<p>У мінулым годзе першым чэмпіёнам гонак за птушкамі ў новым фармаце стала фінска-беларуская каманда Lintu, якая змагла адзначыць вакол Мінска 115 відаў птушак</p>

Згодна з пажаданнем большасці ўдзельнікаў апытання на нашым сайце і па ўзгадненню з Цэнтральным саветам АПБ, чарговая гонка за птушкамі (англ. Bird – птушка і race – гонка) адбудзецца ў другую суботу верасня – 08.09.2012, паведамляе Birdwatch.by.

Нагадаем, што гэта будуць другія спаборніцтвы, якія будуць працягвацца 12 гадзін: з 6.00 да 18.00.

У мінулым годзе першым чэмпіёнам гонак за птушкамі ў новым фармаце стала фінска-беларуская каманда Lintu, якая змагла адзначыць вакол Мінска 115 відаў птушак. (Трэба падкрэсліць, што гэты вынік толькі на адзін від лепшы, чым абсалютны рэкорд гэтай жа каманды, пастаўлены ёю пад час апошняй 9-гадзіннай гонкі ў 2010 годзе). На другім месцы, са 114 відамі ў сваім спісе, апынулася шведска-беларуская каманда Dreamteam, якая назірала птушак вакол Гродна, на трэцім – беларуская каманда Merlin з Турава cа 110 відамі птушак.

Усяго ў мінулагоднім чэмпіянаце прынялі ўдзел 13 каманд, усе разам яны змаглі адзначыць на тэрыторыі нашай краіны пад час правядзення спаборніцтваў 180 відаў птушак – з 321 віду, зарэгістраванага ў Беларусі за апошнія прыкладна 160 год – з пачатку арніталагічных даследаванняў.

Запрашаем вас на старт новай гонкі і жадаем удачы!

Правілы Адкрытага чэмпіянату Беларусі па спартыўнай арніталогіі

1. У спаборніцтвах удзельнічаюць толькі каманды з 4 чалавек. Не менш паловы членаў каманды павінны быць старэйшымі за 18 год. Кожная каманда да 18.00 дня напярэдадні спаборніцтваў паведамляе ў аргкамітэт назву каманды, яе склад, колькасць і дакладны ўзрост удзельнікаў, маладзейшых за 18 год, месца старту і нумар тэлефону для сувязі з камандай. Змены ў складзе каманды або новае месца старту павінны быць паведамлены ў аргкамітэт да пачатку спаборніцтваў. Склад каманды не можа мяняцца пасля пачатку спаборніцтваў.  

2. Разам з членамі каманды пад час спаборніцтваў могуць знаходзіцца іншыя людзі: кіроўца, журналіст(ы), назіральнік(і). Аднак ніхто, акрамя членаў каманды, не можа прымаць удзел у пошуку і/або вызначэнні птушак.

3. Спаборніцтвы адбываюцца з 6.00 да 18.00 на працягу 12 гадзін.

4. Для перасоўвання пад час спаборніцтваў можна выкарыстоўваць любыя транспартныя сродкі.

5. Усе члены каманды пад час перамяшчэнняў павінны знаходзіцца ў адным транспартным сродку. Калі гэта немагчыма – напрыклад, для каманды на веласіпедах, члены каманды павінны знаходзіцца на адлегласці, якая дазваляе галасавы кантакт паміж усімі членамі каманды. Пад час спаборніцтваў члены каманды павінны знаходзіцца на адлегласці, якая дазваляе галасавы кантакт паміж усімі членамі каманды.

6. Перамагае каманда, якая з 6.00 да 18.00 зарэгіструе ў дзень правядзення спаборніцтваў найбольшую колькасць відаў дзікіх птушак у прыродных умовах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

7. Улічваюцца толькі тыя віды, якія ўбачылі або пачулі ўсе члены каманды. Від, вызначаны па голасу, пазначаецца ў спісе скрыпічным ключом. Забараняецца спецыяльна палохаць птушак ці рабіць іншыя дзеянні, каб ускладніць або зрабіць немагчымым назіранне птушак іншай камандзе.

8. Аб рэгістрацыі дваццатага віду і кожнага наступнага дзясятага каманды па мабільным тэлефоне паведамляюць у аргкамітэт у наступным парадку: каманда, нумар віду і яго назва.

9. Да 18.00 каманда павінна вярнуцца да месца старту, калі аргкамітэт не абвесціць пункт збору для нейкага рэгіёну.  

10. Нельга выкарыстоўваць запісы галасоў птушак, сеткі або любыя іншыя прыстасаванні, акрамя бінокляў, труб, транспарту і вызначальнікаў.

11. За кожныя 5 хвілін спазнення да месца фінішу са спісу каманды здымаецца адзін від.  

12. З 18.00 да 18.30 усе каманды павінны паведаміць у аргкамітэт колькасць зарэгістраваных відаў. Да 19.00 у аргкамітэт трэба перадаць поўны спіс відаў з пазнакай вадаёму, населенага пункту або ўрочышча, дзе зарэгістраваны кожны від і колькасць асобін, адзначаных у час, калі від сустрэты ўпершыню. У аргкамітэт перадаюцца палявыя запісы, а не чыставік. Спіс птушак павінен весціся ў сістэматычным або храналагічным парадку на беларускай, рускай або лацінскай мове. Спіс можна перадаць па факсу, а адсканаваны або сфатаграфаваны – па электроннай пошце.

13. Пасля правядзення чэмпіянату журы вызначае каманду-пераможцу і месцы іншых каманд, пра што аргкамітэт паведамляе ўсім камандам на пакінутыя імі нумары тэлефонаў. У выпадку аднолькавай колькасці адзначаных відаў перамагае каманда, якая перадала свой спіс раней.

14. Спрэчныя сітуацыі вырашае журы. Журы можа звяртацца да членаў каманд за ўдакладненнямі. Журы можа на час спаборніцтваў даслаць назіральніка ў любую з каманд.

15. Рашэнне Журы канчатковае і не можа быць абскарджана.  

Рэгістрацыя каманд заканчваецца ў 18.00 пятніцы, 7 верасня 2012 г.


Калі ласка, дашліце неабходныя дадзеныя на е-мэйл Дзмітрыю Вінчэўскаму Harrier@tut.by  з копіяй Сямёну Леваму:levy@ptushki.org  

Мабільныя тэлефоны для рэгістрацыі відаў пад час чэмпіянату (гл. Пункт 7 Правілаў): (+375 29) 223-06-13,
(+375 29) 101-68-87
Тэлефон-факс: (+375 17) 263-06-13