<p>Мястэчка Уселюб, што пад Навагрудкам, за часы савецкай улады зусім не страціла сваёй шляхетнай старадаўняй аўры. Заснаванае яшчэ пры Вітаўце, мястэчка належала Неміровічам, Радзівілам, Пацеям. Але пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай маёнтак перайшоў расійскаму роду графаў О’Руркаў ірландскага паходжання. Гэта той рэдкі выпадак, калі новых гаспадароў мястэчка язык не паварочваецца назваць каланізатарамі</p>

Мястэчка Уселюб, што пад Навагрудкам, за часы савецкай улады зусім не страціла сваёй шляхетнай старадаўняй аўры. Заснаванае яшчэ пры Вітаўце, мястэчка належала Неміровічам, Радзівілам, Пацеям. Але пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай маёнтак перайшоў расійскаму роду графаў О’Руркаў ірландскага паходжання. Гэтай той рэдкі выпадак, калі новых гаспадароў мястэчка язык не паварочваецца назваць каланізатарамі. Бо пры графу Марыяну-Карлу О’Рурку Уселюб стаў адным з асяродкаў галандскага сыраварства на Навагрудчыне. Пры О’Рурках мястэчка дасягнула эканамічнага росквіту. Тут былі дзве царквы, дзве капліцы, касцёл, сінагога, не лічачы крамаў і заезных двароў. Генерал кавалерыі Ёсіф О’Рурк стаў адным з герояў вайны 1812 года. Сёння пра слаўную мінуўшчыну нагадваюць былы пейзажны парк з маляўнічай сажалкай, велічны барочны касцёл ды загібы старажытнай вулічнай планіроўкі, паведамляе Радыё «Свабода».

2

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа

У маскоўскім навукоўцу Алегу Іпалітавічу Арурку, стрыечным унучатым пляменніку апошняга ўладальніка маёнтку, высакародныя шляхецкія рысы заўважаюцца адразу. Грэчаскі профіль, высокі лоб, блакітныя вочы – людзі з такой знешнасцю гралі ў савецкім кіно белагвардзейскіх афіцэраў. Спадар Алег зацікавіўся гісторыяй свайго роду ў 2001 годзе, калі нарадзіўся сын. Гэтае зацікаўленне і прывяло масквіча ў радавое гняздо на Беларусь. У той час у былой сядзібе дзейнічала бальніца, што ўзрадавала шляхетнага нашчадка. Засмуціла карціна радавой грабніцы.

3

— Хваляванне, натуральна, ахапіла. Бо гэта матэрыяльнае сведчанне знаходжання прадстаўнікоў нашага роду на гэтай зямлі. Яно захавалася. Сядзібны дом, усыпальніца. Я ў яе спусціўся, тым была поўная разруха. Аскепкі пліт, цэгла, парэшткі, косткі. Усё было перамяшана. Шок быў вельмі моцны, калі я гэта ўсё ўбачыў. Я зразумеў, што так гэта пакідаць нельга, што ў першую чаргу займуся аднаўленнем гэтай усыпальніцы. Бо, акрамя мяне, тут проста фізічна заняцца няма каму.

Старая ўселюбка Валянціна Галінеўская жыве каля самага парку. Дзіўна, што яна ў свой час не з'ехала за Буг. Зрэшты, у яе асобе мы можам пачуць голас той міжваеннай Польшчы. Унікальная цётка!

4

— То цяпер перайменавалі ў вёску, у дзярэўню. Бальшавікі гэтыя дурныя. А то было мястэчка Уселюб! Я не ведаю, як каму, а нам было пры Польшчы добра. Тата шмат зарабляў. Рабіў… Як то поведзець… Як то по-рускі… Працовал для людзі. Рабіў грабы. І камоды, і шафы, і ложкі.

— Ці ёсць з кім па-польску вам паразмаўляць?

— Старэ мясцовцэ змарлі! То Рос’я! То вшыстко Рос’я! По-рускі размаўляюць мае сыны! А мне то не нравіцца. Не люблю!

— Беларусы павінны размаўляць па-беларуску.

— А я не умем! Я ненавідзэн тэго разговора! То не файно!

А вось іншая ўселюбская старая, мілавідная Ірэна Грэйба добра памятае і апошняга графа, і пачатак новага парадку, і як рабавалі грабніцу.

5
(Ірэна злева)

— Хто сюды ні прыедзе, як паселіцца, то яго і шуфлем ня выцягнеш.

— А чаму?

— Бо Уселюб. Усе яго любяць.

— А сённяшні Уселюб падобны да Уселюба даваеннага?

