<p>Новы сімвал з'явіцца ў Навагрудка, падкрэсліць яго статус надзвычай прывабнага для турыстаў горада. І сімвал цэлай эпохі — любімы народам паэт — таксама атрымае ўвасабленне. У навагрудскім скверы побач з бюстам паэта будуць збірацца не толькі аматары добрай паэзіі і гітарнай музыкі — там будзе нябачна лунаць прывід яскравага кахання Высоцкага і Уладзі, што некалі, можа, наяве хадзілі тут, узяўшыся за рукі</p>

Уладзімір Высоцкі — асоба легендарная, любімец публікі. Ён выдатна валодаў увагай залы — зараджаў яе сваёй энергетыкай, на ўсе пытанні адказваў дасціпна і з гумарам. Такім яго памятаюць тыя, хто асабіста слухаў і ведаў яго. У тым ліку — нашы землякі. Пастаянна выступаў і здымаўся ў фільмах Высоцкі і ў Беларусі — яго любілі і на канцэрты імкнуліся трапіць усе, незалежна ад узросту, службовай пасады. Аднак памяць славутага артыста набудзе матэрыяльнае ўвасабленне толькі зараз: у кастрычніку ў Навагрудку адкрыецца сквер імя Уладзіміра Высоцкага, у якім будзе ўсталяваны бронзавы бюст артыста, паведамляе «Звязда».

З гэтай ініцыятывай выступіў старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч. Аднак чаму ж менавіта Навагрудак? У 1969 годзе Высоцкі бываў тут са сваёй жонкай Марынай Уладзі падчас здымак фільма Віктара Турава «Сыны ідуць у бой» па сцэнарыю Алеся Адамовіча.

Збіраючыся на здымкі, Высоцкі казаў Тураву пра будучую паездку з Уладзі: «Я хачу паказаць ёй тваю Беларусь». Так і адбылося: закаханая пара дзесяць дзён пражыла ў вёсцы Літоўка, што бліз Навагрудка. Мясцовы жыхар Георгій Бако распавядаў, што Марына Уладзі з'явілася ў вёсцы за руку з артыстам, прычым апранута яна была ў незвычайны на той час ярка-блакітны касцюм са штанамі клёш. Пасля маладая жанчына прыходзіла гатаваць сняданак і вячэру на кухню звычайнай драўлянай хаты. А спалі закаханыя на сенавале; там жа, у паветцы, Высоцкі ствараў свае вершы.

Прыехаў на здымкі паэт без нарыхтовак песень. Яму далі прачытаць сцэнарый, і ён адразу пачаў пісаць. У кіналенце прагучала некалькі песень артыста: «Песня пра зямлю», «Ён не вярнуўся з бою», «Сыны ідуць у бой». Самі Высоцкі і Уладзі ў фільме не здымаліся.

Яны гулялі па цяністых алеях каля возера Літоўка, любаваліся прыгажосцю Свіцязі. Марына Уладзі так распавядае пра гэтую паездку ў сваёй кнізе «Уладзімір, або Перарваны палёт»:

«Тваё выздараўленне працягваецца ў Беларусі. Адзін з сяброў — рэжысёр Віця Тураў, у якога ты здымаўся ў фільме пра партызан, — прывозіць нас у вёску, якая ацалела ў вайне, дзе мы спыняемся ў мілай бабкі. Хата малюсенькая, затое ёсць добры гарод, а каза дае досыць малака, каб штораніцы ты выпіваў яго, яшчэ цёплага, вялікі кубак. Мы праводзім дні ў прагулках па ваколіцах, Віця паказвае нам месцы, дзе чвэрць стагоддзя таму ішлі жорсткія баі. А тым часам прырода такая выдатная! Ідэальна круглыя азёры акружаны ўзгоркамі».

«...Мы ідзём спаць на вышкі. Духмянае сена — замест пасцелі. За перагародкай рохкае свіння і пратэстуюць патурбаваныя куры. Усю ноч ты ўслых складаеш вершы. Строфы нараджаюцца адна за адной. Узнікаюць выявы... Як і ў самым пачатку, у школе, калі ў цябе яшчэ не было гітары, ты адбіваеш рытм рукой. У гэтую доўгую ноч нарадзіліся тэмы большасці тваіх песень ваеннага цыклу...»

