<p>Мы гатовыя адкрыць для беларусаў амерыканскі вопыт і іншыя міжнародныя прасунутыя практыкі</p>

5 верасня ў Беларусі стартаваў праект «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё», які рэалізуе Праграма развіцьця ААН. Асноўная мэта праекта — стымуляванне прадпрымальніцтва ў сферы агра- і экатурызму ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Фінансуе праект Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці, якое гатова выдаткаваць амаль 2 мільёны долараў на развіццё эка- і агратурызму ў заходніх рэгіёнах краіны, паведамляе радыё «Свабода».

Адкрыў прэзэнтацыю кіраўнік Праграмы развіцьця ААН у Рэспубліцы Беларусь Антоніюс Брук:

«Сёння мы рады афіцыйна даць старт праекту «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё». Гэта праект Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці. Ён будзе рэалізоўвацца Праграмай ААН і Міністэрствам спорту і турызму Беларусі».

Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч патлумачыў, чаму ЗША падтрымлівае і фінансуе гэты праект:

«Гэтая праграма дасць Беларусі магчымасць спрыяць мясцоваму эканамічнаму развіццю, пашырэнню дзелавых сувязяў беларускіх прадпрымальнікаў і прыцягненню замежных інвестыцый. Як і ўва ўсім свеце, ЗША імкнуцца садзейнічаць дэмакратычным і рынкавым пераўтварэнням у Беларусі. І мы выдзяляем амаль два мільёны долараў на прасоўванне ініцыятыў па развіцці прадпрымальніцтва, у прыватнасці, у сферы экатурызму ў заходніх рэгіёнах Беларусі».

Ітан Голдрыч расказаў, што на мінулым тыдні Беларусь наведаў адзін з вядучых амерыканскіх экспертаў па кансалтынгу ў галіне турызму і развіцця «зялёных маршрутаў» Чак Флінк. Ён пераканаўся, што Беларусь валодае прыроднымі рэсурсамі ўсясветнага ўзроўню, якія можна паказаць свету.

Дырэктар дэпартамэнта турызму Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін расказаў, што агра- і экатурызм у Беларусі дынамічна развіваецца: у 2006 годзе ў краіне было 34 суб’екты, у 2011-м — больш за 1500. Але на 97% — гэта прыватны бізнес, яго вядуць звычайныя сельскія жыхары, якім не хапае вопыту, ведаў, тэхналогій:

«Гэты праект — сур’ёзная дапамога міністэрству ў тым, каб навучыць гаспадароў нашых аграсядзіб добра планаваць і арганізоўваць свой бізнес».

ЗША маюць амаль 40-гадовы вопыт развіцця эка- і агратурызму, і таму амерыканцы гатовыя ім падзяліцца, запэўніў Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч: «Мы гатовыя адкрыць для беларусаў амерыканскі вопыт і іншыя міжнародныя прасунутыя практыкі. Мы заахвочваем партнёрства на мясцовым і міжнародным узроўні, а таксама партнёрства дзяржаўнага і прыватнага сектараў».

Кіраўнік праграм Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) Джон Рыардан падкрэсліў, што рэалізацыя гэтага праекту паспрыяе стварэнню новых працоўных месцаў, ажыўленню эканомікі рэгіёнаў, стварэнню дадатковых крыніц прыбытку.

«Падтрымліваючы развіццё малога прадпрымальніцтва ў такім кірунку, як агра- і экатурызм, праект будзе садзейнічаць актывізацыі транспамежнага дзелавога супрацоўніцтва, турызму і абмену ідэямі».

Кіраўніца праекта з боку Беларусі Марына Бараўко расказала:

«У межах праекту будзе распрацавана 16 стратэгій развіцця экатурызму. Пілотныя тэрыторыі будуць выбраны на конкурснай аснове. Будуць падрыхтаваны 14 спецыялістаў-кансультантаў, якія правядуць 40 трэнінгаў для 300 прадстаўнікоў малога бізнесу ў сфэры эка- і агратурызму».

Будзе адабрана 32 заяўкі, і ў выніку дзве ініцыятывы атрымаюць па 30 000 долараў, а яшчэ трыццаць — па 15 000».

На пытанне Радыё «Свабода», ці наведвалі замежныя спонсары аграсядзібы ў Беларусі, кіраўнік праграм Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці ў Рэспубліцы Беларусь Джон Рыардан адказаў, што наведаў не адну аграсядзібу і што ў яго толькі самыя станоўчыя, яркія ўражанні ад беларускай гасціннасці. Кіраўнік прадстаўніцтва ААН у Беларусі Антоніюс Брук таксама наведваў шмат якія рэгіёны — Полацк, Слуцк, Гомель, — і яму вельмі спадабалася.
На мінулым тыдні новы Часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Ітан Голдрыч, які нядаўна толькі прыехаў у краіну, зрабіў першую паездку па Беларусі — наведаў Нясвіж. Ён кажа, што патэнцыял для развіцця агратурызму ў Беларусі ёсць, і спадзяецца, што гэты праект будзе рэалізаваны.
Іна Студзінская