай. Але цяпер галоўнае — не стварэнне нейкіх музейных аб'ектаў, а захаванне месца баёў, бо гэтай тэрыторыі не нададзены статус ахоўнай зоны. Палі нікім не ахоўваюцца, разбураюцца «чорнымі капальнікамі». Таму найперш трэба вызначыць ахоўную тэрыторыю, а пасля пачынаць планамернае вывучэнне. Калі будуць праведзены археалагічныя раскопкі, з'явіцца матэрыял, які можна выкарыстоўваць у экспазіцыях. Стане вядома да канца храналогія падзей, можна будзе дакладна пацвердзіць пісьмовыя і іншыя крыніцы і ў будучым ствараць помнікі не на пустым месцы, а ўстанаўліваць на месцах баёў менавіта тых часцей, якія тут змагаліся. Напрыклад, вызначылі, што тут стаяў расійскі полк — паставілі помнік яму. Швейцарскі помнік стаяў бы на месцы, дзе змагаліся і загінулі швейцарцы. А то атрымалася, што на швейцарскія сродкі ў нас пастаўлены помнік у Студзёнцы, у той час як швейцарцы змагаліся на Брылёўскім полі. У далейшым можна было аднавіць панараму мастакоў В. Косака і Ю. Фалата бітвы на Бярэзіне ў натуральную велічыню (200 метраў). Панарама не захавалася, але ёсць яе выявы, па якіх яе можна ўзнавіць. Сам музей, на маю думку, павінен стаяць не на месцы баёў, а крыху далей, вынесены за Студзёнку, бліжэй да дарогі. Поле — гэта святое, гэта могілкі. Тут павінны быць толькі помнікі тым, хто загінуў. Стварэнне музея-запаведніка — справа не на 2–5 гадоў, а на 20–30, а можа, і больш. Барадзінскае поле вывучаюць з 1839 года, навуковая праца вядзецца да нашых дзён. Гэта не павінен быць праект, які будзе рэалізаваны толькі да наступнай юбілейнай даты. Неабходна распрацаваць комплексную праграму па стварэнні гэтага аб'екта, па прыкладзе музея на Барадзінскім полі. І калі будзе вядома, што павінна атрымацца ў выніку, што гэта будзе цікава, — знойдуцца і інвестары.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

https://www.traditionrolex.com/8