https://www.traditionrolex.com/8
<p align="justify">Да турыстычнага буму гораду над Нёманам яшчэ далёка, але і тое, што да яго неабыякавыя жыхары іншых рэгіёнаў нашай краіны, госці з-за мяжы — таксама відавочна. Прыязджаюць і ў складзе арганізаванай тургрупы, і ўласным транспартам, альбо, напрыклад, цягніком з беларускай сталіцы, каб паблукаць дзянёк па старажытным горадзе, убачыць яго гістарычныя помнікі,  «фішкі», а ўвечары накіравацца дахаты. Цікава, што яны возьмуць з сабой, акрамя тых ці іншых уражанняў?<strong> </strong></p>

Да турыстычнага буму гораду над Нёманам яшчэ далёка, але і тое, што да яго неабыякавыя жыхары іншых рэгіёнаў нашай краіны, госці з-за мяжы — таксама відавочна. Прыязджаюць і ў складзе арганізаванай тургрупы, і ўласным транспартам, альбо, напрыклад, цягніком з беларускай сталіцы, каб паблукаць дзянёк па старажытным горадзе, убачыць яго гістарычныя помнікі,  «фішкі», а ўвечары накіравацца дахаты. Цікава, што яны возьмуць з сабой, акрамя тых ці іншых уражанняў?

Карэспандэнт «Звязды» пацікавіўся, якія сувеніры прапануюцца ў Гродне.

У гэтае, так бы мовіць, падарожжа па сувеніры накіроўваюся ад чыгуначнага вакзала. Менавіта адсюль для многіх гасцей, якія прыбылі «сваім ходам», пачынаецца турызм. Куды ж ім накіраваць свае зацікаўленыя вочы, як знайсці дарогу да тых ці іншых аб'ектаў, не пытаючы ў мясцовых жыхароў, ад якіх зусім неабавязкова можна дачакацца дакладнага адказу? Непасрэдна ў памяшканні вакзала сёння адпаведнай падтрымкі турысту не атрымаць, паколькі працягваецца рэканструкцыя будынка. А вось прывакзальная плошча ўжо амаль прыведзена ў парадак. Хочацца пажадаць, каб неўзабаве тут знайшлося месца не толькі для таксістаў, але і для турыстычнай інфармацыі. У прыватнасці, для вялікай карты, якая б дапамагла турыстам з'арыентавацца ў падарожжы па горадзе. Вельмі дарэчы будзе і рэклама сувеніраў, якія прапануюцца ў Гродне.

Зрэшты, і цяпер можна падарожнічаць з турыстычнай картай, якая прадаецца ў прывакзальным кіёску. А па больш падрабязныя звесткі варта звярнуцца ў турысцка-інфармацыйны цэнтр на вуліцы Ажэшкі, літаральна побач з чыгуначным вакзалам. Тут ёсць шмат пазнавальных матэрыялаў, прычым не толькі тых, што датычацца Гродна. Вандроўніку можна, напрыклад, скарыстацца вельмі змястоўным даведнікам па беларуска-польскім памежжы, а таксама турыстычнай картай «Гродзеншчына і Сувальшчына» з маршрутамі па Аўгустоўскім канале.

Па суседству з турысцка-інфармацыйным цэнтрам, у кніжнай краме да ўвагі ўсіх зацікаўленых — кнігі, даведнікі, паштоўкі, магніты з гродзенскай тэматыкай. А побач, у Музеі гісторыі Гарадніцы не толькі ладзяцца выставы майстроў народнай творчасці, але і можна набыць іх сувеніры — вырабы з саломкі, вышыўку, карціны, тыя ж магніты... Зноў жа — мясцовых аўтараў, з беларускім каларытам.

Шчыра кажучы, пакуль не ўзяўся за гэтую тэму, то і не ведаў, як Гродна прадстаўлены на сувенірным рынку. Аказалася, што годна. Выбар пакуль не такі шырокі, як у даўно вядомых у свеце турыстычных мясцінах, але жаданне знайсці сваю «нішу» ў гэтай сферы адчуваецца. Асабліва ў гандлёвым доме «Нёман» у гістарычным цэнтры горада. Сувеніры, якія вырабляюцца не толькі прадпрыемствамі, але і асобнымі майстрамі, знаходзяцца там у адной секцыі з даволі сур'ёзным «канкурэнтам» — парфумай. Хто каго? Загадчыца секцыі Лілія Рачкоўская кажа, што сувенірныя вырабы карыстаюцца вельмі добрым попытам у пакупнікоў і, бывае, даюць да 70 працэнтаў дзённай выручкі, асабліва калі прыходзіць па пакупкі група расіян з турыстычнага аўтобуса.

Перад гасцямі сапраўды не сорамна: выбар, можа, і не на любы густ, аднак вельмі разнастайны. Сувенірныя шкатулкі, талеркі, фігуркі, падстаўкі пад гарачае, бірулькі для ключоў... З беларускімі і, у прыватнасці, гродзенскімі выявамі, аказваецца, могуць быць не толькі вымпелы, магніты, саламяныя кошыкі ці хлебніцы, не толькі вырабы са шкла (келіхі, піўныя куфлі, попельніцы...), але і нават... візітоўніцы. Альбо сувенірныя наборы «зайчыкаў», як калісьці называліся беларускія грошы. Пры гэтым, зазначае Лілія Рачкоўская, некаторыя турысты купляюць, так бы мовіць, мэтанакіравана: хтосьці калекцыянуе, напрыклад, лялькі, іншы — кубкі. А значыць, у прапанове сувеніраў трэба ўлічваць і гэта.

