https://www.traditionrolex.com/8
<p>У Мінску пачалі прадаваць сувеніры, якія можна купляць і дарыць, не чырванеючы. Клёвыя ідэі, густоўны дызайн і арыгінальны погляд на еўрапейскую сталіцу</p>

У Мінску пачалі прадаваць сувеніры, якія можна купляць і дарыць, не чырванеючы. Клёвыя ідэі, густоўны дызайн і арыгінальны погляд на еўрапейскую сталіцу.

Нават эксперты ў захапленні – Citydog.by таму сведкам.

***

«Каляровы парасон»

У сувенірны бізнес Сяржук Васілеўскі прыйшоў з «Мінскпраекта».

«Каляровы парасон»  –  сямейная фірма, дзе ён – дырэктар, ягоная жонка Вольга – бухгалтар, а «бацька праекту» і арт-дырэктар – дзядзька Валянцін Сокал. Нават дакументацыю ў «Парасоне» вядуць на белмове.

1

Сам Сяржук не мастак: «На мне ідэйна-палітычны складнік, а дызайн прыдумваюць прафесійныя дызайнеры, з якімі мы супрацоўнічаем». Сапраўды, па сувенірах відаць, што ў кожнага – свой почырк. Вытворчасць магнітаў «Парасон» замаўляе ў Кітаі; кубкі – made in Belarus.

2

Сяржук кажа, што самы папулярны сувенір – гэта магніт на халадзільнік: «Ён кампактны, танны, нясе пэўную інфармацыю пра краіну, пра Мінск». Але самай складанай у новай справе сталася лагістыка: «У крамах старыя савецкія сувеніры і савецкага веку цётухны мне казалі: «Вы што, хто ж гэта купіць? А кубак? Вузкі! Яго ж памыць нельга!».

На арганізацыю дыстрыбуцыі сувеніраў Сяржуку спатрэбілася два гады. Зараз магніцікі і кубкі Парасона можна сустрэць у буйных крамах, на вакзале, у Траецкім прадмесці. Але расслабіцца няма як: «Як толькі адпусціш, адразу ж усё дранцвее».

Студыя «Адліга»

Студыя «Адліга» добра вядомая сваім крэатывам. Праўда, з выявамі Мінска прадуктаў няшмат: малявальнік «На катку» і дзве цішоткі – «Чыста па-мінску» і «New Minsk».

«Мы не дакументалісты, – гаворыць кіраўнік студыі Анатоль Лазар. – Гэта наша творчая рэакцыя на сацыяльную з’яву. Некаторыя кажуць, што мы жорстка абышліся с гербам Мінска. Але хто палічыў колькасць дворнікаў на квадратны метр горада, якія забяспечваюць нашу славутую чысціню?».

3

 Свой крэатыў студыя дасылае тым, хто падзяляе іх уласны погляд на з’яву. «Чым вастрэйшы крэатыў, тым больш шанцаў нарвацца на вострую рэакцыю», – тлумачыць Анатоль. Таму таргет-група «Адлігі» – не турысты-замежнікі, а тыя, хто «разумее».

4Найбольш папулярнай сярод сувеніркі «Адлігі» апынулася цішотка «404 Belarus not found» – яе замаўляюць нават немцы. «Пакуль мы не будзем смяяцца з сябе, з нас будуць смяяцца іншыя, а мы будзем хадзіць з панурым выглядам», – заключыў Анатоль.

Зараз для дызайнераў галаўны боль – абмежаваныя магчымасці мясцовых друкарняў. «Многія ідэі друкары проста не могуць перанесці на тэкстыль. Таму няма ў сувенірах мінімалізму, няма шрыфт-дызайну, няма адмысловай падрыхтоўкі тканіны для друку, няма вытанчаных фарбаў», – скардзіцца Лазар.

Студыя «Ліхтар»

Студыя з’явілася гэтым летам. Падчас сваіх вандровак трое сяброў заўважылі, што ў падарункі пра Мінск хацелася б прывозіць не толькі ўласна сувеніры (чытай, пылазборнікі), а нешта прыгожае і карыснае. З думкі «Блін, няма чаго набыць, можа, самі зробім?» нарадзіўся бізнес.

«Для нас істотна, каб нашымі сувенірамі можна было карыстацца, а таксама каб гэта было пра сучасны Мінск», – расказвае Iрына Злобіна (злева), у «Ліхтары» яна адказвае за арганізацыйныя пытанні. Побач Кася, якая і займаецца ўласна дызайнам.

5

У Мінска няма аднаго агульнапрызнанага сімвалу, таму «Ліхтар» перш-наперш выпусціў серыю Cityscape: магніты, паштоўкі, нататнікі і торбачкі з пазнавальнымі выявамі вядомых будынкаў горада.

