https://www.traditionrolex.com/8
<p>Як стала вядома, Павел Латушка змяняе пасаду міністра культуры на месца пасла ў Францыі. Бывай, ячшэ адна беларуская мара!</p>

Як стала вядома, Павел Латушка змяняе пасаду міністра культуры на месца пасла ў Францыі, павядамляе «Твой стыль».

Бывай, ячшэ адна беларуская мара!..

Увосень 2008 г., падчас усплеску лібералізацыі, які запомніўся памятным візітам кіраўніка МЗС Сяргея Мартынава ў Польшчу, Павел Латушка прысутнічаў на развітальнай сустрэчы «Калегіўма Еўропы Усходняй» ва Вроцлаве. Менавіта «развітальнай», бо Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў РП клікалі са зваротам у Мінск. У прыватных размовах гучалі даволі смелыя ноты: Павел Паўлавіч бачыў сябе калі не кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта, дык прынамсі ягоным намеснікам. На агульнапалітычным фоне ўсё гэта выглядала вельмі аптымістычна і, як падавалася, цалкам рэальна...

Рэаліі, аднак, аказаліся куды больш сціплымі: Латушка атрымаў партфель міністра культуры, што, канешне, таксама нямала. І тут пачынаецца самае цікавае: самы малады, а тым больш беларускамоўны міністр выклікаў фурор у «апазіцыйных» колах – упершыню лукашэнкаўскі чыноўнік раіў студэнтам вітацца з раніцы па-беларуску, абавязкова прачытаць апавяданне Быкава  «У тумане», скінуцца грашыма на вяртанне Статута ВКЛ...

 Інтэрнет выбухнуў фотаздымкамі: Латушка танцуе польку на народным свяце, Латушка ў смокінгу разам з прыгожай незнаёмкай, Латушка ў світары на канцэрце Кустурыцы ў Мінску... Маладая і энергічная асоба, якая, у адрозненні ад звыклых геронтаў а-ля КПСС, не забывалася на піар, спадабалася публіцы: «Вось – будучы прэзідэнт!», «...а разам з ім і першая ледзі», – падобныя каментары можна дагэтуль знайсці ў архівах сайтаў незалежных СМІ.

2

Праект «Латушка», а разам з тым і лібералізацыя, канчаткова перасталі быць актуальнымі ў снежні 2010 г. Шлях рэформаў і паступовага прывядзення да ўлады каманды «маладых менеджэраў», прымальных для Еўропы, як гэта адбылося за часамі рэжыма генерала Франка ў Іспаніі, не атрымаў жыцця.

Адкінуўшы на хвіліну вялікую палітыку ў бок, паглядзім, што зрабіў, альбо хутчэй не зрабіў, міністр культуры на сваёй пасадзе, якую займаў з чэрвеня 2009 г. Абяцанняў было ад пачатку багата:

 - усталяваць помнік Багдановічу ў Гродне (меўся паўстаць у 2011 г. да 120-годдзя з дня нараджэння паэта)

- зняць фільм паводле рамана Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»

- усталяваць серыю білбордаў з цытатамі Караткевіча таксама да юбілею: 80 год з дня нараджэння...

Спіс няпоўны, бадай толькі тое, што прыйшло на памяць. Абяцанне змяніць канцэпцыю «Славянскага базара», якое прагучала ў інтэрв'ю «Звяздзе» праз 4 месяцы пасля прыходу на пасаду, пачварным чынам перакруцілася ў цынічнае ўзнагароджанне Філіпа Кіркорава ордэнам Скарыны з рук міністра «за значны ўклад ва ўмацаванне беларуска-расійскіх культурных сувязяў і ...высокае выканаўчае майстэрства».

3

«Перспектыўны пераемнік» аказаўся блазнам, якому прэзідэнт, нібыта Сталін на сваёй загараднай дачы напрыканцы 40-х, можа сказаць падчас пасяджэння з усмешкай: «Паша, а ну-ка скажы нам чё-небудь по-белорусски!?»

Што мы маем у выніку? Чарговая беларуская мара аб тым, што «ўсё неяк само абыйдзецца», што «і пры ўладзе можна рабіць сваю справу», лопнула, нібыта мыльная бурбалка. Менш ілюзій – болей здаровага сэнсу.

І яшчэ адзін момант: каб знішчыць беларускага чыноўніка, не варта купляць выбухоўку ды адсочваць ягоныя шляхі перасоўвання – варта ўсяго толькі змясціць пару пазітыўных рэпартажаў аб ім у незалежных СМІ, напісаць з дзясятак хвалебных каментарыяў, назваць яго «будучым прэзідэнтам» і «еўрапейскім палітыкам»... Карацей, узяць у свае абдымкі як мага шчыльней, каб не заставалася сумненняў у вашым шчырым сяброўстве.

І тады ўсё атрымаецца!

Алесь Кіркевіч

https://www.traditionrolex.com/8