https://www.traditionrolex.com/8
<p>З прыватнай ініцыятывы бізнесменаў і яўрэйскіх арганізацый ЗША ў Віцебску можа быць адноўлена Вялікая Любавіцкая сінагога XIX стагоддзя, якую ў свой час наведвала сям’я славутага мастака-авангардыста Марка Шагала</p>

З прыватнай ініцыятывы бізнесменаў і яўрэйскіх арганізацый ЗША ў Віцебску можа быць адноўлена Вялікая Любавіцкая сінагога XIX стагоддзя, якую ў свой час наведвала сям’я славутага мастака-авангардыста Марка Шагала, паведамляе «Радыё Свабода».

Цяпер гэты будынак знаходзіцца ў занядбаным стане і дагэтуль ніякіх высілкаў па яго рэстаўрацыі з боку мясцовых улад не было. Як падаюць гістарычныя даведнікі, дзед Шагала служыў у сінагозе настаўнікам і кантарам, таму ў дзяцінстве будучы геній забягаў сюды не толькі па рэлігійных справах.

Ініцыятар праекту аднаўлення старажытнай сінагогі ў Віцебску — бізнесмен, нараджэнец Мінска Генадзь Ручаеўскі. За савецкім часам быў вядомым спартсменам, кандыдатам у алімпійскую зборную СССР па боксе. Аднак з-за адсутнасці перспектыў пасля завяршэння «аматарскай» кар’еры баксёра эміграваў у ЗША і апошнія 35 гадоў жыве ў Нью-Джэрсі. І хоць у амерыканскім пашпарце пазначаны ўжо на мясцовы лад як Джэры Ручаеўскі, сувязі з радзімай стараецца не страчваць:

«Гэтая ідэя нарадзілася яшчэ некалькі гадоў таму, калі я быў у адной з паездак у Віцебску. Мяне пазнаёмілі з праектам ушанаваньня памяці Марка Шагала, у рамках якога распрацоўваецца праграма «Залатая спадчына Віцебска». І мне тады паказалі сінагогу, якая стаіць нават не ў паўразваленым, а ў амаль разваленым стане. І гэта якраз тая сінагога, якую некалі наведваў Марк Шагал, ягоная сям’я. У мяне пацікавіліся, ці магу я аказаць нейкую дапамогу, як бізнесмен, альбо мае амерыканскія партнёры зяўрэйскай абшчыны. І я сапраўды выказаў такое пажаданне – аказаць садзейнічанне, паабяцаў, што зраблю інвестыцыі сам і прыцягну іншых людзей дзеля таго, каб гэтую сінагогу, пажадана ў найкарацейшыя тэрміны, аднавіць, наблізіць яе да першапачатковага аблічча».

1

Як адзначае Генадзь (Джэры) Ручаеўскі, ужо праведзены папярэднія перамовы аб магчымасці аднаўлення Вялікай Любавіцкай сінагогі як з прадстаўнікамі беларускіх улад, так і з зацікаўленымі асобамі ў ЗША. Цяпер засталося гэтыя інтарэсы звесьці разам:

«Ужо пачалі праводзіцца адпаведныя перамовы з усім зацікаўленымі бакамі. Я з гэтай нагоды сустракаўся з яўрэйскімі рэлігійнымі лідэрамі ў Амерыцы і буду працягваць гэтую працу надалей, як толькі вярнуся ў ЗША, каб пачаць як мага хутчэй і актыўна дзейнічаць. Трэба сказаць, што гарадскія ўлады Віцебска таксама зацікаўленыя ў гэтым праекце. Мы сустракаліся з Зінаідай Каралёвай, намесніцай мэра горада, якая выказала вялікую зацікаўленасць такой прапановай. Пагаварылі мы і з намеснікам губернатара Віцебскай вобласці Алегам Мацкевічам, які таксама падтрымаў нашу ініцыятыву. Таму тэма застаецца вельмі актуальнай».

Спадар Ручаеўскі падкрэслівае, што для яго гэта праект не камерцыйны, а перадусім духоўны. Ён перакананы, што кожны чалавек не павінен забывацца пра месца, дзе нарадзіўся, і пакінуць пасля сябе добры ўспамін:

«Так, я гэтым праектам займаюся асабіста, і для мяне гэты праект, скажам так, духоўны. То бок, гэта не камерцыйны праект, а гуманітарны, духоўны. Натуральна, што ён вымагае немалых укладанняў, таму я буду ўкладаць як сам, так, само сабой, прыцягну і іншых неабыякавых людзей, каб яны дапамаглі гэтую сінагогу аднавіць. Буду актыўна займацца, каб прасунуць гэтую тэму і давесці яе да лагічнага завяршэння. Гэта была б добрая даніна памяці такой выбітнай асобе як Марк Шагал».

На падрыхтоўчым этапе Генадзь Ручаеўскі не можа нават прыблізна сказаць, якія капіталаўкладанні запатрабуюцца для рэалізацыі праекту аднаўлення старой сінагогі. Аднак не выключае, што з улікам занядбанасці будынка і жадання прывесці яго да першаснага выгляду гаворка не пра адзін мільён долараў. Канчатковую лічбу ўжо неўзабаве мусяць агучыць спецыялісты:

«Мне павінны даць разлік архітэктары — колькі на аднаўленне гэтай сінагогі можа спатрэбіцца сродкаў. Як я мяркую, на гэта можа быць запатрабавана ад мільёна долараў і да некалькіх мільёнаў, мне зараз нешта пэўнае цяжка сказаць. Тут патрэбны дакладныя разлікі, варажыць я не хачу, але ў любым выпадку гаворка пра салідную суму — калі мы сапраўды хочам аднавіць гістарычны помнік і прывесці яго ў адпаведны парадак. Бо, яшчэ раз кажу, зараз гэты будынак у абсалютна занядбаным стане, ён практычна развалены: проста стаіць каркас, без даху, стаяць дзве цагляныя сцяны, нават хутчэй гэта можна назваць напаўсценамі. Вось і ўсё. Фармальна ўсё гэта знаходзіцца ва ўласнасці горада, але нічога там не адбываецца».

Занядбаны і напаўразвалены будынак Вялікай Любавіцкай сінагогі месціцца ў так званым «шагалаўскім квартале» на вуліцы Рэвалюцыйнай (былая Вялікая Ільінская), недалёка ад Дома-музея Марка Шагала. Гэта апошняя аўтэнтычная каменная сінагога ў Віцебску, якая была збудавана ў 1872 годзе. Да 1923-га яна была галоўнай сінагогай горада, пакуль яе не закрылі бальшавікі. Неўзабаве тут прапісаўся Дом культуры аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў, а ў пасляваенныя часы ўсялякая патрэба ў гістарычным будынку знікла, і ён паступова прыходзіў у заняпад.

Iгар Карней
https://www.traditionrolex.com/8