— Трошкі. Хаты паразвальваліся. Убіраць не ўбіраюць. А домікі ставяць недзе ў палях. Тут ужо даўнейшых уселюбскіх лічаныя чалавечкі засталіся. Ужо ўсе чужыя. Гэты пан О’Рурк, як мы з мамай ідзем у касцёл, звычайна праз парк ідземо. Там такая прыгажосць. Дарожкі пасыпаныя пясочкам, півоні ўздоўж дарожак пасаджаныя. Ніхто кветачкі не зачэпіць. А пан О’Рурк сядзіць у вакне і любуецца дзеткамі. У яго дзяцей сваіх не было. А як прыйшлі бальшавікі, яго вывезлі. Тады вывозілі на Сібір.

— А многа людзей тады павывозілі?

— О, калі ўбачаць, што два вуллі стаіць, то, значыцца, ужо ты кулак. І на Сібір. У вас кальцо ёсць на руцэ ці не? Калі б убачылі, што ў вас кальцо, то з пальцам адарвалі б. Кальцо, гадзіннік. Калі ідзе стары з кульбачкай добраю, кульбачку вырвуць.

— А сходы збіралі?

— Абяцалі ўсё на свеце. Царства нябеснае абяцалі. Пасля вайны гэту капліцу, тут былі панаязджаўшы ўсякія з Расіі, яны гэтую капліцу адкрылі, падаставалі гэтыя труны.

— Гэта рабілі не ўселюбскія людзі?

— Прыезджыя. Шыльды, дзе хто пахаваны, пазрывалі. Павыцягвалі труны. Мы сабраліся цэлай капэлаю, дзяўчаты, хлопцы. Пойдзем паглядзім, што там нарабілі. Як вусцішна было! Адну графіню дасталі. Труну паставілі. Там толькі шкілет быў. Валасы, усё. Ну хіба не здзек? Шукалі золата.

6

Алег Арурк прапаноўваў мясцовым уладам цікавы бізнес-план па адраджэнні маёнтку. Бальніцу ў сярэдзіне нулявых закрылі. Будынак стаяў без аховы, пакінуты вятрам і алкаголікам. Нашчадак графа прапаноўваў уладкаваць яго пад сельскі гатэль і музей роду. Ён быў гатовы ўдзельнічаць і фінансава, і арганізацыйна. Але раённыя ўлады выставілі дом на аўкцыён. Пачатковы кошт — паўмільёна рублёў. Чаму адразу не мільярд? Ахвочых, вядома, не знайшлося. Затым быў абвал рубля. А ў маі сёлета дом згарэў. Якраз у чарговы прыезд Алега Арурка.

7

— Я разумею, што паходамі ва ўладу і сваімі прапановамі лішняе раздражненне ўносіў. Маўляў, «вось ездзіць тут, нешта хоча, а грошай не дае!» Вядома, хацелася б яго аднавіць. Таму што пакідаць у такім выглядзе, пакуль яно не згіне і не абрынецца, шкада. Гэта ж прыродны парк, ландшафтны. Трэба вырашаць комплексна. Шукаць інвестара, аднаўляць парк.

Вядома, падпал звалілі на дзятву. Але стары Эдуард, што жыве непадалёк ад парку, у гэта не верыць.

8

— Каб раней вы прыехалі, дом графскі пабачылі б. Спалілі.

— І хто спаліў, невядома.

— А, божа! Кідалі на дзяцей. Але каб дзеці палілі, палілі б паперу. А там дровы бярозавыя. З мэтай было зроблена!

— З мэтай?

— Вядома, з мэтай. Былі прыехаўшы продкі. Там дровы бярозавыя. Нехта паліў, каб угарэлася.

— Там засталіся сляды ад гэтых дроў?

— Былі сляды.

— А вы іх бачылі?

— А яно мне трэба? Палац панскі. Спытаюць, чаго ты тут ходзіш?

9

Колькі сядзіб аддаецца ў Беларусі за адну базавую велічыню? Чаму была адкінутая працягнутая рука? Прычым чалавека невыпадковага? Але кропку ў гэтай гісторыі ставіць рана. Бо засталіся падмуркі. Яшчэ не ўсю кафлю садралі са старых печаў. Парадкаваннем і ўселюбскіх могілак, і графскай капліцы-пахавальні зараз займаюцца валанцёры клубу «Гісторыка». Слова – актывістцы клубу Таццяне Міхайлоўскай.

— Ёсць некалькі людзей, каму ёсць справа да спадчыны. Калі ёсць справа хаця б некалькім людзям, справа гэтая не памрэ. Яна будзе жыць. Гэтая тэма будзе падымацца нейкім чынам. Думацца, рабіцца нешта будзе. Калі казаць напраўду, раней хацелася парадкаваць усе могілкі. І тут цікава. І тут помнікі. Але зараз прыходзіць разуменне, што некаторыя справы трэба ўмець адпускаць. Трэба даць некаторым рэчам памерці. Каб нараджалася нешта новае.

1

Зміцер Бартосік