Фантазіі аўтараў сувенірнай прадукцыі, калі ёсць творчы падыход, сапраўды няма межаў. Ды і чаму б не быць такому жаданню, калі на гэтыя рэчы ёсць попыт і магчымы паспяховы бізнес?

Цікаўлюся ў Ліліі Рачкоўскай, дзе яшчэ можна атаварыцца сувенірнымі вырабамі. Яна называе дзве крамы непадалёк — пабываў і там. Выбар сувеніраў не такі вялікі, як у вышэйзгаданым гандлёвым прадпрыемстве, але таксама ёсць чым зацікавіць турыстаў. Ды і, вядома, саміх жыхароў, бо не кітайскія ж рэчы браць, напрыклад, у якасці падарункаў, выязджаючы ў замежжа ці іншыя рэгіёны Беларусі.

Пры гэтым відавочна, што на прылаўках прадстаўлена толькі невялікая частка той прадукцыі рамеснікаў, якая прапануецца падчас кірмашоў на тых ці іншых фестывалях і іншых святочных імпрэзах. «Гарады майстроў» у нас сапраўды выдатныя, нават з майстар-класамі ад прафесіяналаў ганчарнай ці кавальскай справы. Але заканчваецца свята — і дзе пераважная частка ўсяго гэтага? Чакаць наступнага кірмаша?

Вось меркаванне вядомага бондара з вёскі Зарыца Гродзенскага раёна, лаўрэата Нацыянальнай выставы народнага мастацтва «Жывыя крыніцы» Міхаіла Куксы:

— Кожнаму рамесніку паасобку, зразумела, не па сілах адкрыць уласную краму — наняць чалавека, каб прадаваў твае вырабы, плаціць за арэнду памяшкання. Таму мы вельмі зацікаўлены ў партнёрстве з гандлёвымі прадпрыемствамі, нават у атрыманні ад іх заказаў на тую ці іншую прадукцыю, якая карыстаецца попытам. Акрамя таго, вельмі перспектыўным уяўляецца прыцягненне рамеснікаў у месцы масавага адпачынку не толькі на святы, а на пастаяннай аснове.

Безумоўна, гэта павінна рабіцца не на ўмовах платы за гандлёвае месца, як на рынку. Бо выгада можа быць не толькі рамеснікам, якія прапануюць наведвальнікам свае вырабы, ды яшчэ з майстар-класамі, але і разам з тым самому аб'екту. Такое супрацоўніцтва, дарэчы, ужо практыкуецца ў агратурыстычным комплексе «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы».

...Працягваючы падарожжа па гістарычным цэнтры Гродна, на вуліцы Замкавай звяртаю ўвагу на галерэю рамёстваў «Ткалля». Яе гаспадыня Яўгенія Станіна спецыялізуецца ў тэкстыльнай тэхніцы — на вырабах дэкаратыўных палотнаў з лямцу, шыцці з абрэзкаў:

— Гродзенцам і турыстам, асабліва дзецям, вельмі падабаецца сам працэс ткацтва вось на гэтых кроснах. Можна нават самому паўдзельнічаць.

— А ці купляюць вашы рэчы? Не дарагавата?

— Нядаўна я выткала чарговую запраўку, і цяпер кросны не ў рабочым стане — да наступнай запраўкі. Практычна ўсё, што наткана, прадаецца. А што датычыцца грошай... Аўтамабіль таксама нятанны, але ж практычна кожная гродзенская сям'я мае па машыне, а то і па дзве. Да таго ж тканыя рэчы павінны перадавацца з пакалення ў пакаленне і быць прадметам нацыянальнага гонару. Напрыклад, ніводнае нацыянальнае свята ў Японіі не абыходзіцца без кімано. А ці шмат у каго з нас ёсць вось такая тканая кашуля з беларускім арнаментам? Гэта, дарэчы, цудоўны падарунак таму, хто даражыць сваёй культурай і хоча, так бы мовіць, у прасторы і часе адчуваць сябе беларусам.

Вадзім, муж Яўгеніі, адраджае традыцыйнае для Беларусі ў ХІХ стагоддзі рамяство — вырабляе дошкі-матрыцы для выпякання пячатаных пернікаў. Супрацоўнічаюць у галерэі і з іншымі рамеснікамі з Гродзеншчыны. У прыватнасці, тут прадстаўлены вырабы каваля Івана Перагінца, вышывальшчыцы Настассі Матусевіч, лялькі Вольгі Кудрашовай, чорнадымная кераміка ганчароў Марыі і Сяргея Худзяевых, плеценыя паясы Галіны Церцічнай, скураныя вырабы Вольгі і Сяргея Хомчыкаў... Вось ён, беларускі каларыт у самым розным увасабленні.

Барыс ПРАКОПЧЫК

https://www.traditionrolex.com/8