«Турыст бачыў Чырвоны касцёл – спадабалася – набыў магніцік. Потым – нацыяналку, за ёй – вакзальныя вежы. Так у яго на халадзільніку склаўся вобраз Мiнска», – гаворыць Iрына.

6

«Лiхтар» плануе пашырыць свой асартымент сувенiрамi iншых тэматычных серый, а таксама зрабiць тыя дробязi, якiх ўвогуле катастрафiчна не хапае турысту, – малыя бутэлечкi для вадкасцяў, бiркi для багажу і да т. п.

«Зараз мы не ставiм сваёй галоўнай мэтай атрымаць прыбытак. Але цвёрда ведаем, што з гэтага мае вырасцi. Мы марым пра турыстычную краму, куды турыст можа звярнуцца па парады пра экскурсii, бясплатна атрымаць карту Мiнска, пачаставацца кавай, набыць магнiт і шчаслiвы шпацыраваць па вулiцах».

Мінск на далоні 

Мы папрасілі экспертаў паглядзець на новыя мінскія сувеніры і падзяліцца думкай, чым гэтыя сувеніры спадабаюцца ці не спадабаюцца турысту. 

Таццяна Кавалевiч,  дырэктар Цэнтра дзелавого развiцця, PR-кансультант

7

– Магнiты «Ліхтара» – вельмi добрая iдэя, падабаецца. Але, на маю думку, у сувенiры абавязкова мусіць быць эмоцыя. Таму тут як дызайнерская iдэя – выдатна, але сам малюнак атрымаўся трохi праставатым. Калi прывозiш з падарожжаў магнiты с якаснымi краявiдамі, такi сувенiр не толькi памяць, але i моцная эмоцыя.

З гэтага ж пункту гледжання, паштоўкi мне ўвогуле не спадабалiся. Нататнiкi шыкоўныя, праўда. Торбы – выдатны сувенiр для аматараў такiх рэчаў.

Сувеніры ад «Адлiгi» – для тых, хто адпаведна ўспрыме жарты. Астатнiя цi не дагоняць, цi не будуць рызыкаваць з такiм падарункам.

Кубкi i магнiты «Каляровага парасона»

Сувенiрныя кубкі заўсёды да месца, iмi ўсе карыстаюцца – у «Каляровага парасона» бяспройгрышны варыянт. Як і магнiты, якія заўжды на выстрынi моды. У «Парасона» якраз эмацыйныя магнiцiкi, яны запамiнаюцца.

Падкрэслю, что канкурэнцыя менавiта ў сегменце магнiтаў вельмi вострая. Таму студыям трэба прыдумляць нейкiя новыя фiшкi, каб аб’яднаць эмоцыю i функцыянал.

 Дарэчы, зусiм «голы» сегмент – сувенiры для VIPаў. У лагiстаў увесь час паўстае вялiзнае пытанне: што купiць, дзе купiць… Госцi едуць, а акрамя класiчных альбомаў, зуброў i саламяных лялек i падарыць няма чаго...

***

Ганна Кляшчэўнiк,  загадчык аддзела рэкламы i маркетынгу «ЦэнтрКурорт» (афiцыйны тураператар чэмпiянату свету па хакеі ў Мінску)

8

 – Магнiты «Каляровы парасон» нам вельмi спадабалiся, такое нестандартнае рашэнне па графiцы. Спадабалася, што яны гумарыстычныя па стылі, падабаецца, што яны гумовыя. Каб спатрэбiлася, мы б дакладна замовілі.

«Лiхтар» – класiка вобразаў, зроблена акуратна, з улiкам густаў масавай аўдыторыi. Мабыць, мы абралi б гэтую студыю для замовы сувенiраў, бо нам спадабалiся нататнiкi, торбы, магнiты. Паштоўкi выглядаюць менш цiкава – магчыма, ад паштовак чакаеш большага.

У «Адлiгi» ўсе працы цiкавыя i з агеньчыкам. Але ў iх ёсць такiя моманты, якiя будуць зразумелыя толькi турыстам з былога СССР, а замежнiкам – не.

З іншага боку, цiшотка «Чыста по-мiнску» – свежая, нестандартная iдэя. Калi б зрабiць подпiс па-англiйску, то i англамоўная маладзёжная аўдыторыя ўсё зразумее.

Нашае агульнае пажаданне студыям і вытворцам сувенiркi – рабiце прыгожыя i функцыянальныя рэчы. I больш пазiтыву!

Ми_О

Фота: Рыгор Ступніцкі, Ягор Гарай, www.aaaooo.by.

https://www.traditionrolex.com/8