З Літоўкі Высоцкі і Уладзі адправіліся ў Навагрудак. Там яны спыняліся ў мясцовым гатэлі — у адзіным на той час двухпакаёвым пакоі-«люксе» з ваннай, што меў нумар 320. Зараз ён пранумераваны як 325-ы і асаблівым попытам не карыстаецца, бо з'явіліся больш камфартабельныя. Аднак быў час, калі фанаты спецыяльна прыязджалі з іншых куткоў Беларусі, каб пабыць у тым жа месцы, дзе адпачываў іх любімы спявак.

img_7102

Гуляла славутая пара і па Замкавай гары... А ў кінатэатры «Зорка» адбылося неафіцыйнае выступленне Высоцкага. Дакументальнага пацвярджэння гэтага не захавалася, аднак навагрудчане памятаюць той канцэрт і часта распавядаюць пра яго.

Сквер, што будзе насіць імя Высоцкага, размяшчаецца ў Навагрудку на рагу вуліц Камсамольскай і Савецкай, побач знаходзіцца кафэ «Маладзёжнае». Зараз у скверы вядзецца добраўпарадкаванне: усталёўваюцца лаўкі, разбіваюцца клумбы, газоны, робяцца дарожкі.

Стварыць бюст артыста замовілі Генадзю Буралкіну. Праца ў скульптара ідзе да завяршэння: хутка будзе зроблена форма, з якой адальюць бронзавы бюст.

Буралкін распавёў пра асабістае стаўленне да гэтага артыста:

— Для мяне Высоцкі — незвычайная асоба, яго песні заўсёды даходзілі да сэрца. Некалі я думаў, што гэта дарослы мужчына, які прайшоў вайну, а аказалася, што гэта малады чалавек, які так пранікнёна выконваў песні. Пэўна, то быў спявак і акцёр ад Бога. Я памятаю, як ён выступаў у Акадэміі мастацтваў у Мінску, дзе я вучыўся. Ён гутарыў са студэнтамі, расказваў пра сваё жыццё, пра свае спектаклі, пра ўласныя погляды — што яму падабаецца, а што не, што б ён хацеў бачыць увогуле, — прыгадвае скульптар.

Генадзь Буралкін лічыць Высоцкага адным з найвыдатнейшых паэтаў і ставіць яго ў адзін шэраг з Яўгенам Еўтушэнкам, Робертам Раждзественскім. Таму зрабіць бюст артыста — для яго справа асаблівая. Скульптар прызнаўся, што зробіць яшчэ адну невялікую выяву барда і пакіне сабе на памяць у майстэрні.

— Запісы Высоцкага былі ў дэфіцыце, — прыгадвае Буралкін. — Я памятаю, як на рэнтгенаўскіх здымках былі запісаны яго песні, і іх мы набывалі на «чорным рынку».

Скульптар рабіў некалькі эскізаў бюста паэта. Спачатку гэта былі выявы без гітары, без рук. Аднак Буралкіну хацелася паказаць яго як барда, як паэта, што мае зносіны з залай, — гэта мастак і ўвасобіў у канчатковым варыянце.

Вышыня помніка будзе 2,40 метра, усталююць яго ў Навагрудку ўжо ў кастрычніку. Буралкін мяркуе:

— Я думаю, помнік там прыжывецца, такое добрае выбрана месца. Там моладзь і зараз збіраецца, спявае пад гітару. І помнік у скверы добра праглядаецца з розных бакоў. Кожны чалавек, што будзе праходзіць, паглядзіць, падумае, прыгадае вершы Высоцкага — і гэта таксама выдатна. Бо для горада важныя не толькі будынкі, але і яго духоўная культура.

Старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч распавёў, што ёсць думка праводзіць у скверы фестываль бардаўскай песні.

Новы сімвал з'явіцца ў Навагрудка, падкрэсліць яго статус надзвычай прывабнага для турыстаў горада. І сімвал цэлай эпохі — любімы народам паэт — таксама атрымае ўвасабленне. У навагрудскім скверы побач з бюстам паэта будуць збірацца не толькі аматары добрай паэзіі і гітарнай музыкі — там будзе нябачна лунаць прывід яскравага кахання Высоцкага і Уладзі, што некалі, можа, наяве хадзілі тут, узяўшыся за рукі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